21.06.2023 Тэгі: культура, катаванні, рэпрэсіі, гісторыі вязняў 27-гадовы музыка Вячаслаў Аркатаў працаваў гукааператарам у Доме культуры Ленінскага раёна горада Бабруйска, але зімой гэтага года там здарыўся інцыдэнт, падчас якога кіроўца зламаў хлопцу руку. Пасля таго, як бабруйчанін не дамогся справядлівасці ў вырашэнні канфлікту, ён вырашыў звольніцца. Але ў дзень звальнення за Вячаславам прама ў ДК прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа — хлопец лічыць, што яго здаў дырэктар, каб замяць гэты інцыдэнт. Супраць бабруйчаніна распачалі крымінальную справу за рэгістрацыю ў чат-боце "Перамога". Вячаслаў, апынуўшыся ў бяспецы, распавёў "Вясне" пра данос і працу ў ДК, збіццё губазікаўцамі, "суткі" ў Бабруйскім ізалятары і сукамерніка-"утку" ў Магілёўскім ІЧУ, праблемы з псіхічным здароўем пасля затрыманняў і сны ў эміграцыі.

Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org
Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org

"Адчуў, што ў мяне хруснула запясце"

Вячаслаў Аркатаў распавядае, што інцыдэнт са зламанай рукой на працы стаў перадумовай для яго далейшага затрымання супрацоўнікамі ГУБАЗіКа:

"Уначы 8 студзеня я праводзіў апошні навагодні канцэрт. Кіроўца Мельнік Канстанцін Яўгенавіч сказаў несці апаратуру ў двор у машыну, узяў чамадан з усімі кабелямі, але з яго ўсё пасыпалася, хоць у такім стане мне яго перадаў папярэдні гукарэжысёр. Калі я прапанаваў спакойна ўсё вырашыць, то ён пачаў яшчэ больш агрэсаваць. З намі яшчэ былі дзве жанчыны з ДК, яны спыталі ў яго, чаму ён не пад'ехаў блізка да Леніна, каб было лягчэй загрузіць апаратуру, на гэта ён адказаў, што сёння выпіў і што яму не варта садзіцца за руль і наогул у яго выходны. Калі я пайшоў збіраць астатняе абсталяванне, то ён падышоў да мяне ўшчыльную, парушаючы маю асабістую прастору. Я адчуваў пах алкаголю і што ён настроены агрэсіўна. Я яго адштурхнуў ад сябе, каб ён трымаў дыстанцыю. Тады ён разбегся і ўдарыў мяне ў губу — я быў у шоку, таму што не чакаў. Пасля гэтага ён узяў мяне за руку і заламаў. У гэты момант я адчуў, што ў мяне хруснула запясце. Адразу напухла рука і з'явіўся кровападцёк. Я ўсё кінуў і выйшаў з гукааператарскай кабінкі. Ён мне ў след крычаў яшчэ розныя абразлівыя эпітэты... Я выключыў увесь свет на плошчы Леніна і пайшоў дадому. Па дарозе дадому я патэлефанаваў дырэктару Волкаву Аляксандру Анатольевічу, а ён мне адказаў толькі: "Ну так, сітуацыя непрыемная... А дзе апаратура?"

Вячаслаў, параіўшыся з сябрамі і блізкім, прыняў рашэнне звярнуцца ў міліцыю. Пра гэта ён вырашыў апавясціць свайго дырэктара:

"Я яму сказаў пра свае намеры, бо ён ніяк не вырашаў канфлікт. Ён казаў, што трэба маўчаць і трываць. А Канстанцін Яўгенавіч заўсёды ставіўся да мяне перадузята. Дырэктар трохі адгаворваў, спасылаючыся на тое, што міліцыя нічога не вырашыць..."

У гадзіну ночы Вячаслаў пайшоў у РАУС Ленінскага раёна Бабруйска:

"Я патэлефанаваў у дамафон, там у мяне пытаюцца: "Што здарылася?" Я кажу: "Бойка на працоўным месцы". Яны зноў пытаюцца: "Што канкрэтна здарылася?" Я паўтарыў і сказаў, што хачу пакінуць заяву. Тады яны сказалі: "Добра, заходзь". У мяне ў той час былі яшчэ доўгія валасы і пірсінг. Мне здаецца, што мая знешнасць прыцягнула іх увагу. Памятаю, калі прыходзіў міліцыянт, то сказаў нешта: "Глядзі, які дзяцел прыйшоў". Мне сказалі чакаць участковага. Каля гадзіны ночы прыйшоў міліцыянт, але я не думаю, што гэта быў участковы. Я аддаў заяву. Гэты міліцыянт быў не вельмі прафесійны ў сваёй справе: ён не ведаў, што запісваць, як скланяецца мужчынскае прозвішча. Гэта была такая фармальная працэдура".

