09.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У судзе Маскоўскага раёна Брэста 16 траўня асудзілі Генадзя Дарожкіна паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Яўген Брыган прызначыў Генадзю тры месяцы арышту.
Генадзя абвінавацілі ў тым, што ён у студзені 2022 года ў тэлеграм-канале пакінуў абразлівы каментар у бок намесніка камандзіра аператыўнай роты па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні атрада міліцыі асобнага прызначэння УУС Брэсцкага аблвыканкама Р. Таксама Генадзь у лютым таго ж года пакінуў абразлівы каментар пад фотаздымкам у тэлеграм-канале ў бок супрацоўніцы аператыўнай роты атрада міліцыі асобнага прызначэння УУС Гродзенскага аблвыканкама Б.
Мужчына цалкам прызнаў сваю віну і раскаяўся ў здзейсненым.
Таксама суд прызначыў спагнаць з Генадзя ў якасці маральнай шкоды 2000 рублёў на карысць міліцыянткі Б., 200 рублёў, з улікам раней сплочаных сродкаў, на карысць міліцыянта Р. У мужчыны канфіскавалі мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства.
Крыніца: Мужчыну асудзілі на тры месяцы арышту за абразу двух амапаўцаў