21.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, экстрэмізм Сёння, 21 чэрвеня, праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала жыхара Ліды Віталя Чарнавусава палітычным зняволеным. Доўгі час праваабаронцы не валодалі інфармацыяй аб падрабязнасцях крымінальнай справы Віталя.
32-гадовага Віталя Чарнавусава затрымалі 25 ліпеня 2022 года і прад'явілі абвінавачванне ў фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (па ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса). 8 снежня мінулага года Мінскі гарадскі суд асудзіў яго за данаты ў адзін з фондаў, які падтрымлівае ахвяраў палітычна матываваных рэпрэсій.
Суддзя Вера Галаўкова прызнала яго вінаватым і пакарала пазбаўленнем волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на пяць год. Апрача гэтага яму прысуджаны штраф у памеры 15 000 рублёў, што складае прыкладна 4 700 еўра.
Вядома таксама, што 31 сакавіка Віталь Чарнавусаў быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Крыніца: Віталь Чарнавусаў з Ліды за данаты ў фонд падтрымкі рэпрэсаваных асуджаны на пяць год калоніі