Вячаслава накіравалі на судмедэкспертызу зняць пабоі. У траўмапункце яму паставілі дыягназ — пералом прамянёвай косткі левага запясця. Хлопцу паставілі лангету і сказалі насіць яе каля месяца. Увесь гэты час гукааператар быў на бальнічным.

"Ксеракопію дыягназу я перадаў у міліцыю. Таксама я патэлефанаваў дырэктару і сказаў, што падаў заяву на кіроўцу і буду скардзіцца на яго ў аддзел культуры выканкама. Чаму на дырэктара? Таму што ён не прымаў ніякіх мер па вырашэнні канфлікту, нягледзячы на тое, колькі разоў я звяртаўся да яго. Дырэктар на гэта толькі адказаў: "Ага, ну давай, працуй!".

"КДБшнікі казалі, як добра абараняюць краіну ад пагроз звонку"

Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org
Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org

У Вячаслава ўжо даўно былі набытыя квіткі ў Піцер да сяброў. Ён з'ездзіў да іх падчас бальнічнага.

"Гэта быў вельмі насычаны месяц. Хто працуе ў творчасці, той ведае, што гэта за час. Я шмат працаваў па-за працоўным графікам. Напрыклад, 22 снежня я вёў Новы год для супрацоўнікаў КДБ у гатэлі "Турыст" — мяне папрасіў дырэктар. Гэта быў велізарны банкет — я такога не бачыў ні ў каго: было каля 10 сталоў, жывая музыка. У мяне тады выбухнула галава проста ад таго, што яны там казалі. Яны жывуць паралельна ў іншай рэчаіснасці. КДБшнікі віншавалі адзін аднаго і казалі, якія яны малайцы і як добра абараняюць краіну ад пагроз звонку. Гэта было непрыемна слухаць і знаходзіцца там. Мяне як быццам палілі брудам. Было некамфортна, але праца ёсць праца. Тры разы яны прасілі выканаць ужывую песню Драздоў "Хата бацькоў". Гэта добра напісаная прыгожая песня, калі б не кантэкст таго, што адбываецца..."

Як распавядае Вячаслаў, падчас бальнічнага дырэктар ДК папрасіў агучыць мерапрыемства ў гонар усталявання помніка каля МНС герою Беларусі.

"Ён сказаў, што мне дапамогуць з апаратурай, бо ў мяне была лангета на зламанай руцэ. Я чалавек безадмоўны — пагадзіўся. Я прыехаў у ДК і паказаў загадчыку гаспадаркі, што трэба ўзяць з сабой. Сярод неабходных рэчаў быў і мікшэрны пульт. Але калі мы прыехалі на месца, то яго не было. Гэта было мерапрыемства гарадскога тыпу з супрацоўнікамі выканкама і ваенным аркестрам. Калі мы вярнуліся за пультам, то дырэктар пачаў мне казаць, што гэта сабатаж і што я нібыта спрабую сарваць гарадское мерапрыемства. Мне здаецца гэтыя ўсе сітуацыі звязаныя паміж сабой. Бо ён мог і губазікаўцам потым сказаць, што я зрываю гарадскія мерапрыемствы".

"Былі забароненыя ўсе песні ўкраінскіх выканаўцаў"

Пасля бальнічнага Вячаслава бухгалтарка зыніцыявала прафсаюзны сход з нагоды яго канфлікту з кіроўцам. Па словах бабруйчаніна, дырэктар быў настроены катэгарычна:

"Усе супрацоўнікі бачылі, як са мной прадузята звяртаецца Канстанцін Яўгенавіч. Гэта была асабістая непрыязнасць. На сходзе калегі выказваліся, што нармальна, што ў чалавека могуць быць іншыя погляды і ён можа выглядаць па-іншаму. Калі прагаворвалі сітуацыі, дзе Канстанцін Яўгенавіч быў няправы, то ў яго твар змяняўся. І толькі дырэктар стаяў на яго баку і ўсяляк яго абараняў".

