13.06.2023 Тэгі: суды, палітвязні, праваабаронцы У Мінскім гарадскім судзе сёння, 13 чэрвеня, распачынаецца суд на праваабаронцай Настай Лойкай. Яе абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Падставай для крымінальнай справы стаў даклад аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год: у ім даецца крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі. Праваабаронцы пагражае да 12 гадоў калоніі. Справу разглядае суддзя Алена Шылько.
Хто такая Наста Лойка?
Гэта вядомая беларуская праваабаронца, якая актыўна займаецца правамі чалавека, якая надае асаблівую ўвагу пытанням барацьбы з дыскрымінацыяй і роўнасці, справядлівага судовага разбору, правоў іншаземцаў і асоб без грамадзянства, нефармальнай адукацыі ў галіне правоў чалавека. Яна з'яўляецца вядомай эксперткой па пытаннях свабоды сходаў, прававых механізмаў абароны правоў чалавека, маніторынгу судовых працэсаў, працы з валанцёрамі, а таксама барацьбы з мовай варожасці і злачынствамі на глебе нянавісці.
У чым абвінавачваюць праваабаронцу?
Паводле версіі абвінавачвання, у адным з праваабарончых дакладаў аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год змяшчаецца негатыўная ацэнка незаконных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі, якая стала падставай для ўзбуджэння супраць яе крымінальнай справы. Група, супраць якой нібыта распальвалася іншая сацыяльная варожасць, з'яўляецца прафесійнай сацыяльнай групай супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Як адзначаюць праваабаронцы, такое тлумачэнне артыкула не адпавядае міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека, пра што сведчыць практыка міжнародных судовых органаў.
Людзі з аўтаматамі, электрашокер і 60 сутак на Акрэсціна
Насту Лойку ўпершыню затрымалі 6 верасня 2022 года. Гэта адбылося пасля пасяджэння па справе "Рэвалюцыйнага дзеяння" ў Мінскім гарадскім судзе. Пасля яе некалькі разоў перазатрымлівалі паводле адміністрацыйных артыкулаў. У кастрычніку Лойка выйшла на волю, але ў хуткім часе была затрыманая пасля ператрусу дома. На праўладных тэлеграм-каналах тады з'явілася "пакаяльнае відэа" з Настай, на якім яна "прызнаецца", што нібыта "атрымоўвала фінансаванне ад замежных арганізацый". Пра затрыманне і ператрус у межах крымінальнай справы Наста распавяла ў лісце да свайго сабакі Эрыкі:
"На развітанне [у апраўданне] я хачу табе нешта распавесці пра дзень нашай апошняй сустрэчы, 28.10.2022. Праз 30 хвілін, як я выйшла з дома ў 15:30, я стаяла ў калідоры на вуліцы Рэвалюцыйная, 3, шырока расставіўшы ногі і ілбом у сцяну (гэта называецца “ластаўка”), акрамя ўдараў у спіну й гуку электрашокера мне сказалі, што цябе ім прыйдзецца забіць — Мікалай Талкачоў "не хацеў рызыкаваць сваімі людзьмі". Але потым нібыта амапаўцы прапанавалі іншы варыянт — даць мне 20 секунд, каб загнаць цябе ў душавы пакой. Я плакала і баялася, па лесвіцы са мной ішлі людзі з аўтаматамі. Перад дзвярыма мне перасцягалі кайданы з-за спіны — перад тулавам. Рукі трасліся, калі я адчыняла дзверы. Глыбокае дыханне толькі трошкі дапамагло, я чакала, што ты адразу адчуеш небяспеку ў прысутнасці злых людзей, але ты выйшаў у калідор да мяне й радасна махаў хвастом. У кайданках я нават не магла ўзяць цябе за ашыйнік — проста адчыніла дзверы ў душ і стала прасіць цябе зайсці туды..."
