22.05.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні 22 траўня БелТА паведаміла, што асуджаны да васьмі гадоў калоніі Раман Пратасевіч памілаваны. Пасля абвяшчэння прысуда ён заставаўся пад хатнім арыштам.
"Літаральна толькі што я падпісаў усе адпаведныя дакументы, што я памілаваны. Гэта, вядома, проста выдатная навіна", — сказаў Раман Пратасевіч БелТА.
Нагадаем, 23 траўня 2021 года ў выніку гвалтоўнай пасадкі беларускімі ўладамі пасажырскага авіялайнера кампаніі Ryanair, які ляцеў па маршруце Афіны-Вільня, у Нацыянальным аэрапорце Мінска Пратасевіч быў затрыманы прадстаўнікамі спецслужб. Разам з ім была затрымана Сафія Сапега, студэнтка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту. Цяпер палітзняволеная адбывае тэрмін у гомельскай калоніі.
Пасля затрымання Пратасевіча некаторы час утрымлівалі ў СІЗА КДБ. Праз два тыдні ён ужо з'явіўся ў эфіры праграмы "Маркаў. Нічога асабістага" на АНТ. Тады ён пералічыў людзей, якія былі з ім у адным тэлеграм-чаце "Хата", у якім нібыта "прымаліся ўсе асноўныя рашэнні аб тым, дзе пройдзе наступная акцыя, і дзе абмяркоўваліся ўсе актуальныя падзеі". У чэрвені 2021 года ён быў пераведзены пад хатні арышт.
Мінскі абласны суд 3 траўня агучыў прысуд па крымінальнай справе супраць стваральнікаў і рэдактараў праекта Nexta: Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча. Суддзя Вячаслаў Тулейка прызнаў іх вінаватымі па шэрагу крымінальных артыкулаў і прысудзіў фігурантам ад 8 да 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Пратасевіч прызнаў віну цалкам. Менавіта такі прысуд запрашвала пракурорка Наталля Сакалова. Рамана Пратасевіча не ўзялі пад варту ў зале суда — ён застаўся пад хатнім арыштам. Пуцілу і Рудзіка судзілі завочна. Суд цягнуўся два з паловай месяцы, некаторыя пасяджэнні праходзілі ў закрытым рэжыме.
Крыніца: Асуджаны да 8 гадоў калоніі Раман Пратасевіч памілаваны