11.05.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10-11 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Чатырох мінчан падазраюць у здрадзе дзяржаве і здзяйсненні акту тэрарызму

Дзяржаўнае ТБ паказала анонс расследавання тэрактаў, якія нібыта павінны былі адбыцца ў Беларусі 9 траўня. Затрыманыя чацвёра маладзёнаў, усе яны за кратамі. Вядома, што некаторых затрымалі каля двух тыдняў таму. Па словах прапагандыстаў, усе яны праходзяць па справе як падазраваныя ў здрадзе дзяржаве (артыкул 356 КК) і здзяйсненні акта тэрарызму (артыкул 289 КК).

"Наша Ніва" прыводзіць іх прозвішчы. Гэта 29-гадовая Вікторыя Волчак. Яна родам з Глуска, жыве ў пасёлку Ждановічы Мінскага раёна. Дзяўчына адвучылася ў Нясвіжскім педагагічным каледжы. Працавала ў салонах сувязі, на аўтазапраўцы, у крамах. Другая дзяўчына, якую затрымалі, — Савачкіна Ганна. Мінчанцы 24 гады, вучылася на журфаку БДУ, але не скончыла, у 2022-м паступіла зноў — на першы курс біяфака. Паведамляецца таксама пра затрыманне яе маці Таццяны Русак.

Затрымалі таксама 29-гадовага Андрэя Грыгор'ева з Мінска, які скончыў медыцынскі каледж і працаваў зубным тэхнікам у прыватным стаматалагічным цэнтры і  23-гадовага Валерыя Водзіна, які нібыта перасылаў у Беларусь настольныя электрапліты з выбухоўкай , каб з іх дапамогай учыніць "тэракт на 9 Мая".

У Мінску затрыманы спартыўны блогег

Гэта Дзмітрый Сельвеструк. Ён  аўтар тэлеграм-канала «Серебряный век. Футбол Беларуси».

Як паведамляе @tribuna_by, Сельвеструк знаходзіцца ў ІЧУ.

Дзмітрыю Сельвеструку 33 гады, ён выпускнік факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. У адным з аглядаў лепшых інтэрнэт-лакацый пра футбол «Серебряный век. Футбол Беларуси» увайшоў у топ-5 аўтарскіх тэлеграм-каналаў.

У Беларусі новыя «экстрэмісцкія фармаванні»

Гэта «Алиса рассказывает» і «Солидарность Ивацевичи», якія былі ўнесеныя ў адпаведны спіс паводле рашэнняў МУС ад 10 траўня.

Аляксандра Францкевіча ў калоніі ўтрымлівалі месяц у ШІЗА

Аляксандр Францкевіч —  актывіст анархісцкага руху і фігурант справы "Рэвалюцыйнага дзеяння", асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Аляксандр Францкевіч у цэнтры на судзе 6 верасня

Адбываць тэрмін палітвязня накіравалі ў сярэдзіне сакавіка ў івацэвіцкую калонію № 5. Праваабаронцам стала вядома, што 28 сакавіка яго змясцілі ў штрафны ізалятар. Адразу яго адправілі на 10 сутак, а потым працягнулі тэрмін у ШІЗА, дзе ён можа знаходзіцца да гэтага часу. Таксама да палітвязня не можа патрапіць адвакат.

Падтрымайце палітвязня лістамі і тэлеграмамі: ПК № 5, 225293, г. Івацэвічы, вул. Дзяржынскага, 1, Аляксандр Уладзіміравіч Францкевіч.

Ператрус і затрыманне ў Вілейцы

Праваабаронцам стала вядома, што ўчора ў Вілейцы адбылося затрыманне і ператрус па месцы жыхарства Сцяпана Краўчонка. Падрабязнасці высвятляюцца

Эканамічны суд з падачы Міністэрства інфармацыі ліквідаваў выдавецтва Змітра Коласа

Позву Міністэрства нфармацыі ў дачыненні да аднаго з найбольш дасведчаных беларускіх выдаўцоў Змітра Коласа, які пачаў сваю дзейнасць яшчэ за савецкім часам, судовая інстанцыя пачала разглядаць 2 траўня.

У сваёй заяве кантрольнае ведамства патрабавала ануляваць выдадзенае раней пасведчанне аб рэгістрацыі, піша БАЖ.

Напярэдадні, 10 траўня, такая просьба была задаволеная.

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: Падазраюць у здрадзе дзяржаве і здзяйсненні акту тэрарызму: хроніка пераследу 10-11 траўня