25.05.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, грамадства, палітвязні, пераслед У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24-25 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Новыя затрыманні
У ноч з 21 на 22 мая ў вёсцы Каробчыцы Гродзенскага раёна, была затрыманая сямейная пара — Артур і Маргарыта Барташэвічы.
Затрыманне адбылося на вачах іх малалетніх дзяцей. Пасля гэтага Артура і Маргарыту забралі супрацоўнікі міліцыі, а двое дзяцей 11 і 13 гадоў засталіся дома адны. Толькі раніцай маці далі магчымасць патэлефанаваць блізкім, паведаміць, што дзеці знаходзяцца дома без дарослых.А 11-й раніцы 22 траўня па адрасе пражывання сям'і Барташэвіч прыехалі супрацоўнікі міліцыі для правядзення ператрусу ў межах крымінальнай справы. З імі прывезлі Маргарыту Барташэвіч са слядамі фізічнага ўздзеяння на твары.
Месцазнаходжанне мужа і жонкі на дадзены момант невядома. Як паведамілі супрацоўнікі АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна ў Артура Барташэвіча сёння павінна было адбыцца судовае пасяджэнне па адміністрацыйнай справе, аднак у раскладзе судоў Гродна на сайце Вярхоўнага суда яго прозвішча не значыцца. Таксама ўдакладняецца інфармацыя паводле якога артыкула Крымінальнага кодэкса была распачатая справа.
У Брэскай вобласці затрыманы 68-гадовы Барыс Вітко, які асуджаны да двух гадоў "хатняй хіміі". Пра гэта паведаміў праўладны тэлеграм-канал. Супрацоўнікі АМАП у бронікамізэльках з драбавікамі затрымалі мужчыну на тэрыторыі прыватнай хаты. На апублікаваным відэа Барыс кажа, што яго затрымалі па падазрэнні ў абразе Лукашэнкі (арт. 368 Крымінальнага кодэксу).
Праваабаронцам стала вядома, што 25 траўня ў Віцебскай вобласці затрымалі траіх святароў. У Полацку затрыманы ўніяцкі святар Аляксандр Шаўцоў. У яго канфіскаваная тэхніка.
Быў затрыманы ксёндз Андрэй Кулік, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Міёрах.
Быў затрыманы таксама Вячаслаў Адамовіч, пробашч парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Якая Носіць Скапулярый у Ідолце (Мёрскі раён Віцебскай вобласці).
Таксама ў Наваполацку затрыманая 77-гадовая Галіна Іванаўна Захаркіна. Жанчына — кандыдатка архітэктуры і былая загадчыца кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Стала вядома, што на «Нафтане» затрымалі Віктара Кавалеўскага, Вадзіма Уласава, Валерыя Леснікова і Юрыя Гайчанку. Прафсаюз прадпрыемства звязвае гэта з актыўнасцю людзей у сацсетках.
У Мінску сілавікі затрымалі сям’ю, якая выходзіла на мірныя Маршы ў 2020 годзе: Яўгена Грынькова, ягоную жонку Анастасію Карнееву (Кастко) і ейнага бацьку. Пра гэта паведамляе праўладны тэлеграм-канал.
Адзін з затрыманых — футбольны фанат. Мужчына на відэа распавядае, што хадзіў на пратэсты з жонкай, дзіцёнкам і цесцем: затрыманыя ўсе, акрамя дзіцёнка. Вядома, што іх адвезлі ў Следчы камітэт, узбуджаная крымінальная справа.
23 траўня ў Баранавічах затрымалі кіроўцу птушкафабрыкі "Дружба" Аляксандра Яскевіча.
Дакладная прычына затрымання высвятляецца. Вядома, што яго раней затрымлівалі па палітычных матывах і прызначалі адміністрацыйны арышт.
Траіх удзельнікаў гурта faceOFF адправілі за краты
Днямі з праўладных тэлеграм-каналаў стала вядома пра затрыманне 26-гадовага Дзяніса Петуха і 31-гадовага Дзмітрыя Петуха. Дома ў іх правялі ператрус і забралі тэхніку.
