08.06.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" восьмага чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Жыхара Мінска затрымалі за “захоўванне пратэснай сімволікі”
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што мужчына нібыта быў затрыманы за тое, што хадзіў у адной з “пратэсных” цішотак па вуліцы. Таксама ў яго быў знойдзены афіцыйны герб Украіны.
“Пакаяльнае відэа” з затрыманым беларускія сілавікі суправадзілі песняй пра ПВК «Вагнэр».
120 дзён няма ніякіх навінаў пра палітзняволенага Мікалая Статкевіча
Пра гэта ў Facebook паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч. У сярэдзіне траўня Адамовіч атрымала адказ адміністрацыі калоніі пра тое, што Мікалая змясцілі на паўгода ў адзіночную камеру
Нагадаем, Статкевіч знаходзіцца за кратамі больш за 3 гады. 14 снежня 2021 яму быў вынесены прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму.
У канцы мінулага чэрвеня Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13. З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА — яму выпісалі больш за 20 спагнанняў.
Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу.
Пачасціліся затрыманні кіроўцаў на трасе М1 у Дубровенскім раёне
У Дубровенскім раёне за апошні месяц пачасціліся затрыманні кіроўцаў, якія рухаюцца транспартам па трасе М1 з боку Расіі, альбо ў адваротным накірунку. У грамадзян Беларусі правяраюць тэлефоны, шукаюць “экстрэмісцкія” падпіскі ў тэлеграм-каналах і чатах. Некаторых затрымліваюць і адвозяць у Дуброўна, дзе заводзяць адміністрацыйныя справы і судзяць па арт. 19.11 КаАП.
Вядома, што 21 траўня быў затрыманы жыхар Магілёва. Затрыманаму прысудзілі штраф у памеры 1110 рублёў і канфіскавалі тэлефон.
А 24 траўня затрымалі яшчэ дваіх беларусаў і асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту кожнага.
Мясцовыя праваабаронцы мяркуюць, што колькасць затрыманых на трасе М1 значна большая.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманні ў Мінску і Дубровенскім раёне: хроніка пераследу 8 чэрвеня