09.06.2023 Тэгі: палітвязні, пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Напярэдадні фестывалю Інды-поп у Наваполацку адбыліся затрыманні вядомых у горадзе музыкантаў — вакаліста Detroit Hills Аляксея Запасніка і басіста BTTF Арцёма Новікава
Папярэдне вядома, што затрыманне адбылося 6 чэрвеня. Па якім адміністрацыйным артыкуле пакаралі музыкантаў пакуль невядома.
Паведамляецца таксама, шта пасля адміністрацыйнага арышту на волю выйшаў яшчэ адзін наваполацкі музыкант — барабаншчык гурта «Паранойя долс» Дзмітрый Шалак.
Палітвязня Дзяніса Сальмановіча змясцілі ў ШІЗА. Дзень народзінаў ён сустрэў там
Дзяніс Сальмановіч — палітвязень, асуджаны да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Сілавікі называлі яго «галоўным візуальным рэдактарам» ролікаў «Кібер-партызан» і «Супраціву». Таксама Сальмановічу прызначылі штраф у памеры 6 400 рублёў. Пасля затрымання яго маці і бацька былі вымушаныя з'ехаць з краіны. Год таму КДБ унёс Дзяніса у спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".
У студзені 2023 года Дзяніса этапавалі папраўчую калонію № 3 у Віцьбе. Цяпер праваабаронцам стала вядома, што палітвязня змясцілі ў штрафны ізалятар, дзе ён і правёў свой Дзень народзінаў. 6 чэрвеня Дзянісу споўнілася 32 гады. Прычыны і тэрмін спагнання невядомыя. Падтрымайце Дзяніса: ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, п. Віцьба
Крыніца: Затрыманні музыкаў, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 9 чэрвеня