15.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе 15 чэрвеня распачаўся суд над палітзняволеным Андрэем Фаміным. Яго абвінавачваюць паводле трох Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый), ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання). Пасля затрымання Андрэя паведамлялася, што ён нібыта быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі самвыду "Веснікі", якую праз паўтара месяца пасля затрымання мужчыны прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем". Таксама Андрэя абвінавачваюць ва ўдзеле ў Маршы 30 жніўня 2020 года. Справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч.
29-гадовага Андрэя Фаміна затрымалі 27 кастрычніка 2022 года. Зранку да хлопца заявіліся супрацоўнікі ГУБАЗіКа і САХРа ў поўным баявым абмундзіраванні і са зброяй. На гэта сонны Андрэй толькі зрэагаваў: "Можна я прачнуся спачатку?" Адзін з сілавікоў яму сімвалічна адказаў, што ён ужо прачнуўся. У праўладных каналах паведамлялася, што Андрэй нібыта быў рэдактарам і аўтарам артыкулаў для сеткі самвыду "Вестники".
"Андрэева маці адчыніла дзверы. Ёй сказалі, што, маўляў, знайшлі нейкія фатаграфіі за 30 жніўня 2020 года [гаворка ідзе пра акцыю пратэсту]. У Андрэя дома знайшлі два прадметы БЧБ-расфарбоўкі. Адзін з іх — значок. Калі яго адводзілі, то сілавік начапіў яго яму на байку".
Паводле блізкіх, Андрэя збівалі — гэта заўважна і на "пакаяльным" відэа, якое апублікавалі на наступны дзень пасля затрымання праўладныя Telegram-каналы.
У выніку хлопцу выставілі абвінавачванне за ўдзел у Маршы 30 жніўня 2020 года паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса — актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
9 снежня 2022 года групу грамадзян, аб'яднаных пад назвай "Веснікі", прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Пазней Андрэю выставілі абвінавачванне яшчэ па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса.
"Ты ўжо прачнуўся". Гісторыя Андрэя Фаміна, якога нядаўна затрымаў САХР і ГУБАЗіК
Падтрымайце хлопца лістамі, тэлеграмамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Андрэй Валер'евіч Фамін
Крыніца: У Мінску пачалі судзіць палітвязня за самвыдат "Веснікі"