20.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У Мінскім абласным судзе ў закрытым рэжыме 20 чэрвеня пачнуць судзіць жыхара Брэста Андрэя Цалюка, якога абвінавачваюць па васьмі крымінальных артыкулах.
Справу разглядае суддзя Анжаліка Данілава.
Раней у праўладных тэлеграм-каналах паведамлялася пра затрыманне Андрэя Цалюка. На “пакаяльным відэа” хлопец кажа, што быў затрыманы за распаўсюд асабістых дадзеных супрацоўнікаў міліцыі, суддзяў і заклікаў людзей да гвалтоўных дзеянняў. Таксама паведамляецца, што мужчына “пакінуў больш як 2 тысячы экстрэмісцкіх паведамленняў, з якіх мінімум 100 запісаў змяшчаюць у сабе прыкметы парушэнняў заканадаўства”.
У чым абвінавачваецца Андрэй Цалюк:
ч. 1 арт. 130 – распальванне расавай, нацыянальнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы;
ч. 3 арт. 203-1 — незаконныя дзеянні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальнай інфармацыі;
арт. 188 – паклёп;
ч. 1 арт. 368 – абраза прэзідэнта;
ч. 2 арт. 367 – паклёп у дачыненні прэзідэнта;
арт. 369 – абраза прадстаўніка ўлады;
арт. 391 – абраза суддзі ці народнага засядацеля;
арт. 370 – здзек над дзяржаўнымі сімваламі.
“Берасцейская вясна” паведамляла, што 8 жніўня 2022 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста над Цалюком адбыўся суд. Суддзя Раман Карабан прызначыў яму 10 сутак адміністрацыйнага арышту з канфіскацыяй тэлефона па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. На волю пасля арышту ён ужо не выйшаў. Да суда Андрэй Цалюк утрымліваўся ў СІЗА №1 у Мінску.
Крыніца: "Пакінуў больш за дзве тысячы экстрэмісцкіх паведамленняў": у Мінску пачынаюць судзіць жыхара Брэста