20.06.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Верхнядзвінскую актывістку Валянціну Болбат зноў арыштавалі на 30 сутак. Яна пакуль на волі
Валянціну затрымалі 30 красавіка, але пасля гэтага жанчыне стала дрэнна, таму яна на некаторы час трапіла ў бальніцу. Суд адбыўся 10 траўня ў судзе Верхнядзвінскага раёна. Жанчыне тады прызначылі 30 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) і арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).
Паводле "Віцебскай Вясны", пасля суда з жанчынай здарыўся гіпертанічны крыз, і яе адвезлі ў лякарню, дзе яна лячылася два тыдні. Валянціна абскардзіла пастанову суда ў Віцебскім абласным судзе. 22 траўня суддзя Святлана Іванова адмяніла рашэнне суда Верхнядзвінскага раёна. Таму справу перадалі ўжо ў Наваполацкі суд.
Сёння адбыўся чарговы суд над актывісткай. Суддзя Зінаіда Балаболава прызначыла жанчыне зноў 30 сутак. Валянціна пакуль на волі і плануе абскардзіць пастанову суда.
Сайт Светлагорскага тэлеканала "Ранак" перастаў адкрывацца як у Беларусі, так і за яе межамі
Нагадаем, 11 чэрвеня ў Светлагорску былі затрыманыя восем супрацоўнікаў тэлеканалу «Ранак». Сапраўднай прычынай для затрымання мог стаць сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінула тры чалавекі.
На ўсіх затрыманых склалі пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Мужчынам прысудзілі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту, жанчынам — штрафы ў памеры 25 б. в.
Супраць магілёўскага прадпрымальніка, якога затрымалі за ўкраінскі і нацыянальны сцяг у салоне аўтамабіля, распачалі крымінальную справу
Гаворка пра бізнесоўца Уладзіміра Тычынскага. У прапагандысцкім сюжэце рэгіянальнага магілёўскага каналу «Беларусь 4» сказалі, што мужчына «быў прыхільнікам укро-нацысцкіх фармаванняў», а таксама «ездзіў з украінскай нацыяналістычнай сімволікай у сваім аўто». Пад апошнім маецца на ўвазе афіцыйны сцяг Украіны. Пазней Уладзіміра арыштавалі на 15 сутак.
Як піша @MAYDAYMog, , пакуль Тычынскі знаходзіўся ў ІЧУ, на яго «накапалі» падставы для ўзбуджэння крымінальнай справы.
53-гадовага мужчыну абвінавацілі ў тым, што ў красавіку мінулага года ён зняў на свой мабільны тэлефон перамяшчэнне расійскай вайсковай тэхнікі і адправіў відэа «экстрэмісцкаму» медыя. Цяпер Тычынскі знаходзіцца ў следчым ізалятары Магілёва.
Палітзняволенага Паўла Севярынца збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым
Палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і пісьменнік больш за тры гады ўтрымліваецца ў зняволенні.
У траўні 2021 яму і яшчэ шасці палітвязням прысудзілі ад чатырох да сямі гадоў калоніі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
У красавіку адміністарцыя папраўчай калоніі № 17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму». Тады яму скарацілі дазволеную колькасць званкоў дадому і грашовых пераводаў. А потым яго пазбавілі і працяглага спаткання.
Цяпер стала вядома, што 21 чэрвеня ў Шклове адбудзецца суд па замене Севярэнцу рэжыму ўтрымання і пераводзе ў іншую папраўчую ўстанову. Меркавана, яго хочуць перавесці на турэмны рэжым. Рашэнне будзе прымаць суддзя Аляксандр Тараканаў.
Крыніца: Новыя факты пераследу беларусаў і беларусак 20 чэрвеня