10.05.2023 Тэгі: праваабаронцы, умовы ўтрымання, заявы, правы зняволеных Сумесная заява праваабарончай супольнасці Беларусі
10 траўня 2023 г.
7 траўня 2023 года стала вядома, што ў Папраўчай калоніі № 3 (пасёлак Віцьба) памёр палітзняволены Мікалай Клімовіч, асуджаны паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (абраза прэзідэнта). У цяперашні час невядома прычына смерці і іншыя абставіны, якія папярэднічалі дадзенай трагедыі. У сувязі з чарговай смерцю палітычнага зняволенага ў Беларусі мы лічым неабходным заявіць наступнае.
Артыкулам 6 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах замацавана, што права на жыццё з'яўляецца неад'емным правам кожнага чалавека. У сваёй Заўвазе агульнага парадку № 36 (артыкул 6: права на жыццё) Камітэт па правах чалавека адзначыў, што права на жыццё мае вырашальнае значэнне як для асобных асобаў, так і для грамадства агулам. Яно само па сабе з'яўляецца самым каштоўным правам, уласцівым кожнаму чалавека, але яно таксама прадстаўляе сабой адно з асноўных правоў, эфектыўная абарона якога з'яўляецца неабходнай умовай для ажыццяўлення ўсіх іншых правоў чалавека і склад якога можа напаўняцца з дапамогай іншых правоў чалавека. Камітэт таксама пазначыў, што права на жыццё — гэта права, якое не падлягае вузкаму тлумачэнню. Размова ідзе пра права фізічных асобаў не спазнаваць дзеянні ці бяздзейнасць, якія маюць сваёй мэтай альбо чакана могуць выклікаць іх ненатуральную ці заўчасную смерць, а таксама пра права на належнае жыццё. Артыкул 6 Пакту гарантуе гэтае права ўсім людзям без якога б там ні было адрознення, уключаючы асобаў, якія падазраюцца альбо асуджаны ў сувязі з нават найцяжэйшымі злачынствамі.
Важна адзначыць, што Мікалай Клімовіч меў інваліднасць ІІ групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, каля года таму перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Нягледзячы на наяўнасць у Мікалая пазначанага захворвання і пры наяўнасці альтэрнатыўных відаў пакарання, не звязаных з пазбаўленнем волі, суддзя Пінскага раёна і горада Пінска Андрэй Бычыла прызначыў яму пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі, а Брэсцкі абласны суд пакінуў у сіле прысуд суда першай інстанцыі. Сам Мікалай, яго родныя і адвакат неаднаразова выказвалі занепакоенасць станам яго здароўя. Ён павінен быў знаходзіцца пад наглядам урача-кардыёлага і прымаць неабходныя лекі, аднак ва ўмовах калоніі, відавочна, гэта з'яўляецца немагчымым.
Мы адзначаем, што гэта ўжо не першы выпадак смерці ў месцах пазбаўлення волі. Кожны дзень тысячы зняволеных у беларускіх турмах пакутуюць праз парушэнні канстытуцыйнага права на ахову здароўя. У дадзеным выпадку мы адзначаем, што сітуацыя абцяжарана пастаўленай інваліднасцю Мікалая Клімовіча. Больш за тое, у месцах пазбаўлення волі праз неаказанне належнай медычнай дапамогі штогадова паміраюць вязні. Праваабаронцы стала паведамляюць пра адсутнасць належнага медычнага агляду, кваліфікаванага медычнага персаналу і неаказанне медычнай дапамогі.
Важна падкрэсліць, што адбыццё пакарання ва ўмовах ізаляцыі не павінна пазбаўляць зняволеных доступу да спецыялізаванай высокатэхналагічнай медычнай дапамогі. Апроч гэтага, мы адзначаем паведамленні пра ўвядзенне ўказаннем Дэпартамента выканання пакаранняў ад 29 красавіка 2023 года абмежаванні (а фактычна забарону) на перадачу медычных прэпаратаў змешчаным пад варту, за выключэннем вітамінаў і інсулінаў замежнай вытворчасці.
