14.06.2023 Тэгі: ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У "тэрарыстычны спіс" дадалі Паўла Белавуса, Дзмітрыя Семчанку і Яна Рудзіка — цяпер у ім 1068 чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — там з'явіліся прозвішчы яшчэ дзевяці чалавек.
Сярод іх Раман Янкоўскі, журналіст «прэзідэнцкага пула» Дзмітрый Семчанка, юрыстка Наталля Лашч, заснавальнік Symbal.bу Павел Белавус, блогер Ян Рудзік, а таксама Андрэй Сініцкі, Кірыл Мацюта, Вячаслаў Янюк, Міхаіл Мякека.
Цяпер у "тэрарыстычным спісе" 1068 чалавек, з іх 317 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1075 пазіцый, аднак 7 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
У Ваўкавыску затрыманы Тадэвуш Міхеенка
На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкай» сімволікі і за ўступленне ў чат-бот «Плана Перамога».
На скрыншотах, апублікаваных сілавікамі, маюцца кадры перасоўвання ваеннай тэхнікі, адпраўленыя ў бот аднаго з тэлеграм-каналаў, піша @Grodno_grab.
Крыніца: Новыя затрыманні і імёны ў "спісе тэрарыстаў": хроніка пераследу 14 чэрвеня