Праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» асуджае выпадкі выдалення журналістаў і блогераў з выбарчых участкаў у Менску падчас падліку галасоў на мясцовых выбарах 18 лютага.

У заяве кіраўніка аддзела арганізацыі па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Ёхана Біра адзначаецца, што «Рэпарцёры без межаў» разглядаюць выпадкі прымусовага выдалення людзей з ужываннем сілы як наўмысную цэнзуру.

Асобна арганізацыя згадала інцыдэнт з даверанай асобай апазіцыйнага кандыдата Мікалая Казлова, назіральнікам і журналістам тэлеканала «Белсат» Андрэем Козелам, якога міліцыя жорстка вывела з залы выбарчага ўчастка № 27 у Мінску пасля адмовы спыніць відэатрансляцыю падліку галасоў. Яго абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі і пакінулі на ноч у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

На наступны дзень пасля інцыдэнту Козел заявіў у судзе Цэнтральнага раёну Менску, што супрацоўнікі міліцыі збівалі яго, а таксама разбілі яго галавой шкляныя дзьверы на ўчастку для галасавання. У сваю чаргу міліцыянер-сведка сцвярджаў, што Козел быў выправаджаны па просьбе старшыні выбарчай камісіі, паколькі «неаднаразова перашкаджаў камісіі падлічваць галасы». Падчас выдалення з памяшкання ён «пачаў супраціўляцца, упёрся нагой і выціснуў шкло», а пасля прымянення да яго сілы «упаў на падлогу і, магчыма, нанёс гэтым сабе цялесныя пашкоджанні». Суд адправіў справу ў дачыненні да Козела на дапрацоўку.

Таксама праваабаронцы згадалі пра перашкоду уладаў рабоце прэс-цэнтра кампаніі назірання «Права выбару», якая паведамляла пра парушэнні на выбарах і выпадках выдалення назіральнікаў з выбарчых участкаў.

Тым не менш, праз тры гадзіны «Праве выбару» атрымалася аднавіць працу ў іншым месцы. Кампанія, у прыватнасці, паведамляла пра тое, што назіральнікі, якія здымалі падлік галасоў, былі выдаленыя з па меншай меры трох іншых выбарчых участкаў у Мінску. Сярод іх быў рэпарцёр газеты «Новы час» Арцём Лява.

«Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна зняць абвінавачванні з Андрэя Козела і правесці непрадузятае расследаванне па факце непрымальнага гвалту, якому ён падвергнуўся, а таксама па іншых парушэнняў свабоды распаўсюду інфармацыі падчас галасавання», - адзначыў у заяве Ёхан Бір.

У рэйтынгу свабоды прэсы за 2017 год, які складае арганізацыя «Рэпарцёры без межаў», Беларусь займае 153-е месца сярод 180 краін.

Крыніца: "Рэпарцёры без межаў": выдаленне журналістаў, назіральнікаў на выбарах у Беларусі - наўмысная цэнзура