22.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Савецкага раёна Мінска 3 траўня адбыўся суд над спецыялісткай па падбору персаналу адной са сталічных кампаній Веранікай Сідарэнка. Яе абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін.
Па матэрыялах абвінавачання, Вераніка Сідарэнка прымала ўдзел у неснкцыянаваным масавым мерапрыемстве восенню 2020 года ў Мінску, пры гэтым “публічна выкрыквала лозунгі, здзяйсняла гучныя воплескі рукамі, ажыццявіла блакаванне руху транспарту з дапамогай перакрыцця праезнай часткі вуліц, перашкаджала нармальнай працы грамадскага транспарта, чым прычыніла шкоду "Мінсктрансу" на суму 9 481 рубель”.
Яе затрымалі вясной 2023 года і да суда змясцілі пад варту.
Вераніку, якая трымала у руках плакат бел-чырвона-белага колеру з надпісамі, ідэнтыфікавалі па фота на адным з сайтаў.
Яна прызнаная вінаватай і асуджаная да абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу на тэрмін два гады і шэсць месяцаў (“хатняя хімія”).