Аднак, па словах хлопца, выніку сходу нікога не было. Усё звялося да таго, што трэба аб'ядноўвацца і працаваць. Тады Вячаслаў прыняў рашэнне звольніцца.

"Скажу, што мне вельмі падабалася гэтая праца. У нас быў вельмі добры і творчы калектыў. Там працуюць выдатныя людзі, якія ведаюць сваю справу. Але гэтая сістэма і абмежаванні вельмі ціснуць. Напрыклад, з аддзела цэнзуравання Міністэрства культуры спускаецца спіс забароненых песень і гуртоў. Так, напрыклад, забаранілі выконваць Макса Барскіх. А ў нас быў чалавек, у якога ідэальна атрымлівалася спяваць яго і раскрываць песні. Я прыйшоў на працу ў ДК у верасні 2022 года, і ўжо былі забароненыя ўсе песні ўкраінскіх выканаўцаў. Панавала атмасфера: ні крок налева, ні крок направа, але людзі навокал усё роўна ўсё разумелі адэкватна".

3 лютага Вячаславу паведамілі ў міліцыі, што закрываюць адміністрацыйную справу і могуць распачаць крымінальную.

"У мяне спыталі: "Вы настойваеце на распачынанні крымінальнай справы?" Я адказаў станоўча і даў паказанні. Пасля гэтага ў мяне пачаліся праблемы.

Судмедэкспертыза перакруціла ўсё так, што я нібыта тупым прадметам зламаў сабе сам руку за тры тыдні да інцыдэнту. Я, вядома, быў не згодны і запатрабаваў вочную стаўку: я распавёў, як усё было на самай справе, а Яўгенавіч распавядаў, што я як быццам паказваў яму каратэ, біў яго... На гэтым усё скончылася — ні найменшай справядлівасці".

"Пачынаюць крычаць, што я тэрарыст і экстрэміст"

Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org
Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org

8 лютага хірург зняў Вячаславу лангету, але не працягнуў бальнічны, нягледзячы на тое, што патрэбен яшчэ час на аднаўленне рукі. На наступны дзень ён паехаў на працу, каб звольніцца.

"Памятаю, раніцай 9 лютага ў мяне была такая палёгка, што я зараз памяняю працу. У сваёй хатняй студыі я таксама займаўся музыкай — там пайшлі заказы. Я хацеў пайсці гэтай дарогай. Быў такі момант, калі я ніколі не адчуваў столькі жыццёвых сілы і энергіі.

Але на вуліцы па дарозе ў ДК я сустрэў загадчыка гаспадаркі, які сказаў, што ў гукааператарскай каморцы трэба зрабіць адну працу. Я пайшоў у бухгалтэрыю, дзе сказаў, што звальняюся, супрацоўніцы ўздыхнулі і адправілі мяне да дырэктара. Я заходжу да яго, а ён вельмі засяроджана сядзіць у тэлефоне. І кажу яму: "Аляксандр Анатольевіч, я прыняў рашэнне, што хачу звольніцца пасля гэтай усёй сітуацыі". Ён сказаў пісаць заяву і нешта накшталт, што будзем разбірацца. І адправіў у каморку ісці зрабіць працу з заггасам, але пры гэтым не адрываўся ад тэлефона. Аказалася, што мне трэба было проста перанесці з аднаго стала на іншы апаратуру. Гэта была дзіўная праца — мне нават тады гэта так падалося. Я выходжу і сустракаю вахцёрку, якая кажа: "Слава, да цябе міліцыя". Я адразу быў упэўнены, што гэта па справе Канстанціна Яўгенавіча. Заходзяць тры супрацоўнікі ў цывільным адзенні і кажуць, каб я адкрываў каморку. Мы зайшлі ў гэтае маленькае памяшканне, і сілавікі зачынілі дзверы за намі. Далей пачаўся проста трэш... Яны пачынаюць крычаць, што я тэрарыст і экстрэміст, патрабуючы мой мабільны тэлефон. Я разблакаваў яго і аддаў яго ім. Яны адразу палезлі ў Telegram глядзець мае падпіскі..."

"Што, так дрэнна, што хочаш здохнуць у гэтым двары?"

