05.06.2023 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, пенітэнцыярная сістэма Адна з найбольш папулярных сёння бібліятэк у Беларусі, апрача Нацыянальнай, знаходзіцца ў Следчым ізалятары №1 у Мінску. І хаця выбар кніг там не зусім багаты, тым не меней, яны заўсёды карыстаюцца ў сядзельцаў Валадаркі вялікім попытам. Многія зняволеныя пішуць на волю ў лістах аб тым, што шмат чытаюць, паколькі кнігі даюць магчымасць не толькі неяк забывацца на час, але і падтрымліваць псіхалагічную раўнавагу. Кніга тут – гэта больш чым кніга.
Сабралі ўспаміны палітвязняў, аб тым, як функцыянуюць бібліятэкі на Валадарскага і ў калоніях, і якім кнігам аддаюць перавагу зняволеныя.
Просяць кнігі на беларускай мове
Алег Груздзіловіч, журналіст “Радыё Свабода”, у СІЗА на Валадарцы правёў тры месяцы:
– У многіх камерах маюцца спісы кніг, пару зашмальцаваных старонак. Калі ў бібліятэкара нешта замаўляеш – часта можа адказаць, што такога аўтара няма. Але трэба запытваць пра кнігі, якіх няма ў спісе, і тады можна выбраць тое, што хацелася б пачытаць.
Бібліятэкар – ранейшы начальнік ў СІЗА, які выйшаў на пенсію. Прыходзіць прыкладна раз на дзесяць дзён. Спачатку камера здае ранейшыя кнігі… Але калі тваю нехта з сукамернікаў вырашыў чытаць таксама, то яе можна перапісаць на іншага. Кніга выдаецца на пару тыдняў.
Што чытаюць? Тады яшчэ можна было выпісваць газеты. Яшчэ выдавалася “Беларусы і рынак”, выпісваў таксама “Фізкультурнік Беларусі”. А вось “СБ. Сегодня” і так прыносяць.
Сукамернікі чыталі звычайна дэтэктывы, фантастыку, кнігі Аляксандра Дзюма.
Я выбіраў збольшага беларускія кнігі. Паспеў прачытаць “Зэльманцы” Мойшэ Кульбака, Дзмітрыя Быкава, Віктара Марціновіча, Людмілу Уліцкую.
Горш, калі кніга з камеры прападае. Неяк адна жанчына паведамляла, што бібліятэкар у такім выпадку на цэлы месяц пакараў камеру - не прыходзіў і нічога не прыносіў.
Бібліятэка зняволенага праваабаронцы: што чытаюць вясноўцы за кратамі
Палітзняволены праваабаронца “Вясны” Валянцін Стэфановіч таксама напісаў на волю, што ўжо прачытаў усяго Сяргея Даўлатава, адкрыў для сябе Харукі Муракамі, рэкамендуе пачытаць кнігі Мілана Кундэра і Артура Клінава.
Лявон Халатран, які цалкам адбыў пакаранне, таксама ўзгадвае кнігі, якія засталіся ў ягонай памяці пасля адбыцця пакарання.
Ён піша пра “Архіпелаг ГУЛАГ” Аляксандра Салжаніцына:
– Многія казалі: як можна чытаць гэтую кнігу, трэба ж нешта пазітыўнае выбіраць. А мне, наадварот, дапамагло: не ведаю, чаму менавіта, але з гэтай кнігай было прасцей сядзець. Як быццам чытаеш аднадумца, разумееш, што гэта ўсё ўжо было, усё паўтараецца і ў нас не так дрэнна, як было ў тыя часы.
Ён таксама ўзгадвае “Лаліту” Уладзіміра Набокава, “Град асуджаны” Братоў Стругацкіх, гістарычныя раманы.
Былая палітзняволеная Віка вельмі кранальна распавяла пра свае чытацкія прыхільнасці:
– Я не з тых, хто чытае шмат, люблю пакайфаваць з кнігай, удумуцца ў прачытаныя радкі. У СІЗА чытала болей паэзію – Максіма Багдановіча, Пімена Панчанку, Купалу, Коласа, Рыгора Барадуліна. Асобныя радкі занатоўвала ў сшытак, які адабралі ў калоніі. Напамяць вывучыла ўрывак з “Новай зямлі:
Ды покі будзе сэрца біцца Яно ня зможа пагадзіцца Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою Над нашай роднаю зямлёю….
