28.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Лідскага раёна 19 чэрвеня за "знявагу вайскоўца" да двух гадоў калоніі і 100 базавых штрафу асудзілі 29-гадовага жыхара Пружан Сяргея Кемежа, які адбываў тэрмін на "хіміі". Яго судзілі паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэксу (знявага прадстаўніка ўлады). Такі прысуд вынес Ігар Кашко па прапанове пракурора Мікіты Мысліўца.

Паводле версіі абвінавачвання, у снежні 2021 года Сяргей Кемеж "пасля чытання інфармацыі, якая публікуецца ў дэструктыўных групах сацыяльнай сеткі "Вконтакте", размясціў у дачыненні да камандзіра адной з вайсковых частак абразлівы каментар".Сцвярджаецца, што ён быў зарэгістраваны пад несапраўдным імя і выкарыстоўваў VPN, але яго ўсё роўна ідэнтыфікавалі.

Жыхара Прыжан Сяргея Кемежа ўжо судзілі ў верасні 2021 года за тое, што 25 студзеня 2021 года ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте" пад навінай пра прысуд за абразу камандзіра АМАП ГУУС Мінгарвыканкама, напісаў абразлівы каментар пра гэтага міліцыянта. Справа разглядалася ў судзе Пружанскага раёна ў верасні 2021 года паводле арт. 369, ч.1 арт. 208 КК. Суддзя Вадзім Мазоль прызначыў яму два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову ("хімія"), а таксама пакрыць 3000 рублёў маральнай шкоды. Таксама Сяргея абвінавацілі вымагальніцтва з жонкі былога аднагрупніка, за гэта таксама прысудзілі 2 гады "хіміі". Сумарна мужчыну асудзілі да 2 гадоў 6 месяцаў "хіміі".

У верасні 2022 года Сяргея ўключылі ў "спіс экстрэмістаў" з паметкай, што ён адбывае пакаранне. Сяргей Кемеж адбываў тэрмін на "хіміі".

22 чэрвеня Сяргею споўнілася 29 гадоў.

Падтрымайце вязня: Сяргей Вітальевіч Кемеж, турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1

Крыніца: За "знявагу вайскоўца" 2 гады калоніі прызначылі жыхару Пружан, які адбываў "хімію"