На Акрэсціна агулам яна правяла 60 сутак — ёй чатыры разы запар прызначалі 15 сутак арышту. На адным з адміністрацыйных судоў Наста распавяла пра катаванні — супрацоўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з супрацоўнікаў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без цёплай вопраткі на некалькі гадзін, за тое, што яна напісала скаргу. Як стала вядома пазней, у ГУБАЗіКу Насту білі электрашокерам, таму што яна забылася воблачны пароль ад тэлеграма. Пра гэта "Вясне" распавяла расійская журналістка Кацярына Яньшына, якая правяла 15 сутак на Акрэсціна.
"...Як мне потым расказалі, дзяўчыну, якая проста забылася на свой пароль, катавалі токам. Яе білі электрашокерам у пятку, каб не было слядоў. Гэта было з праваабаронцай Настай Лойкай. Калі я адмовілася даць паролі, мне расказалі гэту гісторыю. І я потым сядзела думала: цікава, колькі ўдараў току я вытрываю, перш чым зламаюся і дам паролі".
У дворыку ЦІП Насту пакінулі без вопраткі за скаргу. Пра гэта "Вясне" распавяла адна з былых арыштантак Акрэсціна:
"Насту аднойчы выгналі ў дворык за тое, што яна напісала скаргу на тое, што тых, хто ездзіў на працу на сметніцу, доўга трымалі ў дворыку на марозе, то бок трымалі ў неналежных умовах. На гэта міліцыянт Цішачкін сказаў, што яна цяпер пойдзе і паглядзе сама, як гэта. Яе адправілі на 5-6 гадзін у гэты дворык. Ён прасіў потым Насту, каб яна не пісала скаргі.
Аднойчы яна хацела абвясціць галадоўку, але ёй не далі паперу і асадку, каб напісаць заяву. ГУБАЗіК ёй абяцаў крыміналку. Адразу сказалі, што пасадзяць па адміністрацыйцы і будуць шукаць, як яе ўжо пасадзіць надоўга".
Амаль шэсць месяцаў на "Валадарцы"
У СІЗА № 1 Наста Лойка вучыць французскую і польскую мовы, шмат чытае. Як і да затрымання, працягвае есці толькі веганскую ежу. Вядома, што Наста за кратамі пакутуе ад праблемаў са страўнікам. Яна не можа есці тое, чым кормяць у СІЗА. Даводзіцца харчавацца толькі тым, што атрымлівае з волі праз перадачы і што можна набыць у турэмнай краме.
"Прыходзяць пасылкі, напрыклад, з Германіі, ад людзей, якім яна калісьці аказвала прававую дапамогу. Таму што яна ў тым ліку працавала з замежнікамі, якія транзітам ехалі ў Еўропу. І былі кліенты, напрыклад, палітычныя актывісты з Таджыкістана, якія атрымалі статус уцекача ў Нямеччыне і яны пасылалі ёй пасылку адтуль. Пасылкі дапамагаюць харчавацца і жыць неяк", — распавяла "Медыязоне" каляжанка Насты праваабаронца Эніра Браніцкая.
Праваабаронца года і патрабаванні вызваліць Насту
Летась Наста стала лаўрэаткай Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2022 год у намінацыі "Праваабаронца года".
17 снежня 2022 года Камітэт ААН па правах чалавека зарэгістраваў скаргу Насты Лойкі. Пакуль справа знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце, дзяржава абавязана даць праваабаронцы неадкладны доступ да незалежнай меддапамогі, а таксама забяспечыць захаванасць яе жыцця і здароўя — фізічнага і ментальнага, у тым ліку з дапамогай прадастаўлення прыдатнага для сезону адзення.
Напярэдадні суда калегі і каляжанкі Насты з каманды Human Constanta выступілі з заявай, у якой чарговы раз заклікалі вызваліць праваабаронцу:
"Мы рашуча асуджаем палітычна матываваны судовы працэс супраць Анастасіі Лойкі, мэтай якога з'яўляецца пакаранне за яе шматгадовую праваабарончую дзейнасць і ўтойванне фактаў парушэння правоў чалавека беларускім рэжымам. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Анастасіі Лойкі і ўсіх палітычных зняволеных, а таксама спынення пастаянных рэпрэсій, якія суправаджаюцца парушэннямі правоў чалавека".
Падтрымаць Насту грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Анастасія Юр'еўна Лойка