Гэтая радкі Вікторыя зачытала нават у сваім апошнім слове ў судзе.
Найбольш уразіў раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”, таксама моцна зачапіў твор Уладзіміра Караткевіча “Сівая легенда”, прыгожая і адначасова трагічная гісторыя кахання. Я нават, памятаю, малюнкі малявала да “Сівой легенды”.
На Валадарцы кнігі выдаваліся раз на два тыдні, у калоніі часцей – раз на тыдзень. Аднойчы нас завялі ў бібліятэку, дзе трэба было за 5 хвілін нешта выбраць і паспець запісаць у спіс. Я старалася браць кнігі на беларускай мове, але калі запісвала Караткевіча ці Быкава – маглі прынесці іх творы ў перакладзе на рускую мову.
Памятаю, мы спрабавалі ў атрадзе ў калоніі мяняцца кнігамі з сукамерніцамі, аднак такое не вітаецца і аднойчы мне ледзь не вынеслі спагнанне.
Апроч бібліятэкі існуе магчымасць кнігі набываць
У СІЗА №1, у адрозненне, ад іншых следчых ізалятараў, забаронена прымаць для зняволеных мастацкую літаратуру. Аднак, кнігі, часопісы і газеты асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, могуць браць у бібліятэцы СІЗА. Таксама можна набываць для сябе літаратуру праз адміністрацыю СІЗА ў крамах па безнаяўным разліку, падпісвацца на газеты і часопісы.
Антон Шумаў, фігурант "справы 14 ліпеня" правёў у СІЗА два месяцы:
– Раз на два тыдні па калідорах ездзіць хтосьці тыпу бібліятэкара і развозіць кніжкі, — распавядае Антон. – Можна пакінуць заяўку на наступны развоз: аўтар, назва кнігі. Там паглядзяць. Калі такія кнігі ёсць, яны прывязуць. Кніга даецца на камеру, запісваецца на зняволенага. Тэрмін на прачытанне – два тыдні. Паколькі кнігі перадаваць нельга, то ёсць лайфхак, распавядае Антон: "у той момант, калі вас затрымліваюць, з сабой можна ўзяць нейкія рэчы. У гэтым выпадку ты можаш узяць мастацкую літаратуру ў асабістыя рэчы, з якімі цябе прывозяць. То бок, гэта будзе не перадача, а асабістая рэч", – распавёў ён "Еўрарадыё".
Антон замовіў" з волі "Шантар","Трансерфинг рэальнасці","Атлант расправіў плечы". Пасля вызвалення ён пакінуў іх у камеры.
– Наогул у маёй камеры чыталі не моцна шмат. Але ў ёй была свая бібліятэка, якая складалася з кніг, якія пакінулі папярэднія зняволеныя, якія вызваліліся альбо паехалі на лагер. Наогул шмат кніг прачытаў у камеры за два месяцы. "Сэрца на далоні" Шамякіна, Пялевіна, які быў у майго сукамерніка. Перачытаў свае кнігі, ну і да ўсяго трапіліся пару бульварных дэтэктываў з агульнай бібліятэкі.
Па словах Антона, у СІЗА карыстаюцца попытам кнігі для самаразвіцця, матывацыі і рэлігіі.
– У нас у камеры быў чалавек, у якога была кніга "курыны булён для душы" і шмат эзатэрычнай літаратуры, у якой тэматыка: вер у сябе, усё атрымаецца. Вельмі шмат кніг пра тое, як правільна спланаваць свой дзень, як правільна думаць і дамагацца поспеху. Я разумею, чаму яны там: яны цябе матывуюць і надаюць нейкую надзею, што ўсё будзе добра і абавязкова ўсё скончыцца. Што тваё знаходжанне за кратамі не бясконца, а калі-небудзь усё пройдзе, і жыццё на гэтым не сканчаецца.
Што яшчэ чытаюць у беларускіх турмах?
