15.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе 6 чэрвеня пачалі судзіць пяцярых беларусаў: Ігара Цяпцеева, Юрыя Несцярэнку, Віктара Грынько, Уладзіміра Савельева, Ігара Цікача. Іх справу разглядае суддзя Вера Галаўкова. Вядома, што па справе быў таксама затрыманы і Валерый Балабешка, але ў раскладзе суда яго няма, а сам ён не знаходзіцца пад вартай. Паводле следства, мужчыны ў пачатку кастрычніка ў Мінску вывесілі сшытыя разам нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны на апоры лініі электраперадач. Цяпер у залежнасці ад ролі кожнага ім прад'явілі абвінавачанні па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса. "Вясна" распавядае, што інкрымінуюць фігурантам справы.
У чым абвіначваюць мінчукоў?
Напрыканцы кастрычніку 2022 года ў Мінску затрымалі шэсць мужчын за тое, што яны 7 кастрычніка нібыта вывесілі сшыты бел-чырвона-белы сцяг разам са сцягам Украіны на апоры ЛЭП у Мінску. Гэта Ігар Цяпцееў, Юрый Несцярэнка, Віктар Грынько, Валерый Балабешка, Уладзімір Савельеў, Ігар Цікач. У тэлеграм-канале Антона Матолькі на наступны дзень з'явіўся пост з фотаздымкам сцяга і подпісам: "Минчане поздравляют украинский народ с чудесными новостями с крымского моста. Крим — це Україна! Жыве Беларусь! Слава Україні!".
Паводле Следчага камітэту, "індывідуальны прадпрымальнік Ігар Цяпцееў у лютым 2022 года, які прытрымваецца антыдзяржаўных поглядаў вырашыў вырабіць палатно ў выглядзе дзяржаўнага сцяга Украіны і калабарацыянісцкай сімволікі. Для гэтых мэтаў ён звярнуўся да знаёмай швачкі". Пасля гэтага ў кастрычніку мінчукі ўжывалі алкаголь і вырашылі размясціць сцяг на ўсеагульны агляд.
"Размеркаваўшы ролі, зрабіўшы захады канспірацыі і вывучыўшы мясцовасць запланаванай правакацыі, групоўка прыступіла да выканання злачыннай задумы. Двое фігурантаў расцягнулі палатно на высакавольтнай апоры, размешчанай на скрыжаванні вуліц Рафіева і Семянякі, а іншыя ўдзельнікі кантралявалі становішча, знаходзячыся ўнізе", — піша Следчы камітэт.
Таксама паведамляецца, што "двое з удзельнікаў групоўкі даверыліся абяцанням "беглых" пра поўную ананімнасць, сфатаграфавалі вынік сваіх злачынных дзеянняў і пераслалі фатаграфіі ў адрас экстрэмісцкага фармавання".
Акрамя гэтага, адзін з затрыманых абвінавачваецца ў "абразе Лукашэнкі". Меркавана, гаворка ідзе пра Ігара Цікача.
У залежнасці ад ролі кожнага мужчынам прад'явілі абвінавачанні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 2 арт. 339 — "злоснае хуліганства";
- арт. 361-2 — "фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання";
- ч. 1 арт. 368 — "абраза Лукашэнкі";
- ч. 4 арт. 361-4 — "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці".
Цяпцееў, Несцярэнка, Грынько, Савельеў і Цікач знаходзяцца пад вартай. Лёс Валерыя Балабешкі невядомы, у раскладзе суда яго таксама няма.
Суд над ім распачаўся 6 чэрвеня ў Мінскім гарадскім судзе. Па справе ўжо адбылося шэсць пасяджэнняў. Справу мінчукоў разглядае суддзя Вера Галаўкова.
Што вядома пра фігурантаў справы?
На пачатку лістапада прапагандыстка Людміла Гладкая апублікавала відэа з затрыманымі, на якіх мужчыны пракаментавалі свае дзеянні.
Так, Цяпецееў распавёў, што знаёмы з астатнімі фігурантамі справы з дзяцінства. Паводле Ігара, ён не думаў, што за вывешванне сцягоў будзе крымінальная адказнасць. Сцяг вырабілі яшчэ ў сакавіку, доўгі час Ігар захоўваў яго дома, а потым перадаў Юрыю.
Паводле Гладкай, жонка Ігара была вымушана пакінуць Беларусь праз пераслед за падзеі 2020-га года. Цяпер яна ў Польшы, а мужчына з маленькімі дзецьмі — у Беларусі.
Несцярэнка не мае афіцыйнай працы, раней яго ўжо затрымлівалі па "палітыцы". Паведамляецца, што менавіта ён зрабіў фота, якое потым з'явілася ў тг-канале Антона Матолькі. Але сам Юрый сказаў, што даслаў здымак толькі ў сяброўскі чат.
Віктар Грынько — галоўны спецыяліст банка, начальнік аддзела інфармацыйных тэхналогій кампаніі. Гладкай ён сказаў, што ягоная "памылка ў тым, што не адмовіў Ігару ў рэпосце фата, подпіс да якога рыхтавалі ўжо адміністратары канала". Дома ў мужчыны знайшлі "пратэсную атрыбутыку і сімволіку".
Савельеў на відэа казаў, што акцыю зладзілі ў падтрымку ўкраінцаў:
"Гэта адтрымка мірных грамадзян, якія гінуць у непатрэбнай вайне".
Ён распавёў, што сцяг вешаў разам з Балабешкам. Раней Уладзімір адбываў 15-сутачны арышт па адміністрацыйнай справе.
Як піша прапагандыстка, з верасня 2020-года Ігар Цікач пакінуў больш за тры тысячы паведамленняў у адным з экстрэмісцкіх дваравых чатаў.
Гладкая таксама адзначае, што Савельеў і Цікач нібыта хацелі атрымаць візы, абнавілі пашпарты, а Ігар ужо чакаў званок ад польскай консульства. У Ігара на волі засталіся двое непаўнагадовых дзяцей і жонка, у якой сур'ёзныя праблемы са здароўем.
Балабешка — электрамеханік па ліфтах. Паводле мужчыны, у яго двое маленькіх дзяцей, а "маці ў іх больш няма".
Ён таксама казаў, што акцыя была праведзена, каб "падтрымаць украінскі народ, які знаходзіцца ў нашай краіне". Па інфармацыі ад Следчага камітэту, мужчына не знаходзіцца пад вартай. У раскладзе суда ягонага прозвішча няма.
Падтрымайце мужчын грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі салідарнасці:
СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2
Ігар Аляксеевіч Цяпцееў
Юрый Сяргеевіч Несцярэнка
Віктар Юр'евіч Грынько
Уладзімір Юр'евіч Савельеў
Ігар Мікалаевіч Цікач
Крыніца: У Мінску судзяць пяцярых мужчын за вывешаныя нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны