02.06.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, грамадства, рэпрэсіі, вайна ва Украіне З узмоцненымі праверкамі на мяжы некаторыя беларусы сутыкаліся і да 2020 года. Пасля стварэння Міністэрствам унутраных спраў базы "БЕСпарадкі" беларусы, якія трапілі ў яе праз палітычна матываваны пераслед, сутыкаліся з поўным даглядам рэчаў, допытамі і праверкай тэлефонаў. Часам людзей затрымліваюць проста на мяжы па адміністрацыйных і крымінальных справах. Пасля дыверсіі ў Мачулішчах сітуацыя пагоршылася: цяпер скануюць від на жыхарства іншых краін, даглядаюць украінцаў, допыты праводзяць супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным. Спыталі ў юрыста ПЦ "Вясна", ці законна сканаванне дакументаў, якія тычацца пражывання ў іншых краінах, і для чаго гэта ўладам.
Што цяпер адбываецца на мяжы?
На беларускай мяжы да актывістаў заўсёды была пільная ўвага. Пасля пашпартнага кантролю ім маглі зладзіць поўны дагляд рэчаў і дапытаць. Пасля стварэння базы "БЕСпарадкі", куды трапляюць людзі, якія пераследуюцца сілавікамі за іх пазіцыю, сітуацыя значна пагоршылася.
Цяпер на мяжы дзейнічае выбарачная праверка: калі чалавек раней "засвяціўся", яго адводзяць у бок, ладзяць дагляд, правяраюць тэлефон, дапытваюць. Калі ў тэлефоне знойдуць "экстрэмісцкія" рэпосты або падпіскі, фота ці відэа з пратэстаў, бел-чырвона-белую сімволіку, то яго здымаюць з аўтобуса, апранаюць кайданкі і адвозяць у ІЧУ.
Паводле звестак Памежнага камітэта, пры ўездзе ў Беларусь летась затрымана 52 чалавекі за "экстрэмізм". Пры гэтым паводле інфармацыі "Вясны" ўсяго за 2022 год і пачатак 2023-га было затрымана не менш за 58 беларусаў, але лічба працягвае расці.
Мінімум 58 затрыманых: як і за што пераследуюць беларусаў, якія вяртаюцца дадому з-за мяжы
26 лютага на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах была здзейсненая дыверсія, у якой, на думку сілавых структур Беларусі, бралі ўдзел спецслужбы Украіны, а дрон, які выкарыстоўваўся пры дыверсіі, спрабавалі даставіць у Беларусь з Еўропы. Пасля гэтага праверкі на мяжы ўзмацніліся. Паводле слоў беларусаў, якія вяртаюцца ў краіну, допыты цяпер праводзяць супрацоўнікі спецслужбаў у цывільным.
"Пытанні таксама былі асабіста для мяне незразумелымі — ці ёсць у мяне ў тэлефоне Сігнал і Тэлеграм, што я рабіла ва Украіне 2,5 гады таму (гэта мая радзіма — я нарадзілася і вырасла ў Роўна), ці павінна я камусьці перадаць грошы ў Беларусі, з кім я сустракалася за мяжой, што я казала пра Беларусь, ці прыцягвалася я паліцыяй за мяжой, ці прыцягвалася я ў Беларусі, дзе я працую... Цалкам натуральна, што з майго боку большасць адказаў былі прыкладна як у міліцыі ў судах — "не памятаю", ну ці "не". Усяго ж допыт заняў прыкладна 1,5 гадзіны!",- падзялілася ў Фэйсбуку сваім досведам актывістка Таццяна.
"Праверка" на мяжы па-новаму: размовы з людзьмі ў цывільным, праверка тэлефона, сканаванне рэчаў
Таксама вядома, што дапытваюць грамадзян Украіны, а таксама людзей, якія раней ездзілі ва Украіну ці былі з ёй неяк звязаныя. Паводле інфармацыі "Зеркала", супрацоўнікі задаюць пытанні аб стаўленні да вайны ва Украіне, наяўнасці сваякоў ва УСУ і магчымых кантактах з замежнымі спецслужбамі.
Пры праверцы тэлефона сілавікі звяртаюць увагу на наяўнасць Telegram і Signal, глядзяць кантакты, правяраюць перапіскі.
Акрамя гэтага, з'явілася і новая практыка — супрацоўнікі пагранперахода просяць прад'явіць віды на жыхарства іншых краін, пасля чаго фатаграфуюць і скануюць.
"На пашпартным кантролі з боку Беларусі строга папрасілі паказаць "карту побыта" (ВНЖ у Польшчы. — Прым. рэд.). Я пачаў паказваць са сваіх рук, але работніца пашпартнага кантролю рэзка вырвала яе і паклала на сканер. Пасля гэтага ВНЖ мне вярнулі і паклікалі наступнага. Але мне так ніхто і не патлумачыў, для чаго ім спатрэбіўся дакумент. На пытанне навошта адказалі маўчаннем", — падзяліліся відавочцы з "Зеркалам".
Наяўнасць гэтага дакумента часта становіцца падставай для далейшага ўзмоцненага дагляду і допыту. Пры гэтым супрацоўнікі не называюць прававых падстаў для гэтай працэдуры і адмаўляюцца тлумачыць, на падставе якіх дакументаў адбываецца гэтая працэдура.