Гэта былі трое супрацоўнікаў Магілёўскага ГУБАЗіКа, у тым ліку Захараў Сяргей Віктаравіч і Фурманаў Аляксей Уладзіміравіч. Па словах бабруйчаніна, яны ўжо ведалі, дзе і якія ён пакідаў каментары. Сілавікі прыехалі падрыхтаваныя да затрымання.

"Мяне павялі на другі паверх збіраць рэчы. Я калегам кажу: "Паглядзіце, я экстрэміст і тэрарыст, мяне затрымліваюць". У гэты час сілавікі адкрываюць мой заплечнік і ў кішэньцы бачаць мае антыдэпрэсанты. Яны пытаюцца, што гэта за таблеткі. Калега заступілася і сказала ім, што можа я не хачу казаць, што гэта... Я быў у кайданках ужо. Сілавікі спыталі, як да мяне звяртацца. Я адказаў: "Вячаслаў Васільевіч". На гэта яны пачалі нецэнзурна мяне абзываць.

У машыне яны шарылі па маім тэлефоне, гледзячы падпіскі і чытаючы асабістыя перапіскі, і задавалі пытанні. Сілавікі заходзілі ў мае сацыяльныя сеткі і праслухоўвалі галасавыя паведамленні. Калі яны праслухалі паведамленне ад майго знаёмага, дзе ён у канцы сказаў "Жыве Беларусь", то вельмі раззлаваліся.

Губазікаўцы сказалі, што мы едзем па месцы маёй прапіскі. Я разумеў, што будзе ператрус, і ад страху сказаў іншы адрас, дзе жыла сяброўка майго сябра, якога ўжо няма ў жывых. На Geely мы прыехалі туды, гаспадыня сказала, што я часта заходжу па суседстве да сяброў-музыкаў. Сілавікі павялі мяне туды — дзверы адчыніў знаёмы. Губазікаўцы сказалі іх упусціць, але знаёмы не стаў гэтага рабіць. Яны, разумеючы, што не ўвойдуць, пасмяяліся, і галоўны губазікавец Захараў Сяргей Віктаравіч узяў мяне за зламаную руку і павёў да машыны. Мне было балюча, і я стаў крычаць аб дапамозе. Каля машыны ў мяне здарылася панічная атака: закружылася галава, стала цяжка дыхаць і я не мог аднавіць дыханне. Я проста ўпаў каля машыны. Губазікаўцы ўсё яшчэ трымалі мяне за руку і крычалі тыпу "Што, так дрэнна, што хочаш здохнуць у гэтым двары?" У мяне такой сітуацыі ніколі ў жыцці не было. Мне як быццам выбілі глебу з-пад ног. Я настолькі быў пагружаны ў гэты свой стан, што я ўжо не чуў, што яны крычаць на мяне".

"Губазікавец пачаў рукой душыць у куце"

Вячаслава літаральна зацягнулі ў машыну і павезлі ў РАУС Ленінскага раёна Бабруйска.

"Мы прыехалі туды, дзе я пакідаў заяву. Да гэтага моманту я ўжо быў ніякі. Мяне вялі ў кайданках "ластаўкай", як асабліва небяспечнага злачынца або тэрарыста. Мяне прывялі ў кабінет на другім паверсе, дзе было шмат плакатаў Дзяржынскага, "Слава АМАПу" і г.д. Там у мяне нешта спыталі пра BYPOL, але я дакладна не памятаю, што менавіта. Таксама пыталіся, ці быў я "рэйкавым партызанам", ці рабіў нешта з чыгункай. Потым пачалі пагражаць адміністрацыйным і крымінальным справамі. Я быў у стане страху і панікі, але мяне ўзяла такая злосць на гэтую несправядлівасць. І я пачаў крычаць: "Што, вы людзей баіцеся? Што я вам зрабіў? Вы і мяне забіць хочаце? Што вы ад мяне хочаце?" Тады галоўны губазікавец узяў мяне за шыю і пачаў рукой душыць у куце. Пасля гэтага я змоўк... Але калі ён сеў на канапу, то я рэзка выбег з кабінета. Я быў у стане афекту. Такая была рэакцыя на стрэс — бяжы. Супрацоўнікі міліцыі мяне адразу ж злавілі, пачалі біць дубінкамі па нагах — я ўпаў. Яны яшчэ працягнулі біць некаторы час, а потым зацягнулі мяне ў кабінет, дзе да збіцця падключыліся губазікаўцы. Яны білі мяне па твары, галаве, нырках. Пасля гэтага я наогул перастаў разумець, дзе я знаходжуся і што са мной адбываецца. Сілавікі задаюць мне пытанні, а я ляжу ў крыві і не магу нічога адказаць. Тады яны паклікалі нейкага начальніка, мяне паднялі, але я ледзь стаяў. Памятаю, што гэты начальнік казаў, што я здраднік Радзімы, экстрэміст і тэрарыст, паганы мярзотнік, за тры капейкі прадаўся, параўноўваў з Юдай... У гэты час губазікаўцы капіявалі ўсё з майго тэлефона".

