22.05.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20-22 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі супрацоўніка аптовай кампаніі Мікалая Мельніка
Невядома, калі дакладна затрымалі мужчыну, але з усіх сацсетак ён знік трое сутак таму. Акрамя традыцыйнага «ўдзелу ў пратэстах», яму закідаюць каментаванне ў тэлеграм-каналах. Найперш гэта каментары з асуджэннем расійскай вайны ва Украіне і дзеянняў расійскіх вайскоўцаў.
ГУБАЗіК сцвярджае, што на яго завялі крымінальную справу, піша «Наша Ніва».
У Оршы затрыманы 26-гадовы Канстанцін Баяндзін
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне 22 траўня ў Оршы жыхара Мінска Канстанціна Баяндзіна.
Верагодна, ён вяртаўся ў Масквы, дзе мае працу.
Пра мужчыну вядома, што ён скончыў журфак БДУ, быў пераможцам конкурса «Містар-журфак» і атрымліваў званне «Студэнт года БДУ».
Паводле Orsha.eu, Канстанцін супрацоўнічаў з камандай аднаго з найпапулярнейшых блогераў Беларусі, уладальніка плацінавай кнопкі YouTube Улада Бумагі. Затрымалі Баяндзіна пасьля праверкі тэлефону, але што менавіта там знайшлі — пакуль невядома. Таксама невядома, якую справу завялі на шоўмэна — адміністрацыйную ці крымінальную.
Пяць дзён адсутнічае інфармацыя пра Алену Анісім
На працы ў інстытуце НАН яе няма, піша Наша Ніва.
Былую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў і кіраўніцу Таварыства беларускай мовы затрымалі 17 траўня на працоўным месцы. Куды яе завезлі і ў чым вінавацяць, невядома.
Анісім працуе ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа. Інфармацыі пра лёс супрацоўніцы там не маюць.
Марыю Калеснікаву па-ранейшаму "прэсуюць" у калоніі.
Як стала вядома MAYDAY TEAM, Марыя Калеснікава адчувае праблемы са здароўем у жаночай калоніі Гомелі. Праз гэта яна не працуе. Каля месяца таму на пастраенні яе нават выводзілі пад рукі.
У апошні час палітзняволеная Марыя ўтрымліваецца ў "адзіночнай камеры". Да гэтага яе рэгулярна адпраўлялі ШІЗА.
Разам з тым, Марыя не губляе прысутнасці духа. Па нашай інфармацыі, яна па-ранейшаму рэгулярна карыстаецца чырвонай памадай - гэтая фішка стала сімвалам нязломнасці і аптымізму Калеснікавай.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманні ў Оршы і Мінску: хроніка пераследу 20-22 траўня