19.06.2023 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сайт гомельскага "Флагштока" заблакаваны на тэрыторыі Расіі
Сайт "Флагштока” заблакаваны на тэрыторыі Расеі за асвятленне расейскага ўварвання ва Украіну, піша само выданне са спасылкай на праект “Раскамсвабода".
Блакаванне ўключылі 17 чэрвеня. Разам з "Флагштокам" у гэты дзень заблакавалі сайт "Беларускай асацыяцыі журналістаў” і некалькі украінскіх сайтаў.
У Мінску затрымалі мужчыну, якога адпраўлялі на «суткі» за сцяг Канады ў акне
Праваабаронцам стала вядома, што напрыканцы мінулага тыдня ў Мінску быў затрыманы Сяргей Панін. Дома ў мужчыны быў праведзены ператрус, цяпер ён знаходзіцца на Акрэсціна.
У 2021 годзе Сяргею прызначылі 15 сутак арышту за сцяг Канады ў акне кватэры. Тады мужчына тлумачыў, што падчас моладзевага Чэмпіянату Свету па хакеі заўзеў за зборную Канады, таму і вывесіў сцяг.
У Івацэвічах рэдактара незалежнага інтэрнэт-рэсурсу выклікалі "на размову"
Раніцай 19 чэрвеня дадому да рэдактара інтэрнет-рэсурсу ganc-chas.by Паўла Дайліда прыйшлі супрацоўнікі Івацэвіцкага РАУС і прапанавалі паехаць у пастарунак «на размову».
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, адзін з наведвальнікаў быў у міліцэйскай форме, другі — у цывільным адзенні.
Супрацоўнік у форме паведаміў, што з рэдактарам хочуць паразмаўляць у Івацэвіцкім РАУС наконт сытуацыі, якая адбылася 17 чэрвеня каля крамы «Санта» ў Івацэвічах, дзе затрымалі аўтамабіль на расейскіх нумарах. Пры гэтым супрацоўнік міліцыі сказаў, каб Павел Дайлід узяў з сабой тэлефон.
Рамуальду Улану са Смаргоні суд прысудзіў трое сутак арышту, якія ён адбыў у ІЧУ
Былому заснавальніку і выдаўцу «Новай газеты Смаргоні» Рамуальду Улану, затрыманаму 16 чэрвеня, старшыня суда Смаргонскага раёна Багдановіч прысудзіў у панядзелак трое сутак арышту, прызнаўшы вінаватым у парушэнні артыкула 19.11 КаАП.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманне за сцяг Канады і блакаванне незалежных сайтаў у Расіі: хроніка пераследу 19 чэрвеня