07.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, аналітыка Праваабаронцы "Вясны" ў траўні фіксавалі працяг тэндэнцыі крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян паводле палітычных матываў. Па наяўным дадзеным, агульная колькасць людзей, якія маглі быць рэпрэсаваны за мінулы месяц, складае прыблізна 141 чалавек. Праваабаронцам вядома пра не менш за 51 асуджанага у крымінальным парадку грамадзяніна, з якіх 34 складаюць мужчыны, 17 — жанчыны.

У дачыненні да двух грамадзян пастаноўлены абвінаваўчы прысуд у парадку завочнага судаводства, яшчэ адзін асуджаны да 8 гадоў пазбаўлення волі фігурант дадзенай справы памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам. На працягу месяца зафіксавана паніжэнне судом тэрміну пакарання ў дачыненні да палітзняволенага ў апеляцыйнай інстанцыі. Месяцам раней яго справа разглядалася ў парадку нагляду. На працягу месяца адзін і той жа палітзняволены, які адбывае пакаранне паводле некалькіх прысудаў, мог быць асуджаны двойчы судамі за пакінутыя раней каментары. У траўні зафіксаваны адзін выпадак асуджэння фігуранта за паўторнае парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства на працягу года пасля накладання адміністрацыйныйнага спагнання. У структуры крымінальнага пераследу паа палітычных матывах у траўні пераважную большасць спраў займалі кейсы паводле 342 артыкула КК за падзеі 2020 года.

Сумарна, па вядомых праваабаронцам фактах асуджэння, у траўні суды вынеслі:

  • 68 гадоў пазбаўлення волі ў дачыненні да 18 чалавек;
  • 4 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") у дачыненні да двухчалавек;
  • 77 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову ("хатняя хімія") у дачыненні да 30 чалавек;
  • 630 базавых велічынь штрафу на суму 23 310 рублёў у якасці дадатковага пакарання ў дачыненні да трох чалавек, асуджаных на пазбаўленне волі і абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ.

Па вядомых праваабаронцам прысудах у траўні суды прымянялі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 35,3% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ ("хімія") суды прымянялі ў 3,9% выпадкаў крымінальных рэпрэсій. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімія") прымянялася ў 58,8% выпадкаў асуджэння грамадзянаў. Арышт прымяняўся ў 2% выпадкаў.

Такім чынам, у траўні пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе "хіміі" і "хатняй хіміі" суды прымянялі ў 100% вядомых "Вясне" выпадкаў асуджэння фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў.

У красавіку судамі ў крымінальным парадку рэпрэсавана не менш за 43 чалавекі

Крыніца: У траўні судамі ў крымінальным парадку рэпрэсаваны не менш за 51 чалавек