30.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Гомельскім абласным судзе 30 траўня вынесены прысуд журналісту-фрылансеру і краязнаўцу Яўгену Меркісу. Палітвязня абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).
Справу Меркіса ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Адкрытым зрабілі толькі агалошванне выраку. Яўген трымаўся бадзёра, вонкава выглядаў няблага: сваю інтэлігентную бародку ён пагаліў, хутчэй за ўсё на патрабаванне адміністрацыі СІЗА.
Палітзняволенага Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года ў Гомелі. Па месцы жыхарства быў праведзены ператрус, у ходзе якога былі канфіскаваныя носьбіты інфармацыі. Да суда быў змешчаны ў СІЗА № 3 Гомеля.
Яўген асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, вёў стрымы з мітынгаў так званых "дармаедаў”. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Агулам за сваю журналісцкую дзейнасць Меркісу прысудзілі 50 сутак арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў.
Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі Яўген займаўся краязнаўчай і гістарычнай дзейнасцю. Аднак неўзабаве ягоны “Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны”, дзе размяшчалася багата ўнікальнай інфармацыі па краязнаўстве і гісторыі рэгіёна, перастаў адкрывацца. Цяпер пры адкрыцці старонкі nashkraj.info пазначаецца “сайт недасяжны”. Таксама быў выдалены тэлеграм-канал “Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны”.
Згодна звесткам прапагандысцкай газеты «Гомельская праўда», Яўген Меркіс адпраўляў тг-каналам звесткі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі. Таксама прапагандысты паведамляюць, што Яўген працаваў для тэлеканала Белсат, які ўлады прызналі экстрэмісцкім.
Сёння Яўген Меркіс выступіў з апошнім словам, пасля чаго быў абвешчаны прысуд: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму тэрмінам на чатыры гады.
Канфіскаваныя аўтамабіль, ноўтбук і тэлефон адабраныя судом у даход дзяржавы.
Крыніца: Журналіста-фрылансера Яўгена Меркіса асудзілі да чатырох гадоў калоніі Дапоўнена