12.06.2023 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 11-12 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Магілёве быў затрыманы актывіст Аляксандр Хамратаў
Па інфармацыі праваабаронцаў, затрыманне адбылося ўчора каля гандлёвага цэнтру «Атрыум». Падрабязнасці высвятляюцца.
З'явілася інфармацыя аб затрыманнях на аграсядзібе «Стулы»
Гаворка можа ісці аб як мінімум 5 затрыманых. Папярэдне, людзі знаходзяцца ў Пружанскім РАУС і чакаюць суда ў панядзелак па «экстрэмісцкім» артыкуле.
Паводле непацверджанай інфармацыі, затрыманні маглі прайсці падчас ці пасля батлеечнага спектакля, якія ладзяць на аграсядзібе.
У Мінску затрыманая Наталля Богуш
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, жанчыну затрымалі 7 чэрвеня ў Мінску. Цяпер яна ўтрымліваецца ў ІЧУ на Акрэсціна. Яе падазраюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту паволе арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
У Светлагорску затрыманыя восем супрацоўнікаў тэлеканалу “Ранак”
Дакладная прычына затрымання невядомая. Ёсць інфармацыя, што затрыманнем кіраваў гомельскі ГУБАЗіК і супрацоўнікаў сёння будуць судзіць паводле арт. 19.11 КоАП.
Паводле словаў крыніцы, працаўнікоў медыя затрымалі за падпіскі на суполку “Светлік. Светлагорск” у “Аднакласніках” (не ўнесеная ў спіс “экстрэмісцкіх”).
Сапраўднай прычынай для затрымання мог стаць сюжэт пра выбух на Светлагорскім ЦКК, у якім загінула тры чалавекі.
Пазней сталі вядомыя імёны затрыманых. Гэта Андрэй Ліпскі, Павел Рабко, Марына Бычкоўская, Крысціна (яе прозвішча пакуль не вядомае). Таксама была затрыманая цяжарная жанчына, імя якой не ўдакладняецца. Яе адпусцілі.
Тым часам кіраўнік тэлеканалу быў выкліканы ў райвыканкам.
Інфармацыя дапаўняецца.