Пасля гэтага супрацоўнікі ГУБАЗіКа з Вячаславам запісалі "пакаяльнае відэа", прыстрашыўшы электрашокерам:

Скрыншот з
Скрыншот з "пакаяльнага відэа" Вячаслава Аркатава

"Губазікавец сказаў паўтараць за ім словы, а калі не буду, то паказаў мне электрашокер".

Затым хлопца адвялі да дзяжурных супрацоўнікаў РАУС і сказалі, каб ён ім патлумачыў атрыманне сваіх траўмаў тым, што ён сам упаў. Вячаслава змясцілі ў "стакан" для чакання афармлення пратакола. Супрацоўнікі толькі фармальна пацікавіліся ў бабруйчаніна, што гэта за пашкоджанні ў яго. Пасля гэтага Вячаслава на бусе павезлі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Бабруйску. Але начальнік ІЧУ адправіў яго для агляду траўмаў.

"Для лекара было відавочна, што мяне збілі, але я казаў, што ўпаў... Мне дыягнаставалі траўматычную перфарацыю барабаннай перапонкі. Я чуў, што мяне з левага вуха ідзе паветра".

"Каля машыны мне надзелі кайданкі"

У камеры ІЧУ Вячаслаў сустрэўся з мужчынам, якія сядзеў ужо 50-я суткі за татуіроўкі.

"Мне адразу не далі ў душ схадзіць, хоць я быў увесь у крыві. Я быў у шокавым стане, у мяне ўсё балела і было цяжка дыхаць".

Пад раніцу ў гэтую камеру яшчэ прывялі хлопца:

"Гэта быў просты 22-гадовы хлопец, якога затрымалі за тое, што чытаў навіны ў тэлеграм-каналах. Па гэтым чалавеку было відаць, што ён і мухі не пакрыўдзіць. Ён нам сказаў, што ў яго эпілепсія і распавёў, што трэба рабіць на выпадак прыступу".

Вячаслава з новым суседам павезлі ў адсеках аўтазака на суд па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

"Гэта не было падобна на суд, а як быццам я да лекара на прыём прыйшоў. Але замест дыягназу сказалі рашэнне. Мяне аштрафавалі на 923 рублі, як я мяркую, за адсылку фота, відэа з выбарчага ўчастка ў жніўні 2020 года, пратэстныя песні нашых музыкаў у тэлеграм-канал "Бабруйск Online". Гэта значыць мяне асудзілі за перадачу матэрыялаў экстрэмісцкаму рэсурсу".

Пасля суда Вячаслаў адразу паехаў да сяброў, але потым усё ж вырашыў пайсці дадому, хоць сумняваўся, што варта вяртацца. Каля пад'езда хлопца чакалі ўжо знаёмыя супрацоўнікі ГУБАЗіКа.

"Адзін з іх пачаў мне казаць, што мне трэба сесці ў іх машыну і запоўніць нейкія апытальнікі. Я моцна хацеў у прыбіральню, таму падняўся дадому. 82-гадовая бабуля была ў шоку. Я даведаўся, што без мяне яны хацелі правесці ператрус, але не атрымалася. Калі я схадзіў у прыбіральню і памыўся, мяне зноў забралі. Каля машыны мне надзелі кайданкі, бабуля паспела даць мне таблеткі і шапку. Мы ехалі моўчкі — я не пытаўся, куды мяне вязуць, і яны не задавалі пытанняў. Потым я ўбачыў, што мы выязджаем з Бабруйска ў напрамку Магілёва... У Кіраўску губазікаўцы купілі сабе знакамітыя смажанкі".

