15.06.2023 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, гісторыі вязняў Аляксандра (імя зменена) затрымалі ў снежні 2022 года разам з супрацоўнікамі офіса, дзе ён працаваў. Спачатку хлопца арыштавалі за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў. Саша даслаў маці ў прыватным паведамленні навіну з незалежнага медыя. Пасля ў яго знайшлі фота з пратэстаў і ў выніку асудзілі на паўтара года “хатняй хіміі”. Пасля прысуду хлопец з’ехаў з Беларусі.

За свае 113 дзён няволі ён сядзеў разам з палітзняволенымі Данілам Чулём, Андрэем Марачам і Іллём Шапаткоўскім. А таксама бачыўся з Эдуардам Бабарыкам. "Вясна" пагаварыла з былым вязнем пра ўмовы ўтрымання ў няволі, пра жорсткія вобшукі ў камерах, пра настолку "VOLODAROCHKA" і котак у СІЗА-1. 

Андрэй Марач. “Няволя яго не зламіла”

Андрэя Марача затрымалі другога сакавіка 2021 года па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння". Шостага верасня 2022 года Андрэя асудзілі паводле ч.1 арт. 342, ч. 2 арт. 285, арт. 341 Крымінальнага кодэкса на пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

Аляксандр патрапіў у СІЗА на Валадарскага ў снежні 2022 года. На той момант там ужо доўгі час знаходзіўся Андрэй Марач, які шмат камунікаваў з хлопцам.

“Андрэй вельмі прыязны чалавек з моцным характарам. Гэта чалавек са стрыжнем унутры. Ён шукаў у СІЗА кнігу Алана Кара “Лёгкі спосаб кінуць паліць”. Шмат распавядаў пра сваё захапленне рыбалкай. А таксама імкнуўся падтрымліваць сяброўскую атмасферу ў камеры. У размовах з Андрэем адчувалася, што ён моцна стаміўся і расчараваўся ў палітыцы. Але, нягледзячы на песімістычны настрой, няволя яго не зламіла”.

Ілля Шапаткоўскі. “Ён быў упэўнены, што не адсядзіць увесь тэрмін”

Ілля Шапаткоўскі ў 2020 годзе браў актыўны ўдзел у працы выбарчага штаба Віктара Бабарыкі і ўзначальваў аддзел верыфікацыі подпісаў. Яго затрымалі 4 жніўня 2020 года і змясцілі пад варту ў межах крымінальнай справы па "эканамічным" артыкуле. Аднак напрыканцы 2021 года артыкул змянілі на іншы — ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады). 

30 траўня 2023 г. Іллю прысудзілі 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

“Ілля з’явіўся ў камеры на чацвёрты дзень майго там знаходжання. Гэта адзін з самых аптымістычных людзей, якіх я там сустрэў. Ён моцна мяне падтрымліваў, за што я яму вельмі ўдзячны. Ілля – чалавек, на твары якога заўсёды ўсмешка, і які ў любы час гатовы падтрымаць размову. Ён любіў так іранічна ўяўляць, як нас усіх вызваляць. Мы абмяркоўвалі самыя розныя тэмы: ад твораў Салжаніцына і затрымання Іллі да эканамічных тэмаў і правілаў вядзення ўласнага бізнэсу.  Аднойчы я нават склаў пра яго жартаўлівы радок, каб перадаць яго бадзёры настрой”.

Хлопец узгадвае абсурдныя фразы са справы Іллі, якую яны абмяркоўвалі ў камеры: “Ілля не ведаў аб змове Святланы Ціханоўскай, але ў думках падзяляў ідэі змоўшчыкаў, тым самым іх падтрымліваў”.

Як кажа Аляксандр, Іллю вельмі матывуе ягоная сям’я. Ён распавядаў пра сваю жонку Маю і трох сыноў і шмат разоў паўтараў, што жонка для яго – самы любімы чалавек і найлепшая сяброўка.

Ілля ставіўся да свайго яшчэ будучага суда з аптымізмам і не губляў надзеі.

“Ён жартуючы сказаў, што расстроіцца, калі яму дадуць меней за 10 год. “Я ж таксама круты чувак. Будзе несправядліва, што ўсім даюць па 15 гадоў, а мне толькі якіх-небудзь шэсць”, – казаў Ілля . Ён быў упэўнены, што не адсядзіць увесь тэрмін, бо, як ён казаў, на волі ёсць людзі, якія змагаюцца за ўсіх тых, хто цяпер за кратамі”.

Жорсткія праверкі ў СІЗА-1

Напачатку студзеня 2022 года ў СІЗА-1 на Валадарскага прайшла хваля вобшукаў. Па словах Аляксандра, іх камера была адной з першых, да каго прыйшлі з ператрусам. Раней “Вясна” публікавала сведчанні іншых вязняў пра гэтую серыю ўзмоцненых праверак. Хлопец кажа, што да іх прыехалі “маскі-шоў” – сілавікі ў балаклавах.

