19.05.2023 Тэгі: палітвязні, ціск, рэпрэсіі, затрыманні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18-19 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі знішчылі 25 кніг палітзняволенга журналіста Дзяніса Івашына
Як паведамляецца ў тэлеграм-канале Дзяніса Івашына, гаворка ідзе пра кнігі «З невичерпного джерела», «Абэцэда», «Беларускі нацыяналізм», «Чаму беларус абавязаны быць нацыяналістам», «Вайсковы слоўнік», «108 дзён і начэй у засьценках КДБ», «О сектантах», «Таталітарызм», «Прапаганда», «Хрышчэньне нацыі», «Беларусь за 10 падарожжаў», «Светапоглядныя асновы дэмакратычнага руху», «Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі», «З невичерпного джерела», «Гібридная война», «Крим за завісою», «Хроника гибридной войны», «Смисли і війни», «Росія: ідентичность агресора», «Вторжение в Украину», «Донбасс в огне», «ОУН і УПА в боротьбі за Українську Державу», «Міжнародний центр протидіі Російській пропаганді», «Тенденціі у світі», «Індекс війни».
Ужо "экстрэмісцкі" тэлеграм-канал Зянона Пазняка зноў прызналі "экстрэмісцкім"
У сакавіку інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала «Зянон Пазьняк» была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 27 сакавіка.
Аднак гэта не перашкодзіла 12 траўня правесці пасяджэнне ў судзе Савецкага раёну Мінска, падчас якога вышэй згаданы тэлеграм-канал зноў быў прызнаны «экстрэмісцкім».
Беларускія суды прызналі "экстрэмісцкімі" шэраг Чайлдфры-суполак
Гаворка ідзе пра Facebook-старонку «Чайлдфри. Элита общества», суполку ва «Укантакце» «Чайлдфри», Instagram-старонку «Чайлдфри».
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі:
Telegram-каналы «Приключения беларусов в Киеве», «Орша Микруха», «Дзённiк экстрэмiста», «Лист для записей».Відэа «Беларусы прыехалі ваяваць супраць пуціна і лукашэнкі – некаторыя ўкраінцы былі ў шоку: Як так? А мы думалі, усе беларусы за бацьку», «Баец палка Каліноўскага: Нашая канчатковая мэта – площа Незалежнасці», «Беларускі ваяр распавёў пра стан палка Калiноўскага | Беларусский воин про полк Калиновского», «Лукашенка павінен баяцца: Украiна ўражаная батальёнам Калiноўскага | Украина восхищена беларусами», «У Лукашенко будет две недели после победы Украины / План: Б», «Позывной Леший».
Сілавікі затрымалі спявачку Патрыцыю Свіціну, якая ў 2020 годзе адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі
На «пакаяльным відэа», дзяўчына расказвае, што з'яўлялася лаўрэатам стыпендыі па падтрымцы таленавітай моладзі. У 2020 годзе яна, паводле ўласных слоў, «удзельнічала ў пратэстах», «выходзіла на дарогі» і ў складзе калоны «перакрывала рух транспарту».
Таксама яна кажа, што публікавала ў сацсетках «негатыўныя паведамленні» пра сілавікоў, аб «спецаперацыі, якая праводзіцца на тэрыторыі Украіны» і «распальвала варожасць і нянавісць паміж славянскімі народамі».
Палітзняволенага анархіста Дзмітрыя Рэзановіча нядаўна змяшчалі ў ШІЗА
Актывіста анархічнага руху івацэвіцкай калоніі ў пачатку траўня змясцілі ў штрафны ізалятар на 8 сутак, паведамляе тг-канал «Права на паўстанне».
Нагадаем, Дзмітрый быў затрыманы напрыканцы кастрычніка 2020 года. 22 снежня Мінскі абласны суд прызначыў Аліневічу і Раманаву — па 20 гадоў калоніі; Рэзановічу — 19 гадоў калоніі; Дубоўскаму — 18 гадоў калоніі. Суд з першага пасяджэння адбываўся ў закрытым рэжыме.
Пасля праверкі тэлефона ў мінскім аэрапорце сілавікі затрымалі дзяўчыну, якая вярталася з адпачынку ў Егіпце
У мінскім аэрапорце сілавікі затрымалі пасажырку, якая вярталася ў Беларусь з адпачынку, паведаміла крыніца Медыязоны. Дзе зараз знаходзіцца затрыманая дзяўчына і ў якім яна статусе — невядома.