У сувязі з гэтым нагадваем пра тое, што, як гэта пазначана Камітэтам па правах чалавека ў Заўвазе № 36, дзяржавы-ўдзельніцы нясуць падвышанае абавязацельства клапаціцца пра прыняцце любых неабходных мер для аховы жыцця асобаў, пазбаўленых волі дзяржавай, паколькі, арыштоўваючы асобаў, затрымліваючы, знявольваючы ці іншым чынам пазбаўляючы іх волі, дзяржавы-ўдзельніцы бяруць на сябе адказнасць за клопат пра іх жыццё і фізічную недатыкальнасць, пры гэтым дзеля змяншэння такой адказнасці яны не могуць спасылацца на адсутнасць фінансавых сродкаў ці іншыя матэрыяльна-тэхнічныя праблемы.
Мы таксама адзначаем ігнараванне дзяржавай сваіх абавязацельстваў па Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю. Так, артыкул 25 Канвенцыі замацоўвае, што дзяржавы-ўдзельніцы павінны прымаць усе належныя меры для забеспячэння доступу інвалідаў да паслуг у галіне аховы здароўя, у тым ліку да рэабілітацыі па стане здароўя. У прыватнасці, дзяржавы-ўдзельніцы даюць тыя паслугі ў галіне аховы здароўя, якія неабходны інвалідам непасрэдна па прычыне іх інваліднасці.
Мы канстатуем, што Рэспубліка Беларусь не выконвае свае абавязацельствы, каб права на жыццё ў належнай ступені абаранялася законам і забяспечвалася на практыцы, што прыводзіць да такіх трагедый.
Частка беларускіх зняволеных, у тым ліку палітычных зняволеных, праз узрост і захворванні больш уразліва. У беларускіх турмах знаходзіцца вялікая колькасць людзей з уразлівых сацыяльных груп, для іх зняволенне з'яўляецца яшчэ большым выпрабаваннем, чым для іншых. Па стане на канец 2022 года, сярод палітвязняў было не менш за 25 пенсіянераў, а таксама не менш за 74 чалавекі з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі. Самую сталую з іх — 75-гадовую Наталлю Таран — асудзілі на тры з паловай гады калоніі за абразы. Яна дагэтуль не выйшла на волю.
Мы таксама хочам падкрэсліць, што часцяком неаказанне медычнай дапамогі выкарыстоўваецца ўладамі як форма ціску на палітычных вязняў, што з'яўляецца недапушчальным.
На падставе выказанага, яшчэ раз падкрэсліваючы важнасць забеспячэння права чалавека на жыццё і здароўе, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заклікаем Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь распачаць крымінальную справу па факце смерці Мікалая Клімовіча, правесці аб'ектыўнае і ўсебаковае расследаванне для вызначэння прычын дадзенай трагедыі і праінфармаваць грамадскасць пра яго вынікі.
Мы таксама патрабуем правесці праверку і па іншых выпадках парушэння права на ахову здароўя ў месцах пазбаўлення волі, у тым ліку наяўнасць кваліфікаванага медычнага персаналу і адпаведнага абсталявання.
Адначасова мы таксама патрабуем ад супрацоўнікаў пенітэнцыярных устаноў, іншых дзяржаўных устаноў, якія ажыццяўляюць вымушаную ізаляцыю (ІЧУ, ЦІП, СІЗА і інш.), і іх кіраўніцтва выконвання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе міжнародных абавязацельстваў па забеспячэнні аховы жыцця і здароўя асобаў, якія пазбаўлены волі і знаходзяцца ў ізаляцыю.
Мы таксама заклікаем беларускіх суддзяў пры прызначэнні пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі, улічваць стан здароўя абвінавачаных.
Названыя патрабаванні не адмяняюць заявы беларускай праваабарончай супольнасці пра недапушчальнасць пераследу грамадзянаў за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх і палітычных правоў, неадкладнага вызвалення і перагляду крымінальных спраў усіх палітзняволеных у Беларусі.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Lawtrend;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Урачы за праўду і справядлівасць;
Беларускі ПЭН;
Фонд медычнай салідарнасці Беларусі;
Супольнасць медыкаў "Белыя халаты";
Human Constanta.