“17 студзеня да нас прыехаў сам Рабецкі [Уладзімір Рабецкі — кіраўнік Дэпартамента выканання пакаранняў, — заўв. рэд.]. Гэта садзюга, якіх яшчэ трэба пашукаць. Ён адыграўся на нас усіх. Мяне ён паставіў ў позу “ластаўкі” толькі за тое, што я на яго азірнуўся падчас вобшуку. Усе правяраючыя былі ў параднай форме, у Рабецкага на грудзях нават вісеў нейкі медаль. Гэта дадавала жаху да ўсяго іншага. Было бачна, ён упіваецца сваёй пасадаю і ўладай”.

Карцар за непаголенасць

Аляксандр распавядае пра тыповыя метады ціску адміністрацыі ізалятара на палітвязняў. Паводле яго словаў, у СІЗА шмат хто ведаў пра бадзёры настрой Іллі і яго гатоўнасць адстойваць свае правы на судзе. Таму перад судом яго неаднойчы адпраўлялі ў карцар.

“Я сядзеў у камеры насупраць так званых “хрысцінаў” — памяшкання, дзе выпісваюць парушэнні перад адпраўкай у карцар — і бачыў, як Іллю заводзілі туды некалькі разоў. Спачатку яму далі 10 дзён карцару. Па вяртанні яму адразу ж давалі тры парушэнні, і ён зноў адпраўляўся ў карцар. Агулам Ілля прабыў там амаль месяц запар па абсурдных нагодах, адна з якой — непаголенасць. Марач прабыў у карцары як мінімум 10 дзён”.

Настолка "VOLODAROCHKA"

volodarochka.jpg
Настольная гульня "VOLODAROCHKA", намаляваная па памяці былым вязнем

“У маёй камеры ў 2021 годзе сядзеў Эдуард Пальчыс, які разам з Іллём зрабілі настольную гульню. Гэта была гульня-хадзілка, сцэнар якой заснаваны на негалосных правілах жыцця зняволеных і турэмным слэнгу. Напрыклад, калі гульнявая фішка трапляе на ячэйку з назвай “Карцар”, гулец прапускае пэўную колькасць крокаў. На той момант разам з хлопцамі ў камеры быў гейм-дызайнер. Ён вельмі падрабязна распрацаваў і аформіў гульню. Выглядала, нібы яе набылі ў краме. Пазней мне перадалі гульню, каб я яе захаваў. Але, на жаль, у мяне скралі рэчы разам з настолкаю”.

Пра Данілу Чуля

Данілу Чуля затрымалі другога сакавіка 2021 года па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння". Шостага верасня 2022 года Данілу асудзілі паводле арт. 342, ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса на пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. 

“Пасля шэрагу ператрусаў Іллю Шапаткоўскага і Андрэя Марача перавялі ў іншую камеру, а да нас падсялілі палітвязня Данілу Чуля. Высветлілася, што ў нас з ім шмат агульных інтарэсаў: поп-культура, гульні і фільмы. Наогул гэта адзін з самых вясёлых людзей, якіх я ведаю. Даня ведаў, калі трэба было дадаць троху чорнага гумару. Ён распавядаў, што па вызваленні хоча займацца стэндапамі.

Я вучыў яго ангельскай мове. Мая нявеста дасылала мне ў лістах тэксты ангельскаймоўных песен. Гэта былі песні такіх гуртоў, як Foals, Cage the elefant, штосьці з AC/DC. А аднойчы да нас патрапіў сапраўдны артэфакт — слоўнік вульгарнай ангельскай мовы. Кніга нас вельмі забаўляла”.

Як кажа Саша, у Данілы быў баявы настрой. Свой суд ён успрымаў проста як абсурдную камедыю. “Я хадзіў на пасяджэнні па сваёй справе толькі таму, што мяне туды вадзілі. І таму, што там уключалі музыку з нашай медыятэкі”, — расказваў Даніла Чуль Аляксандру. Адна з песень, якую Даня ведаў на памяць і спяваў, была “Молодая семья” гурта “Порнофильмы”.  

У Даніла на волі ёсць сабака па мянушцы Булка, якую хлопец узяў з прыткулка. Як кажа Саша, узяць дамоў беспрытульную жывёлу – сапраўдны ўчынак.

“Даня захапляецца body modification. Ён шмат распавядаў пра тату і пірсінг. Адна з самых запамінальных і нетыповых яго татуіровак — надпіс на назе “Прывітанне супрацоўнікам моргу”. Таксама Даніла шмат распавядаў пра свае заняткі ролерным спортам і трукі на роліках, які ён можа выканаць”.

У верасні 2022 года Данілу вынеслі прысуд па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння", але толькі ў сакавіку 2023 года ён пачаў адбываць пакаранне. Паўгода ён чакаў вынік апеляцыі. Гэта максімальна магчымы тэрмін разгляду апеляцыйнай скаргі. Аляксандр распавядае, што па сканчэнні тэрміну апеляцыі Данілу не адразу прынеслі паперы з суда. Сукамернікі падумалі, што магчыма Данілу змянілі прысуд. Да таго ж ў камеру дайшла навіна аб тым, што Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку зменшылі прысуд на невялікія тэрміны. Усе сукамернікі Данілы, чакаючы выніку апеляцыі, вельмі спадзяваліся, што кожнаму са справы “Рэвалюцыйнага дзеяння” хоць і нязначна, але зменьшаць тэрміны. Кожны дзень праведзены за кратамі адчувальны для вязня. У выніку Данілу пакінулі прысуд без зменаў.

