25.05.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, экстрэмізм Яўген Меркіс. Фота з сацыяльных сетак У Гомельскім абласным судзе 25 траўня працягваўся разгляд крымінальнай справы журналіста-фрылансера і краязнаўцы Яўгена Меркіса. Яго абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК).

Справу ў закрытым рэжыме разглядае суддзя Аляксей Хлышчанкоў.

Палітзняволенага Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года ў Гомелі. Па месцы жыхарства быў праведзены ператрус, у ходзе якога былі канфіскаваныя носьбіты інфармацыі. Да суда быў змешчаны ў СІЗА № 3 Гомеля.

Меркіс асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, вёў стрымы з мітынгаў так званых "дармаедаў”.  Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Агулам за сваю журналісцкую дзейнасць Меркісу прысудзілі 50 сутак арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў.

Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі Яўген займаўся краязнаўчай і гістарычнай дзейнасцю.

Судовы працэс праходзіць то закрытым, то ў адкрытым рэжыме з 11 траўня.

Сёння ў судзе адбыліся спрэчкі бакоў (пракурора і яго адваката). Які тэрмін запытаў пракурор – невядома.

30 траўня Яўген Меркіс выступіць з апошнім словам, пасля чаго будзе абвешчаны прысуд. Пасяджэнне адкрытае, пачатак у 14:00.

Крыніца: Прысуд гомельскаму журналісту-фрылансеру Яўгену Меркісу абвесцяць 30 траўня