05.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У судзе Савецкага раёна Гомеля 2 траўня быў вынесены прысуд 71-гадоваму пенсіянеру з Нясвіжа Васілю Дземідовічу. Суддзя Аляксандр Мохараў прызнаў пенсіянера вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 391 Крымінальнага кодэкса (абраза суддзі) і прызначыў два з паловай гады калоніі са штрафам у памеры ў 30 базавых велічыняў. Шляхам частковага складання канчаткова яму прызначылі сем гадоў пазбаўлення волі і штрафам у памеры 4 930 рублёў. Раней палітвязня ўжо тройчы судзілі за рэпосты і каментры ў тг-канале "Карнікі Беларусі", а 5 траўня над Дземідовічам распачаўся ўжо пяты суд — яго абвінавачваюць зноў па арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Васіль Дземідовіч
Васіль Дземідовіч

За што пераследуюць Васіля Дземідовіча?

Пенсіянера затрымалі, меркавана, у лютым 2022 года, але спачатку ўтрымлівалі пад хатнім арыштам, а потым змянілі меру стрымння і змясцілі пад варту. У жніўні 2022 года ў Гродне над ім распачаўся суд па першай крымінальнай справе. Тады яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); арт. 391 (абраза суддзі альбо народнага заседацеля ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя); ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 13 і ч.1 арт. 293 (падрыхтоўка да арганізацыі масавых беспарадкаў).

Паводле матэрыялаў абвінавачання, Дземідовіч, з'яўляючыся актыўным удзельнікам канала "Карнікі Беларусі" і групы "Чат групы Карнікі" ў перыяд з верасня 2021 года па студзень 2022 года размяшчаў у тэлеграме дзясяткі паведамленняў і каментароў, якія змяшчаюць падбухторванні, а таксама абразы прадстаўнікоў улады і Лукашэнкі. Суд Ленінскага раёна Гродна 1 верасня прызначыў Дземідовічу шэсць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 50 базавых велічыняў (1 600 рублёў). З абвінавачанага таксама на карысць пацярпелых спагнаная грашовая кампенсацыя маральнай шкоды на агульную суму 32 000 беларускіх рублёў.

З 23 лістапада 2022 года Васіля змясцілі пад варту ўжо ў межах новай крымінальнай справы паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). 31 студзеня ў судзе Дзяржынскага раёна адбылося першае пасяджэнне па справе Васіля. Суддзя Раман Крыловіч 13 лютага агучыў прысуд пенсіянеру — адзін год зняволення са штрафам у памеры 30 базавых велічыняў (1 110 рублёў), а шляхам частковага складання пакаранняў, канчаткова яго асудзілі да шасці з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыма і штраф у памеры 2 710 рублёў.

23 сакавіка ў судзе Драгічынскага раёну над ім адбыўся трэці суд, але вынік невядомы. Васіль не абскарджваў гэты прысуд, таму ён ужо ўступіў у сілу.

У судзе Савецкага раёна Гомеля 20 красавіка пачалі разглядаць ужо чацвёртую крымінальную справу пенсіянера паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 391 КК (Абраза суддзі).

Паводле матэрыялаў следства, Васіль "з верасня 2021 года па студзень 2022 года размяшчаў у дэструктыўных тг-каналах паведамленні з абразамі прадстаўнікоў улады". Таксама, паводле паказанняў пацярпелых, усе яны знайшлі свае асабістыя звесткі ў тг-канале "Карнікі Беларусі" і пабачылі пад гэтымі допісамі абразлівыя каментары, напісаныя Дземідовічам. Частка з пацярпелых нават заявілі грамадзянскія пазовы да абвінавачанага.

Сваю віну Васіль прызнаў, але адзначыў, што некаторыя каментары пакідаў не ён, а ягоны знаёмы, з якім яны разам калісьці былі ў камандзіроўцы ў Афганістане.

Суддзя Аляксандр Мохараў прызнаў пенсіянера вінаватым паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 391 КК (Абраза суддзі) і прызначыў два з паловай гады калоніі са штрафам у памеры ў 30 базавых велічыняў. Канчаткова суд прызначыў Дземідовічу сем гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 4 930 рублёў.

Ужо 5 траўня над Дземідовічам распачаўся ўжо пяты суд — яго абвінавачваюць зноў па арт. 369 КК. Працэс адбываецца ў Пухавічах, суддзя — Вольга Бабук.

Што вядома пра пенсіянера?

Васіль Дземідовіч нарадзіўся ў 1952 годзе ў вёсцы Стальбоўшчына, што ў Уздзенскім раёне Мінскай вобласці. З 1971 па 1973 год Васіль служыў у войску, праходзіў навучанне ў элітных на той час дэсантных войсках, у інжынерна-сапёрнай часці 11932, якая базіраваліся ў Літве, у пасёлку Гайжуны. 

Мужчына доўгі час жыў у Расіі, у Наўгародскай вобласці. Там ён працаваў юрысконсультам і мае адвакацкую ліцэнзію — дагэтуль ён знаходзіцца ў спісах «Адвакацкай палаты г. Масквы». Ужо ў 2013 годзе ён працаваў юрысконсультам у Мінску, але пасля зноўку нейкі час жыў у Расіі — на 2017 год ён працаваў юрысконсультам у падмаскоўнай Каломне. Вядома, што ён 136 разоў скокнуў з парашутам.

На Дзень Волі 2021 года Васіля затрымалі за тое, што вывесіў на сваім доме ў Нясвіжы бел-чырвона-белы сцяг. Тады яго асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП і адправілі на "суткі". Вядома, што яго тады жорстка затрымалі чатыры супрацоўнікі. На сваёй старонцы ў сацыяльных сетках Васіль піша па-беларуску.

Праз тое, што палітвязня ўключылі ў "спіс тэрарыстаў", яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Акрамя гэтага, у Васіля няма сваякоў, якія б маглі яго падтрымліваць.

Адзначым, што за апошні год пансіянера этапавалі дзясяткі разоў. Этапіруюць палітвязняў у вельмі жорсткіх умовах: у кайданках, частка не кормяць, усе рэчы палітвязня носяць з сабой. Таму гэта вельмі дрэнна адбіваецца на здароўі Васіля.

Крыніца: 71-гадовага пенсіянера Васіля Дземідовіча асудзілі яшчэ да 2,5 гадоў калоніі