23.05.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя У Высокаўскім аграрным каледжы на Берасцейшчыне былі паказальна заключаныя пад варту двое навучэнцаў, падазраваных у знявазе дзяржаўных сімвалаў Беларусі (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Санкцыю на затрыманне зачытаў пракурор Камянецкага раёна ў прысутнасці навучэнцаў.
Як паведаміла Генракуратура, у ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў ўстаноўлена, што 18-гадовы жыхар аграгарадка Войская Камянецкага раёна разам з 19-гадовым жыхаром Жабінкі, у начны час з 14 на 15 мая 2023 года, сарвалі тры дзяржаўныя сцягі, устаноўленых на фасадах установы адукацыі, гандлёвага аб'екта і аддзяленні паштовай сувязі ў Войская. Паведамляецца, што маладзёны былі нібыта ў стане алкагольнага ап’янення. Узбуджаная крымінальная справа.
Гэта не першы выпадак нападу на дзяржаўную сімволіку ў Жабінцы. 13 сакавіка 2021 года ў Жабінцы на будынку раённай газеты невядомыя спалілі дзяржаўны сцяг. У выніку супрацьпраўных дзеянняў палотнішча і дрэўка сцяга былі знішчаны агнём. Пацярпела і шыльда.
"Зняважаны" быў і дзяржаўны сцяг, які вісеў на адной з крамаў у Жабінцы. Уначы 8 сакавіка 2022 года да яго падышлі двое мужчын, адзін з іх сарваў сцяг і перакінуў яго праз плот, што стаяў там жа. Гэты інцыдэнт трапіў на запісы відэакамеры. На наступны дзень сілавікі апублікавалі "пакаяльнае" відэа з затрыманым Валянцінам Шумікам. 10 траўня быў агучаны прысуд: два гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ ("хіміі").
Крыніца: У Жабінцы працягваюць зневажаць дзяржаўную сімволіку: затрыманыя двое маладзёнаў