31.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Суд Жлобінскага раёна 11 траўня вынес прысуд ваеннаслужачаму Узброеных сіл Беларусі Аляксандру Строкаву за ўдзел у пратэсных акцыях у 2020 годзе, калі яшчэ ён не быў прызваны ў войска. Абвінавацілі яго ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Святлана Рубахава.
Аляксандр Строкаў, які знаходзіцца на вайсковай службе, быў абвінавачаны ў дзеяннях, зробленых яшчэ ў той час, калі ён быў грамадзянскай асобай і жыхаром Жлобіна. Паводле дадзеных гомельскіх праваабаронцаў, хлопец навучаўся ў Жлобінскім дзяржаўным металургічным каледжы па спецыяльнасці «Металургічная вытворчасць і матэрыялаапрацоўка» са спецыялізацыяй «Электраметалургія чорных і каляровых металаў».
Прыгавор – два месяцы арышту на гаўптвахце.
У Жлобіне ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года, пасля прэзідэнцкіх выбараў, адбылася мірная акцыя пратэсту, удзельнікі якой, як і па ўсёй краіне, выказвалі сумненні ў выніках галасавання, аб якіх паведамляла ўлада. За гэту акцыю асуджаны некалькі дзесяткаў чалавек. Сярод іх раней ужо быў і ваеннаслужачы Унутраных войск.
Крыніца: Два месяцы арышту на гаўптвахце – ваеннаслужачаму са Жлобіна за ўдзел у пратэсных акцыях 2020 года