Па інфармацыі праваабаронцаў, 21 траўня, калі Дзяніс вяртаўся з Масквы, у яго на мяжы праверылі тэлефон, пасля чаго адпусцілі дадому. Раніцай наступнага дня сілавікі затрымалі яго ўжо разам з братам Дзмітрыем. Вядома, што братам прызначылі па 15 сутак арышту.
Ужо 23 траўня быў затрыманы і гітарыст гурта — Аляксей. Яго асудзілі да 13 сутак арышту.
Палітвязня Уладзіміра Гароха перавялі на турэмны рэжым
28 красавіка адбыўся суд па замене 49-гадоваму палітвязню Уладзіміру Гароху рэжыма. Па выніках суда яго перавялі ў магілёўскую турму. Паводле MAYDAY TEAM, палітвязня адразу па прыбыцці адправілі ў ШІЗА.
Паведамляецца, што ў шклоўскай калоніі яго шмат разоў закідвалі ў штрафны ізалятар, а таксама ўтрымлівалі ў ПКТ. Праз цяжкую працу ў яго пачаўся артроз. Акрамя гэтага, у яго сур'ёзныя праблемы з зубамі. Калі ў яго паднялася тэмпература, то лекар яму прапанаваў толькі цытрамон і актываваны вугаль.
Жыхар Навагрудку быў затрыманы 18 жніўня 2020 года па так званай «Карэліцкай справе» — аб нібыта плануемых беспарадках у Карэлічах і Навагрудку пасля прэзідэнцкіх выбараў. У снежні 2020-га яму прысудзілі 7 гадоў калоніі. Тэрмін палітвязень адбываў у шклоўскай калоніі № 17.
Наваполацкую выкладчыцу Алену Храмцову арыштавалі на 10 сутак
Раніцай 23 траўня ў Наваполацку і Полацку затрымалі вядучую выкладчыцу кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў ПДУ Алену Храмцову, кандыдата гістарычных навук, дацэнта кафедры гісторыі і турызму ПДУ Віктара Чараўко і супрацоўніцу рэпазітарыя Лідзію Зуеву. Супраць затрыманых сілавікі распачалі адміністрацыйныя справы.
У Храмцовай быў праведзены ператрус, канфіскавана аргтэхніка. На жанчыну склалі пратакол паводле артыкула 19.11 КаАП( распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за падпіску на тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозга». У чым вінавацяць астатніх затрыманых, пакуль не вядома.
24 траўня над Аленай адбыўся суд. Вынік — 10 сутак арышту.
Беларусь збіраецца дэпартаваць украінку за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы і ўдзел у мітынгах
Разам з ёй затрымалі і яе мужа, паведамляе праўладны тг-канал. Вядома, што раней жанчыну судзілі паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне).
У інстаграм-акаўнце юрфака БДУ апублікавалі "пакальяльнае відэа" са студэнтам
«Юрфак БДУ парушае правы чалавека! Відэа (я адмыслова закрыла твар) на фоне плаката юрфака сведчыць пра тое, што выкладчыкі парушаюць стандарты праў чалавека. Прымус да ўдзелу ў такіх роліках парушае волю выказвання думак. Гэта простае парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, калі чалавек змушаны ў непрацэсуальнай форме прызнацца ў здзяйсненні забароненых дзеянняў.
Такое відэа парушае права не падпадаць жорсткаму, нечалавечаму і зневажальнаму звароту ці катаванням. Я ўпэўнена, што тых, хто прымушае здымацца ў падобных відэа, можна прыцягнуць да адказнасці.
Гэта трапляе пад кваліфікацыю арт. 426 КК — злачынства супраць чалавечнасці, якое здзяйсняецца прадстаўніком дзяржавы», — напісала адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна.
Крыніца: Затрыманні святароў, суткі, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 24-25 траўня Дапоўнена