Па словах крыніцы, супрацоўнікі адказалі яе хлопцу, што забіраюць яе «на пагаварыць». Пазней высветлілася, што на гугл-дыску ў тэлефоне ў дзяўчыны знайшлі «фотаздымкі з жаночых маршаў і таму яе пакінулі ў міліцыі да раніцы».
Вядома, што ў 2020 годзе беларуску затрымлівалі падчас пратэстаў, суд прызначыў ёй штраф па артыкуле 23.34 КаАП.
Знаёмы затрыманай распавёў, што перад вылетам яна выдаліла Telegram. Аднак пасля праходжання мяжы сябар напісаў ёй і паведамленне аказалася прачытана.
У СІЗА-1 пагоршыліся ўмовы: вопратку і абутак з перадач адразу адпраўляюць на склад, а медыкаменты не перадаюць
Па інфармацыі праваабаронцаў, умовы ў СІЗА на Валадарскага для палітзняволеных зрабілі больш жорсткімі. Так, цяпер вопратку і абутак адразу адпраўляюць на склад, каб іх забраць, зняволеным трэба пісаць адпаведныя заявы, чакаць некалькі дзён, а ўзамен ім трэба нешта з вопраткі здаваць на склад. Вядомы выпадак, калі на склад забралі нават бялізну і шкарпэткі.
Акрамя гэтага, цяпер забаронена дасылаць медыцынскія пасылкі, а ў перадачах не прымаюць заспакаяльныя.
Нагадаем, нядаўна стала вядома, што, паводле ўказання ДВП ад 29.04.2023, вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай, дазволена перадаваць толькі вітамінна-мінеральныя комплексы (не больш за адну ўпакоўку) і інсулін замежнай вытворчасці. Іншыя медыкаменты нібыта ёсць у наяўнасці ў медычных частках ізалятараў. Пры гэтым афіцыйна пра такія змены нідзе не паведамлялася.
У Гродзенскім абласным судзе 26 траўня пройдзе пасяджэнне аб ліквідацыі Раённага грамадскага аб'яднання "Ашмянская цыганская суполка"
Арганізацыя зарэгістраваная з 2003 года. На 1 студзеня 2022 года ў ёй было 22 чалавекі, у 2014 — 30. Публічных мерапрыемстваў апошнім часам яны не праводзілі, піша Hrodna.life.
Старшыня суполкі, ён жа барон — Артур Ягораў. Паведамляецца, што ўвогуле на Ашмяншчыне жыве больш за 200 прадстаўнікоў народнасці рома.
Праваабаронцам паведамляюць пра затрыманні ў Дзяржынску
Вядома, што ў аднаго з затрыманых адбыўся ператрус дома і на працы.
На мінскай "хіміі" сілавікі зладзілі маскі-шоу
Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 18 траўня ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 55 у Мінску адбылася жорсткая паглыбленая праверка «хімікаў». З чым былі звязаныя «маскі-шоу» — невядома. За дзень да гэтага «хімікаў» не выпусцілі на працы.
Па папярэдняй інфармацыі, затрыманы мінімум адзін асуджаны.
У ПУАТ № 55 утрымліваецца не менш за 27 палітзняволеных асуджаных да «хіміі».
Праваабаронцам паведамляюць пра затрыманні і ператрусы ў Баранавічах
Падрабязнасці высвятляюцца.
Анархіста Дзмітрыя Дубоўскага пасля 2 мясяцаў у ШІЗА адправілі ў ПКТ
У лістападзе Дзмітрыю прысудзілі 5 гадоў калоніі. Паколькі раней Дубоўскага ўжо асудзілі да 18 гадоў калоніі, канчаткова яму прызначылі 20 гадоў зняволення. Дзмітрыя абвінавачвалі паводле падзей у Мінску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах. 25 лютага палітвязень пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 3.
Родныя палітвязня днямі дайшоў ліст ад яго. Ён паведаміў, што амаль 2 месяцы яго ўтрымлівалі ў ШІЗА, а з 3 траўня яго на тры месяцы змясцілі ў ПКТ. За ўвесь час у зняволенні ён адбыў 110 сутак у штрыфным ізалятары.
Затрыманні на баранавіцкай чыгунцы
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што пасля дыверсій на чыгунцы ў Расіі два тыдні таму, у Баранавіцкім аддзяленні БЧ «на размову» выклікалі каля 10 машыністаў. Вядома, што супраць некаторых з іх пасля распачалі крымінальныя справы за абразы ў інтэрнэце. Паведамляецца, што машыністаў звольнілі з працы.