"Мяне аглядалі голага, а побач стаяў губазікавец і пытаўся, навошта я ўступіў у BYPOL"

Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org
Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org

Вячаслава прывезлі ў будынак 11-га ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС па Магілёўскай вобласці.

"Там пачалася абсалютная жэсць... На падлозе пры ўваходзе ў кабінет, куды мяне прывялі, ляжаў наш нацыянальны сцяг. Па ўсім кабінеце былі а-ля патрыятычныя плакаты: "Слава Расеі!", "Слава ГУБАЗіКу"... На сейфе ляжала кепка з гербам "Пагоня". Мне сказалі стаць на сцяг. Я не хацеў, каб здзекі нада мной працягнуліся, таму мне давялося стаць на яго... Затым зайшоў пухлы супрацоўнік у касцюме і пачаў крычаць: "Хто тут крычаў, што ён такі герой? Зараз мы яго уціхамірым!" Гэта было такое запалохванне. Ён казаў мне прамымі словамі, а пагражаў ускосна".

Пасля дактыласкапіі і канфіскацыі пашпарта бабруйчаніна павялі да следчага, які сказаў, што супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 3 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса (Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання ў мэтах здзяйснення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні)) за рэгістрацыю ў чат-боце "Перамога". На гэтай падставе хлопца змясцілі на трое сутак у Магілёўскі ізалятар часовага ўтрымання.

"Калі параўноўваць бабруйскі і магілёўскі ізалятары, то ў першым усё чыста і прыбрана. У Магілёве ж — татальны трэш! Там былі блашчыцы, бруд і вельмі смярдзела. Нам не выдалі пасцельную — спалі на драўляных нарах. Кожныя пяць хвілін да нас зазіралі канваіры, а ў камеры вісела відэакамера. Быў пастаянны гук замка, які адчыняецца. На фоне ўвесь час грала на паўторы радыё, дзе казалі пра стаматалогію і як Лукашэнка спраўляецца з эканомікай і сіламі звонку. У дзве гадзіны ночы нас будзілі на праверку, а ўвечары быў дагляд: дагала распранутыя ў кайданках. Гэта ўсё вельмі ціснула на псіхіку. На трэцім паверсе бачыў вельмі шмат надпісаў тыпу "Жыве Беларусь", "Жыве вечна" — гісторыя паказвае, што там пабывала вельмі шмат людзей.

Пры прыёме ў ІЧУ супрацоўнікі спыталі, што гэта ў мяне за таблеткі. Калі я сказаў, што гэта антыдэпрысанты і назваў свой дыягназ, то яны сказалі: "А, ясна, дурань нейкі". Вельмі абразліва паводзіў сябе са мной супрацоўнік у акулярах, на выгляд 18-19 гадоў. Калі правяралі маю вопратку, то ён сказаў, што не будзе марнаваць свой час на такога мярзотніка як я. Калі мяне аглядалі голага, то побач стаяў губазікавец Захараў Сяргей, і яны з гэтым супрацоўнікам мяне пыталіся, навошта я ўступіў у BYPOL. У такім стане я стаяў доўга. Потым мяне павялі ў камеру, пры гэтым пагражаючы, што калі не буду хутчэй ісці, то засунуць дубінку ў азадак. Калі мяне прывялі ў камеру, то сказалі, каб я хадзіў там па крузе. Я так доўга хадзіў, пакуль да мяне не падсялілі суседа — вельмі дзіўнага персанажа. Гэта быў мужчына Аляксандр гадоў 70-ці, ён прадставіўся лекарам. Яго нібыта затрымалі за тое, што ягоныя дзеці напісалі на нейкім доме "Лукашэнка казёл". Калі ён зайшоў у камеру, то ўбачыў, што я збіты і апухлы і прапанаваў паглядзець, спытаў, кружыцца ці галава. Мы падзяліліся сваімі гісторыямі. Але нешта мне ў ім адразу здалося дзіўным: быццам разумеючы і адэкватны чалавек, але ўсё роўна нешта не тое. Гэты чалавек пытаўся ў мяне пра мой стан здароўя, сям'ю. Дарэчы, ён мне раіў потым звярнуцца ў Праваабарончы цэнтр "Вясна".