Як гэта пракаментавалі ў КДБ?
Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель 1 чэрвеня патлумачыў прычыны ўзмацнення кантролю на знешняй мяжы Беларусі. Паводле яго слоў, раней ён ужо анансаваў пра намер прыняць дадатковыя меры па ўзмацненні контрвыведвальнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі.
"Гэтая мера рэалізуецца цяпер па ўсім перыметры нашай мяжы. Яна накіравана на своечасовае выяўленне і лакалізацыю дзейнасці асоб, якія выношваюць тэрарыстычныя, экстрэмісцкія памкненні ў адносінах да Беларусі", — сказаў Церцель.
Ён адзначыў, што КДБ атрымлівае інфармацыю аб наяўнасці рэальных планаў сярод асоб з баявых груп, сфармаваных на тэрыторыі Украіны, Польшчы, Літвы, Чэхіі, некаторых іншых краін, аб здзяйсненні тэрактаў у Беларусі:
"Вось гэты бар'ер (узмоцнены кантроль на мяжы) — гэта толькі адзін са складнікаў, які дазваляе нам ажыццяўляць пэўную фільтрацыю гэтага кантынгенту і не дапускаць на нашу тэрыторыю".
У размове Церцель згадаў і пра "адзін з прыкладаў апошняга часу —прадухіленне спробы тэракту да 9 траўня, калі ў Беларусь пад выглядам бытавой тэхнікі накіроўваліся выбуховыя рэчывы".
"Відавочна, цяпер ідзе стварэнне і напаўненне базы такіх грамадзян"
Юрыст "Вясны" пракаментаваў новую практыку на беларускай мяжы:
"Сканаванне і фатаграфаванне віду на жыхарства грамадзян Беларусі, якія ўязджаюць у краіну, з'яўляецца абмежаваннем правоў. Пашпарт з'яўляецца дакументам, па якім чалавек перасякае мяжу. Патрабаванне прад'явіць для сканавання іншыя дакументы, якія сведчаць пра права на пражыванне ў іншай дзяржаве без законных падстаў і тлумачэння мэтаў, з'яўляецца ўмяшаннем дзяржавы, таму што яно адбываецца па-за прававымі падставамі.
На дадзены момант няма ніякай канкрэтыкі пра мэты дадзеных абмежаванняў, таму мы можам толькі меркаваць, дзе гэтыя дадзеныя будуць выкарыстоўвацца. Але ўжо цяпер з упэўненасцю можна сказаць, што гэтая ініцыятыва ідзе з самых вярхоў беларускай улады як рэакцыя на актыўную пазіцыю беларусаў замежжа, вымушаных эміграваць пасля падзей 2020 года.
Пачатак гэтай ініцыятывы быў пакладзены ў сярэдзіне мінулага года разам з такой ініцыятывай як пазбаўленне беларусаў грамадзянства па нараджэнні, калі Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што «трэба яшчэ раз паглядзець на тых, хто, выехаўшы за мяжу, дзейнічае на шкоду дзяржаве і народу, здзяйсняючы злачынствы. Такія вядомыя, усе да адзінага. Мы іх ведаем. Ці вартыя гэтыя людзі заставацца грамадзянамі Беларусі, калі яны збеглі з роднай краіны і фактычна разарвалі з ёй сувязь».
Акрамя пазбаўлення грамадзянства тут могуць рэалізоўвацца самыя розныя падыходы. Хутчэй за ўсё, гэта будзе адміністрацыйная адказнасць у дачыненні да тых, хто не падаў інфармацыю ў МУС аб атрыманні віду на жыхарства ў іншай дзяржаве. Верагодна, цяпер ідзе стварэнне і напаўненне базы такіх грамадзян. Таму не выключана, што ў найбліжэйшай будучыні мы ўбачым новыя нарматворчыя ініцыятывы беларускіх парламентарыяў. Тых, хто ўязджаюць і выязджаюць па заканчэнні вызначанага тэрміну, будуць штрафаваць, папаўняючы тым самым рэспубліканскі бюджэт.
Крыўда, якой суправаджаецца рыторыка ўладаў аб тым, што грамадзян, якія з'ехалі, неабходна "прыструніць", сведчыць аб тым, што на практыцы ўлады паспрабуюць базы з такімі грамадзянамі выкарыстоўваць для таго, каб пазбавіць іх бясплатнай медыцыны, павысіць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі.
Напярэдадні двух электаральных кампаній ад уладаў яшчэ можна чакаць таго, што кагосьці з тых, хто прыехаў у Беларусь з замежным відам на жыхарства, могуць выкарыстоўваць праваахоўныя органы і прапагандысты ў сюжэтах, дзе будуць распавядаць пра тое, што яны ва ўсім вінаватыя і ехалі з мэтай дэстабілізацыі грамадска-палітычнага становішча. На жаль, улады не хочуць прызнаваць таго, што рэалізацыя асноўных правоў на свабоднае выказванне меркавання і на мірныя сходы ў суседніх краінах не ўспрымаецца дэмакратычнымі ўрадамі як дэструктыўная".