29.05.2023 Тэгі: пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27-29 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.\
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітзняволенага Юрыя Зянковіча адправілі ў ШІЗА — ён абвясціў галадоўку
Пра гэта «Маланцы» распавяла сястра Юрыя Аксана.
Паводле яе, адміністрацыя бабруйскай калоніі прымушала Юрыя Зянковіча выносіць вёдры з экскрэментамі і мыць прыбіральню, а калі той адмовіўся — адправіла ў ШІЗА. Палітвязень правёў там 8 дзён і абвясціў галадоўку.
На мінулым тыдні да Зянковіча ў калонію не змог патрапіць адвакат — верагодна, якраз з прычыны таго, што Юрый быў у штрафным ізалятары.
У Гродне затрыманы дырэктар школы
Стала вядома аб затрыманні дырэктара ДУА «Сярэдняя школа № 2» Бацько Аляксандра Уладзіміравіча. Пра гэта піша @Grodno_grab
У Гомелі затрыманыя не менш за пяць чалавек
Сярод іх адна жанчына.
У так званым «пакаянным» відэа, размешчаным у «Тэлеграм»-канале, блізкім да сілавікоў, усе затрыманыя кажуць, што былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» рэсурсы.
Такім чынам дзяржава не хавае, што рэпрэсуе людзей такім чынам цяпер ужо нават не за распаўсюд, а проста за падпіскі.
У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» кнігу аб гісторыі Польшчы і зборнік патрыятычных польскіх песень
Таксама экстрэмісцкімі матэрыяламі ад 25 мая прызналі:
Тэлеграм-каналы «Лошица — общий чат», «BYNL – Беларуская Сядзiба – чат», «БХ. Чат і каментарыі», «Партызанскі р-н СДЖ», «Якубоўскага», «Сапраудныя Беларусы», «Орша Вакзал».
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманні ў Гродна і Гомелі: хроніка пераследу 27-29 траўня