Бізнэсовец Аляксандр Васілевіч распавёў у лісце, што кнігі перадаваць у СІЗА на Валадарскага нельга, але калі іх раздрукаваць або адсканаваць і адправіць лістом — то фактычна можна. Адсканаваныя кнігі на англійскай мове не пройдуць, бо цэнзару "складана ацаніць змест". Таксама ў лісце ён дзякуе за перададзеныя кнігі: "тэмы культуры і дызайну заходзяць не менш, чым эканоміка. Не чытаў як раз, таму дабіваю "Баудолино" Умберта Эка і пераходжу да заснавальніка баухауса, клас".
Алена Карагачова, экс-памочніца Бабарыкі, у інтэрв'ю TUT.by распавядала, што "ў СІЗА нядрэнная бібліятэка, мы чыталі кнігі, было што абмеркаваць. Я брала, напрыклад,"Код Да Вінчы", яшчэ творы Эфраіма Севелы — гэта твор пра праблемы габрэяў у Савецкім Саюзе. Я знайшла там шмат цытат, якія падыходзяць пад наш час, — проста як быццам пра нас напісана".
Палітзняволены журналіст-фрылансер Андрэй Кузнечык нават сістэматызаў спіс кніг, які ён прачытаў з лістапада 2021-га па травень 2023 году ў СІЗА і ў Наваполацкай калоніі. Ён даслаў гэты спіс на волю.
У пераліку — 82 кнігі, якія прачытаў Андрэй за кратамі. Размешчаныя яны ў альфабэтным парадку па прозвішчы аўтара, таксама пазначана, у якія даты Андрэй чытаў гэтыя творы і колькі дзён заняло чытанне. Гэта пры тым, што палітвязень у Наваполацкай калёніі працуе на лесапілцы 6 дзён на тыдзень, маючы толькі адзін выходны, у нядзелю.
Паколькі турэмная бібліятэка ўжо амаль уся прачытаная, Андрэй чакае прывозу ў калонію новых кніг, якія можна будзе купіць.
«У чэрвені ў нас будзе кнігарня. Наколькі я разумею, больш-менш верагодна, што могуць прывезці кнігі, якія ёсць у інтэрнэт-краме „Белкнігі“. Мо там ёсць нейкія навінкі, якія неабходна прачытаць? Ці прадаецца там гістарычнае Арлова? Ці ёсць вершы Караткевіча, Жылкі, Бураўкіна, Гілевіча? З прозы — Міхась Стральцоў, Вячаслаў Адамчык, Павал Пруднікаў, Андрэй Мрый, Павал Касцюкевіч, Уладзімер Ахроменка, Максім Клімковіч, Віктар Марціновіч, Альгерд Бахарэвіч, Дзьмітры Горчаў, Тацяна Заміроўская, пераклады Сяргея Шупы, Васіля Сёмухі?» — пытаецца Андрэй.
"Салжаніцын апісваў сваю камеру, а мне здавалася, што ён знаходзіцца проста тут"
Падрабязна апісвае палітвязень Андрэй Шляпаў сваё знаёмства ў зняволенні з Максімам Знакам, які дапамог яму ў выбары кніг.
"Мая першая просьба да Максіма — даць параду наконт выбару літаратуры. Ён вельмі шмат чытаў — больш за 330 кніг за год. Гэта прыкладна па адной на дзень. Усе 13 кніг, якія я прачытаў у СІЗА, былі паводле парады Максіма. Першыя часы ў камеры мне было вельмі цяжка чытаць: шум, праверкі і г. д, але потым прызвычаіўся.
Я доўга чытаў «Архіпелаг ГУЛАГ». У гэтай кнізе ёсць абзацы ці нават цэлыя старонкі, дзе можна ўбачыць паралелі з нашым часам. Салжаніцын апісваў сваю камеру, а мне здавалася, што ён знаходзіцца проста тут, таму што нічога не змянілася, і я бачу гэта ўсё наяве. Яшчэ я там прачытаў "Палёт над гняздом зязюлі", "Кніжны злодзей", "Калымскія аповеды" і іншыя кнігі. Калі сукамернікі бачылі, што я чытаю Салжаніцына і Шаламава, то казалі: "Няўжо табе мала турмы ў турме?" А мне сапраўды было цікава. Я разумеў, што пра гэта трэба ведаць."
Дапамажы палітвязню выбраць кнігі з бібліятэкі СІЗА
Крыніца: "Кніга ў зняволенні – гэта больш чым кніга": што чытаюць беларусы ў СІЗА і калоніях?