19.05.2023 Тэгі: грамадства, палітвязні, правы чалавека ва Украіне 18 мая ў Вільні на Лукішскай плошчы адкрылася выстава "Гісторыі з акупаванага Крыма". Яна прысвечана асабістым гісторыям крымскіх татар, якія зазналі рэпрэсіі пасля 2014 года — калі паўвостраў акупавала Расія.

Дата адкрыцця выставы абрана невыпадкова. 18 траўня адзначаецца Дзень памяці ахвяраў генацыду крымска-татарскага народа — тады ў 1944 годзе савецкая ўлада пачала гвалтоўную дэпартацыю крымскіх татар з паўвострава ў аддаленыя рэгіёны СССР. Усяго было дэпартавана каля 200 тысяч крымскіх татар. Многія з іх памерлі па дарозе і ў ссылцы.

Пасля 2014 года многія крымскія татары зазналі новы пераслед.

"Гэта выстава адлюстроўвае жыццё ў акупаваным Крыме, тыя рэаліі, з якімі жывуць крымска-татарскія сем’і сёння: гэта палітычна матываваныя судовыя працэсы, гэта бацькі, якія знаходзяцца за кратамі, дзеці, якія растуць без бацькаў, — распавяла Таццяна Пячончык, кіраўніца ўкраінскага Цэнтра правоў чалавека #ZMINA . — Мы ўдзячны Беларускаму Дому правоў чалавека за тое, што яны дапамагаюць распавядаць гэтыя гісторыі. І мы разумеем, што сёння для беларускага народу гэта таксама вельмі блізкая гісторыя — праз агромністую колькасць палітычных зняволеных і праз становішча, у якім знаходзіцца краіна. І вінаватай у гэтым становішчы з’яўляецца Расійская Федэрацыя, так сама, як і ў выпадку з Крымам".

tacciana_piachonchyk.jpg
Таццяна Пячончык

Арганізацыя выставы ў Вільнюсе стала магчыма дзякуючы падтрымцы Фондаў Дамоў правоў чалавека.

"У школе, калі я чытала пра рэпрэсіі ў СССР, я ніколі да канца не верылася, што людзі могуць быць настолькі жахлівымі ў адносінах да іншых людзей, што яны могуць рабіць такія бесчалавечныя учынкі. –  распавяла падчас адкрыцця выставы прадстаўніца Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава Марыя Сляпцова. І разам з тым было адчуванне, што гэта ўсё [засталося] ў гісторыі, што мы ўжо дастаткова развіліся як чалавецтва, і ніколі больш не паўторым тых памылак, якія былі зробленыя ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Але прайшло роўна 70 год, і гісторыя паўтарыла сябе. У Крым ізноў прыйшла бяда, ізноў людзей катавалі, збівалі, забівалі толькі за тое, што яны хацелі свабоднымі і хацелі абараняць свае правы".

maryja_sliapcova.jpg
Марыя Сляпцова

"У 2018 годзе беларускія і украінскія праваабаронцы зладзілі маніторынгавую місію ў Крым (у тым ліку там прысутнічалі праваабаронцы і прадстаўнікі Беларускага Дома правоў чалавека).  І была выпушчана справаздача з такой красамоўный назвай “Крым. Разбіваючы сцяну маўчання”. Бо ўжо тады гісторыі з паўвострава пачалі быць трохі ў цені. І я б хацела працытаваць, што сказаў адзін з прадстаўнікоў беларускіх праваабаронцаў, які быў часткай гэтай місіі : для яго быў важны ўдзел у місіі не толькі як праваабаронцы, але і як беларуса, “бо Крым — гэта ўзор таго, у што можа пераўтварыцца Беларусь у падобных падзеях: у месцы дыслакацыі вайсковых баз, у зону, дзе людзі пазбаўлены магчымасці абараняць свае правы, у зону, дзе людзям фактычна забаронена індыфікаваць сябе украінцамі”. Нажаль, гэтыя словы сталі прароцтвам, бо пасля 2020 года беларусы, якія выступілі свабодныя выбраы, за свабоду слова, за незалежнасць, зараз катуюць, іх збіваюць. У іх забралі свабоду слова. У тым ліку яны не могуць выказваць падтрымку Украіне", — дадала Марыя Сляпцова.

gulnara_abdulaeva.jpg
Крымская татарка Гульнара Абдулаева разглядае выставу

Поўнамаштабная вайна адбілася на сітуацыі з крымскімі палітзняволенымі, распавяла Таццяна Пячончык:

"Паводле апошніх дадзеных, 180 крымчанаў з’яўляюцца сёння палітычнымі вязнямі, з іх 116 — крымскія татары. А перад 24 лютым 2022 года палітзняволенымі былі 120 чалавека. То бок за год з лішкам поўнамаштабнай расійскай агрэсіі колькасць палітвязняў вырасла на траціну. Узмацніўся ціск на адвакатаў, некалькіх пазбавілі ліцэнзіі. Калі раней адвакаты маглі казаць і каментаваць журналістам, то цяпер асцерагаюцца. Плюс вельмі шмат адміністрацыйных штрафаў і арыштаў за антываенныя выступы, за крытыку расійскага войска, нават за выкананне ўкраінскіх песень".

gistoryji_z_akupavanaga-kryma.jpg
Адна з фатаграфій выставы "Гісторыі з акупаванага Крыма"

Аўтарамі фотаздымкаў "Гісторый з акупаванага Крыма" з’яўляюцца трое фотарэпарцёры: Аліна Смутко, Тарас Ібрагімаў і Алена Саўчук, якія ў 2014 – 2019 гадах дакументавалі жыццё сем’яў палітычных вязняў у акупаваным Крыме і расказвалі пра парушэнні правоў чалавека. У выніку рэпарцёрам забаранілі ўезд у Крым на тэрміны ад 10 да 35 гадоў.

"Цяпер, як самі крымскія татары кажуць, адбываецца гібрыдная дэпартацыя, — распавяда Алена Саўчук на адкрыцці выставы. — Многіх мужчынаў, арыштаваных па надуманых тэрарыстычных ці экстрэмісцкіх справах, наўпрост вывозяць з Крыма на суды, а потым у калоніі — раскідваюць па ўсёй Расіі. Вялікая колькасць сем’яў намагалася сысці ад прымусовай мабілізацыі ў Крыме ўжо пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Ўкраіну, і таксама з’ехалі з тэрыторыі Крыма. Тое, што цяпер адбываецца, гэта новы вітое генацыду крымскага народу".

alena_sauchuk.jpg
Алена Саўчук

Выстава зарганізавана Беларускім дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава разам з Домам правоў чалавека "Крым"і Цэнтрам правоў чалавека #ZMINA.Адначасова Выстава адкрылася ў трох месцах: апроч Вільні, гэта чыгуначны вакзал Кіева, а таксама Еўрапейскі парламент ў Бруселі. У Вільні выставы будзе трываць да 25 траўня 2023 года.

Крыніца: "Крым — гэта ўзор таго, у што можа пераўтварыцца Беларусь". У Вільні адкрылася выстава пра гісторыі крымскіх татар