“Самае жудаснае, што адбываецца з палітвязнем – гэта ІЧУ на Акрэсціна”. Пра ўмовы ў камеры

На пытанне пра ўмовы ў СІЗА Аляксандр адразу ўзгадвае свой арыштанцкі досвед у ІЧУ на Акрэсціна. Кажа, што ў параўнанні з ІЧУ “Валадарка” – “лайт”.

“На “Валадарцы” супрацоўнікі ставяцца да зняволеных больш па-людску. Канешне, я ні ў якім разе не збіраюся дзякаваць адміністрацыі СІЗА. Але яны хаця бы не імкнуліся наўмысна пагоршыць нашыя ўмовы, як гэта было ў ізалятары на Акрэсціна.

У СІЗА існуе так бы мовіць уласная “экасістэма”, негалосная сістэма правілаў. Усім палітвязням адразу ўводзяць забарону на ліставанне. Але мне пашанцавала, я лісты атрымліваў. Разам са мною сядзеў хлопец па арт. 342 КК. Яму за тры месяцы прыйшло 15 лістоў, а мне за такі ж тэрмін – 113”.

Самае жудаснае, кажа хлопец, што адбываецца з палітвязнем – гэта ІЧУ на Акрэсціна.

“Гэта быў самы жудасны час маёй адсідкі. Мне яшчэ пашанцавала правесці там толькі чатыры дні. Звычайна людзі сядзяць у ІЧУ як мінімум 10 сутак. Я сядзеў у камеры плошчай 1*2 метры, разлічанай на адну асобу. Але разам са мною там знаходзілася 11 чалавек. Мы спалі па чарзе, бо папросту не хапала месца ўсім адначасова легчы”.

Аднойчы а першай гадзіне ночы, да Сашы ў камеру прывялі мужчыну ў касцюме. Сваім дзелавым стылем ён моцна кантраставаў з бруднымі і барадатымі арыштантамі. Іх новы сусед быў у шоку і не разумеў, што адбываецца. Сукамернікі адразу ў яго запыталіся: “Палітычны?”. “Не, эканамічны”, – адказаў мужчына. Усе троху здзівіліся, а адзін з сукамернікаў упэўнена сказаў, што яго зранку забяруць. Так і адбылося. Як кажа Аляксандр, мужчыну прыпугнулі і паказалі, як можа быць, калі той не будзе супрацоўнічаць са следствам. 

Пра Эдуарда Бабарыку

Эдуард Бабарыка быў затрыманы 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам, калі ішоў у ЦВК здаваць сабраныя подпісы. Палітвязень знаходзіцца рэкордны тэрмін у зняволенні без суду. 22 траўня 2023 года над Эдуардам пачаўся суд. Палітвязня абвінавачваюць таксама паводле ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса (легалізацыя ("адмыванне") сродкаў, атрыманых злачынным шляхам).

У СІЗА Аляксандру давялося сустрэцца з Эдуардам Бабарыкам.

“Гэта адбылося пасля таго, як ад нас забралі Іллю Шапаткоўскага. Мы спаткаліся з Эдуардам “на кабінетах”, куды вязняў водзяць на сустрэчы з адвакатамі. У яго быў стомлены позірк, але Эдуард не глядзеў долу, як робяць многія іншыя вязні, а ўпэўнена стаяў з паднятаю галавою. Ён склаў уражанне моцнага чалавека”.

Пра катоў на Валадарцы

“Быў выпадак, калі мяне вяла на сустрэчу з адвакатам дзяўчына-канваірка. Мы спыніліся на лесвічным пралёце, дзе сядзела маленькае кацяня. Я ўбачыў, што супрацоўніца пачала замілоўвацца, тады я наважыўся папрасіць дазволу ў таварыша начальніцы пагладзіць кацяня. На маё здзіўленне яна дазволіла. Увесь час чакання адваката я лашчыў кацейку. Гэта здарылася ў тыя часы, калі я цяжэй за ўсё перажываў свой арышт”.  

Аляксандр прыгадвае іншы выпадак сустрэчы з коткамі ў СІЗА.

“У камеры мы захоўвалі мясныя прадукты ў “лядоўні” – халодным месцы за вакном. Камера была на першым паверсе. Неяк ноччу мы чуем, як па жалезным борціку за вакном штосьці грукнула. Я падыйшоў да вакна і ўбачыў каціную лапу. Кот учапіўся ў палку каўбасы, пакінутую за вакном і драпануў з ёю прэч”.

Крыніца: Чуль, Марач, Бабарыка: былы вязень аб сустрэчах з іншымі палітычнымі "Валадаркі"