У першую ноч я не мог заснуць, таму я спусціўся з другога яруса нараў і сеў за стол на лаўку, дзе, як школьнік, заснуў. І тут адчуваю, як гэты чалавек праводзіць мне рукой па спіне. Я адразу прачнуўся, вядома, а ён адышоў. Я наогул трое сутак практычна не спаў па сутнасці, таму што мне не даваў гэта рабіць гэты сукамернік. Як толькі я спрабаваў заснуць, то ён рабіў пэўныя гукі, тузаўся, шамацеў, то бок спецыяльна ствараў шум і дзейнічаў мне на псіхіку. Неяк, засынаючы, я падхапіўся ад таго, што ён нагой імкнецца да маёй пятай кропцы..."

"Я ўжо быў упэўнены, што ён супрацоўнічае з міліцыяй"

Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org
Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org

Вячаславу ў ІЧУ адразу не выдалі яго медыкаменты, хоць яму трэба было прымаць іх па рэцэпце лекара строга раз у дзень у пэўны час. На трэція суткі хлопцу далі падвойную дозу, ад гэтага ў яго здарыўся сератанінавы сіндром.

"Мне здавалася, што я ў небяспецы. Маё цела было вельмі напружана, я чуў сваё сэрца. У мяне была паніка і чаканне таго, што зараз адбудзецца нешта непапраўнае са мной. У мяне такі стан быў упершыню. У жыцці я навучыўся зазямляцца, але ў тыя моманты гэта было немагчыма…

На трэці дзень нас з гэтым мужчынам перавялі ў іншую камеру — яшчэ бруднейшую. І гэты чалавек пачаў мяне проста даймаць. Казаць, што ад мяне нібыта адмовіліся родныя і што маё жыццё страчана. У мяне склалася ўражанне, што гэта быў засланы сілавікамі чалавек — "утка". Памятаю, на апошняй праверцы ён узяў ад сілавікоў нейкія паперы і прынёс іх у камеру. Пасля гэтага я яму сказаў: "Аляксандр, напэўна, вы не лекар, а нейкі засланы казачок". Тады ён адказаў дзіўна: "Камісія цябе прызнае псіххворым..."

У апошнюю ноч я зноў спрабаваў заснуць, але рэзка прачнуўся ўвесь у поце. Я не зразумеў, што са мной здарылася. Я ў яго пытаюся: "Што са мной адбылося?" А ён смяецца. Я тады пачаў стукаць у дзверы і пытацца ў канвойных, што са мной здарылася, нада мной здзекаваліся ці што? Яны сказалі так: "Нічога не адбылося — мы па камерах бачым, але ты (звяртаючыся да сукамерніка Аляксандра) больш так не рабі!"

Быў яшчэ дзіўны момант. Можа, вядома, я сабе надумаў... У нашай камеры былі ўсюды адтуліны. У нейкі момант я адчуў, як ідзе нейкі газ ці нейкая субстанцыя. У мяне кружылася галава. А ў гэты час гэты Аляксандр сыходзіць і становіцца ў пэўнае месца. Я іду за ім, а ён мяне агрэсіўна адштурхвае з гэтага месца. Я памятаю, што неяк зачыніў адтуліну бутэлькай, а ён падбег і хутка прыбраў гэтую бутэльку, сказаўшы пры гэтым: "Ты хочаш у турму на 15 гадоў?" На той момант я ўжо быў упэўнены, што ён супрацоўнічае з міліцыяй. І я ведаў, што калі яго стукну, то за мной адразу прыйдуць. Калі я сыходзіў з камеры, то ён крычаў мне ўслед: "Смерць!"

"Я не пазнаваў сяброў — думаў, што яны супрацоўнікі КДБ"

Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org
Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org

Вячаслава вызвалілі з ізалятара па заканчэнні трох сутак. Але на выхадзе яго сустракалі ўсё тыя ж супрацоўнікі ГУБАЗіКа.

"Я выйшаў з гэтага ІЧУ з пачуццём, што мяне забіць хочуць. У мяне і так былі праблемы з нервамі і панічных нападамі, а тут наогул... Пасля вызвалення я патэлефанаваў знаёмай, у якой блізкія там сядзелі, і хацеў распавесці гісторыю пра газ, як яна мяне перабівае і сама кажа: "Газам труцілі?" — "Так". Гэта значыць, яна сваёй фразай пацвердзіла мае здагадкі.

Па вызваленні я быў у такім стане, што падпісваў усё запар. Я не ўспрымаў усё, як у рэальнасці. Я нават чужыя красоўкі надзеў пры вызваленні і не мог нават шнуркі ўставіць нармальна і завязаць іх... Я казаў супрацоўнікам, што мяне цяпер заб'юць і расстраляюць, а яны казалі: "Тое ж, табе трэба баяцца!"

Яны павезлі бабруйчаніна да следчага з імём Юлія. Хлопец распавёў ёй, што з ім адбывалася ў ІЧУ. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа ўсё пыталіся ў бабруйчаніна, навошта ён уступіў у BYPOL, і спыталі: "Колькі ў суддзі запытваць: 10 ці 15 гадоў?" Але Вячаслава выпусцілі на волю з падпіскай аб нявыездзе і сказалі чакаць вынікаў экспертызы тэлефона.

"У мяне пайшла дзікая паранойя. Мяне хацелі эвакуяваць, але я быў у такім стане, што мог стварыць непрыемнасці сваім сябрам".

Праз тыдзень пасля вызвалення Вячаславу давялося легчы ў псіхіятрычную лякарню ў Бабруйску, дзе яму паставілі дыягназ посттраўматычны стрэсавы разлад, прычынай якога стала, паводле заключэння псіхіятра, вострая рэакцыя на стрэс.

"Я абсалютна не разумеў, што са мной адбываецца і што са мной будзе. Было пачуццё дэперсаналізацыі, як быццам я быў у іншым свеце. Я не пазнаваў сяброў — думаў, што яны супрацоўнікі КДБ. Я нікому не давяраў. Як мне потым тлумачыў мой стан псіхатэрапеўт, я сутыкнуўся з такой несправядлівасцю і недаверам да людзей праз данос, збіццё, зламаную руку. Гэта ўсё вялікія стрэсы... Я не п'ю, не палю, наркотыкі не прымаю, а са мной такое адбываецца. Я ўпэўнены, што ў нас у Беларусі ёсць тысячы падобных гісторый".

Хлопец распавядае, што лячэнне ў мясцовай псіхіятрычнай бальніцы толькі пагоршыла яго становішча, таму што там не атрымаў належнай дапамогі.

"Я даведаўся, што маё затрыманне ішло канкрэтна ад дырэктара. Вядома, гэта ўсё трэба будзе даказваць, але ў мяне ёсць падставы так думаць. Дырэктар, баючыся крымінальнай справы на сваім працоўным месцы, здаў мяне ГУБАЗіКу. Я мяркую, што ён неяк звязаны з міліцэйскімі структурамі".

"Мне ўвесь час сніцца дом, як я лётаю над Бабруйскам"

Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org
Вячаслаў Аркатаў. Фота: spring96.org

15 сакавіка Вячаслаў прыняў рашэнне, што пакідае Беларусь.

"Гэта было спантанна, таму што ў мяне была страшная паранойя, што ў любы момант да мяне пагрукаюцца, затрымаюць, пасадзяць і дадуць конскі тэрмін. Але сапраўды такое магчыма ў нашай краіне, тым больш, што гэты артыкул звязаны з нібыта тэрарыстычнай дзейнасцю. Я адважыўся ўцячы ад страху. Я пракансультаваўся з BYSOL, як лепш з'ехаць з Беларусі. Праз некаторы час я апынуўся ў Польшчы.

Падчас выезду, ды і цяпер, я знаходжуся ў стане шоку. Я як быццам у бяспецы, але ўсё роўна няма... У мяне дзікая туга па дому. Вымушаная эміграцыя вельмі цісне на псіхіку. Я лічу, што рэпрэсіі ў Беларусі — гэта злачынства супраць свайго народа і генацыд. Дзіўна казаць [рэжыму Лукашэнкі] пра барацьбу з сіламі звонку — ты ж сам выгнаў свой народ. Цяпер мне ўвесь час сніцца дом, як я лётаю над Бабруйскам, бабуля рыхтуе дранікі, а я ў сваёй студыі зводжу музыку. Дома я быў кімсьці: у мяне была свая супольнасць, сябры, і гэта рэзка ўсё перапынілі. Тое, што нас так вышчэмліваюць са сваёй краіны, — гэта вельмі несправядліва".

Крыніца: "Ляжу ў крыві і не магу нічога адказаць". Музыка з Бабруйску распавёў пра затрыманне па даносе