22.06.2023 Тэгі: праваабаронцы, заявы Заява беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый
20 чэрвеня 2023 года Менскі гарадскі суд прыгаварыў праваабаронцу Насту Лойку да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму ўтрымання. Судовы працэс быў зачынены для публiкi i дэталі працэса дагэтуль невядомыя. Суддзя Мінскага гарадскога суда Алена Шылько прызнала праваабаронцу вінаватай у «распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці» па частцы 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Гэтыя абвінавачанні заснаваныя на тым, што ў 2018 годзе Наста Лойка зрабіла ўнёсак у падрыхтоўку даклада аб правах чалавека, які датычыцца пераследу анархісцкай супольнасці ў Беларусі з боку дзяржавы. У гэтым дакладзе была дадзена праваабарончая ацэнка дзейнасці супрацоўні_ц праваахоўных органаў у Беларусі. Судовы працэс прайшоў хутка, прысуд быў абвешчаны падчас трэцяга пасяджэння суда.
Наста Лойка – вядомая беларуская праваабаронца, якая працуе ў сферы адукацыі ў галіне правоў чалавека. Яна таксама займаецца аналітыкай рэпрэсіўных «антыэкстрэмісцкіх» законаў і выступае за абарону правоў мігрант_ак і асобаў без грамадзянства ў Беларусі. Улетку 2021 года беларускія ўлады, у межах спланаванай атакі супраць грамадзянскай супольнасці ў краіне, ліквідавалі арганізацыю Human Constanta, у якой раней працавала Наста Лойка. Human Constanta прасоўвала грамадскія інтарэсы і сумесныя дзеянні ў адказ на сучасныя выклікі ў галіне правоў чалавека. У 2022 годзе Беларускі дом правоў чалавека назваў Насту Лойку праваабаронцай года.
Наста Лойка знаходзіцца пад вартай з 28 кастрычніка 2022 года. 31 кастрычніка 2022 года суд Першамайскага раёна горада Мінска (Беларусь) пакараў праваабаронцу Насту Лойку па абвінавачанні ў «дробным хуліганстве» па артыкуле 19.1 Кодэкса аб Адміністрацыйных Правапарушэннях да 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Потым улады чатыры разы запар падаўжалі тэрмін яе 15-дзённага арышту па абвінавачанні ў «дробным хуліганстве», пасля чаго праваабаронцу перавялі ў СІЗА.
Цягам 58 дзён утрымання пад вартай улады падвяргалі Насту Лойку катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню, адмаўлялі ёй у праве на атрыманне лекаў і цёплага адзення, а таксама на доступ да юрыдычнай дапамогі. У лістападзе 2022 года ў доме маці Насты Лойцы быў праведзены ператрус у мэтах ціску на праваабаронцу.
24 снежня 2022 года супрацоўнікі праваахоўных органаў Беларусі перавялі жанчыну-праваабаронцу Насту Лойку ў СІЗА №1 у Мінску. Спачатку пракурорка абвінаваціла праваабаронцу ў парушэнні двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці» па артыкуле 130, частцы 3 і «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, якія выявіліся ў відавочным непадпарадкаванні законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або дзеяннях, якія пацягнулі парушэнне працы грамадскага транспарту, прадпрыемстваў, установаў і арганізацыяў, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства» па артыкуле 342.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У выніку пракурорка толькі пацвердзіла парушэнне артыкула 130 часткі 3, адмовіўшыся ад другой часткі першапачатковага абвінавачання.
Разам з пераследам праваабаронцы, улады Беларусі таксама пераследвалі адвакатак-праваабаронцаў, якія выступалі ў якасці абаронцаў Насты Лойцы. У лістападзе 2022 года іншая жанчына-праваабаронца і адвакатка па правах чалавека, якая бараніла Насту Лойку, Таццяна Лішанкова, была затрыманая, а пасля ўлады пазбавілі яе ліцэнзіі на занятак юрыдычнай практыкай. У сакавіку 2023 года праваабаронца і адвакатка Інэса Аленская, якая выступала ў якасці абаронцы Насты Лойцы пасля Таццяны Лішанковай, не прайшла атэстацыю ў Кваліфікацыйнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі, што прывяло ў канчатковым выніку да пазбаўлення адвакаткі права на прафесію.
Ніжэйпадпісаныя арганізацыі лічаць такі пераслед праваабаронцаў, якія працуюць над абаронай Насты Лойцы, сістэмным парушэннем права праваабаронцаў на юрыдычную абарону і права адвакатак практыкаваць сваю прафесію.
Улады Беларусі арыштавалі праваабаронцу 6 верасня 2022 года каля будынку Мінскага гарадскога суда, калі яна прыйшла падтрымаць праваабаронцу Марыю Рабкову, якая ў той час была асуджаная на 15 гадоў пазбаўлення волі, і праваабаронцу Андрэя Чапюка. Улады прыгаварылі Насту Лойку да двух адміністрацыйных арыштаў па 15 сутак запар па абвінавачанні ў «дробным хуліганстве». Наста Лойка не змагла атрымаць ніякіх лекаў, цёплай вопраткі і прадметаў гігіены. Яна была часова вызвалена 6 кастрычніка 2022 года, але 28 кастрычніка 2022 года яе зноў затрымалі.
Ніжэйпадпісаныя арганізацыі асуджаюць прысуд Настцы Лойцы на 7 гадоў зняволення. Мы лічым, што яна стала мішэнню для пераследу за сваю мірную і законную праваабарончую дзейнасць. Мы асуджаем усе фізічныя і псіхалагічныя катаванні, якім падвяргалася Наста Лойка падчас знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання і ў папярэднім зняволенні. Прысуд Насты Лойцы адлюстроўвае сістэматычныя нападкі на беларускіх праваабаронцаў і грамадзянскую супольнасць з боку беларускіх уладаў. Мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення праваабаронцы Насты Лойцы.
Падпicанты:
ARTICLE 19 Europe
Netherlands Helsinki Committee
The Barys Zvozskau Belarusian Human Rights House
Belarusian Helsinki Committee
Belarusian Association of Journalists
International Federation for Human Rights (FIDH), within the framework of the Observatory for the Protection of Human Rights Defenders
Front Line Defenders
Human Constanta
Human Rights Centre Viasna
Human Rights Watch
Lawtrend
Legal Initiative (Belarus)
Office for the Rights of Persons with Disabilities
REDRESS
World Organisation Against Torture (OMCT), within the framework of the Observatory for the Protection of Human Rights Defenders
PEN Belarus
Крыніца: Улады Беларусі павінны неадкладна і безумоўна вызваліць праваабаронцу Насту Лойку