01.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, рэпрэсіі У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 30 траўня быў агучаны прысуд былому байкеру і актывісту Ігару Шумілаву — чатыры з паловай гады зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Палітвязня прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса за чатыры малюнкі ў Аднакласніках. Суддзя Мікалай Кміта разглядзеў справу за адну гадзіну.
Ігар мае інваліднасць трэцяй групы — 10 гадоў таму ён трапіў у ДТЗ і згубіў нагу, а таксама праз гэта мае сур'ёзную праблему з правай рукой. У Ігара ёсць 11-гадовы сын. Шумілава затрымалі 23 лютага ў Баранавічах. На наступны дзень яго асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Суддзя Вікторыя Пакунова прызнала яго вінаватым і арыштавала на 15 сутак.
Пазней супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 367(паклёп на Лукашэнку) Крымінальнага кодэкса.
Суд над ім адбыўся 30 траўня ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы. Справу разглядаў суддзя Мікалай Кміта, дзяржабвінавачванне падтрымлівала пракурорка Святлана Пасемко.
Падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы сталі чатыры пасты ў Аднакласніках з сатырычнымі малюнкамі з Лукашэнкам, а таксама Віктарам Лукашэнкам, кіраўніком Гродзенскай вобласці Уладзімірам Каранікам, памочнікам Лукашэнкі па Гродзенскай вобласці Юрыем Караевым, генпракурорам Андрэем Шведам, міністрам ўнутраных справаў Іванам Кубраковым, экс-начальнікам ГУБАЗіКа Мікалаем Карпянковым, гісторыкам Ігарам Марзалюком, начальнікам крымінальнай міліцыі Генадзем Казакевічам.
Паводле следства, у розны перыяд часу з 1 траўня 2020 года па 23 траўня 2022 года Шумілаў апублікаваў чатыры пасты ў Аднакласніках з сатырычнымі малюнкамі, у якіх следства разгледзела абразу Лукашэнкі і прадстаўнікоў улады, а таксама паклёп на Лукашэнку. На адной з выяваў Лукашэнка разам з пералічанымі асобамі намаляваны ў выглядзе арыштантаў, якія ўтрымліваюцца ў турэмнай камеры.
На судзе Ігар цалкам прызнаў сваю віну. Ён патлумачыў, што публікацыі на ягонай старонцы з'явіліся толькі пасля таго, як ёнпаставіў "лайк" пад гэтамі пастамі. Сам ён не разумеў на той момант, што гэтыя малюнкі могуць быць расцэнены як абраза.
У выніку суддзя Кміта прызначыў Ігару чатыры з паловай гады зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта столькі запрасіла пракурорка.
Падтрымайце палітвязня грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі і лістамі:
СІЗА-6, 225413, Баранавічы, Брэсцкая, 258 В
Ігар Юр'евіч Шумілаў
Крыніца: Баранавіцкага актывіста з інваліднасцю трэцяй групы асудзілі да 4,5 гадоў калоніі