28.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні Павел Падабед. У Мінскім гарадскім судзе 28 чэрвеня пачнецца працэс над палітзняволеным журналістам, відэааператарам Паўлам Падабедам. За кратамі ён ужо больш за паўгода, яму інкрымінуюць “стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім” паводле ч. 3 арт. 364-1 Крымінальнага кодэкса.

Справу прызначаны разглядаць суддзя Яўген Пісарэвіч.

Паўла Падабеда затрымалі 20 студзеня 2023 года. У той дзень ён выправіўся на пошту, каб аплаціць “плацёжкі” за навучанне сына. Пасля было запланавана наведванне яшчэ аднаго адраса, але туды журналіст ужо не патрапіў — проста раптам перастаў выходзіць на сувязь. Сам факт арышту Павел Падабед пацвердзіў у тэлефанаванні сваякам — на той момант без удакладненняў, што канкрэтна яму інкрымінавалі. Паспеў толькі паведаміць, што ў кватэры адбыўся ператрус. 

Мужчыну ўтрымлівалі ў ІЧУ Мінскага раёна, абвінаваціўшы паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11 у распаўсюдзе (рэпосце) "экстрэмісцкіх матэрыялаў". 4 лютага скончыліся 15 сутак адміністрацыйнага арышту, якім пакаралі відэааператара. Але на волю ён так і не выйшаў. Яго перавялі ў СІЗА №1 Мінска і завялі крымінальную справу па артыкуле 361- 4 Крымінальнага кодэкса (спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці).

Акрамя таго, як удалося даведацца Беларускай асацыяцыі журналістаў, незадоўга да пачатку суда фрылансеру паспешна "прычапілі" эпізод наконт "карыслівых матываў" — атрыманне фінансавай выгады за выкананне працы (заданняў рэдакцыі).

Санкцыя за "стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім" прадугледжвае абмежаванне волі да 4 гадоў або накіраванне ў калонію на тэрмін ад 2 да 6 гадоў.

Крыніца: Пачынаецца суд над палітзняволеным журналістам Паўлам Падабедам