04.05.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, грамадства, палітвязні, ціск, правы чалавека, рэпрэсіі Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
4 траўня 2023 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што пазбаўленне волі і крымінальная адказнасць за розную пратэсную дзейнасць выкарыстоўваюцца ўладамі дзеля падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе стала істотна больш жорсткім і дапоўнілася новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, якія аб'яднаныя грамадскімі ці палітычнымі інтарэсамі, крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, што яна праводзіць, таксама экстрэмісцкімі фармаваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў. Так:
Андрэй Баранаў узяты пад варту па абвінавачанні ў фінансаванні тэрарызму паводле арт. 290-1 КК за ахвяраванні пратэснай супольнасці;
Антон Огій асуджаны па абвінавачанні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-2 КК за ахвяраванні да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Уладзіслаў Папоў асуджаны па абвінавачанні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-4 КК за перасылку фота- і відэаздымкаў вайсковай тэхнікі, вайсковаслужбоўцаў і вайсковага аэрадрома пратэснаму інфармацыйнаму рэсурсу да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Вікторыя Гаўрыліна ўзятая пад варту па абвінавачанні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці за ахвяраванні паводле арт. 361-2 КК, а таксама па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў паводле арт. 243 КК і незаконныя дзеянні ў дачыненні да асабістых дадзеных паводле арт. 203-1 КК; апошнія два абвінавачанні не звязаныя з нанясеннем па-сапраўднаму істотнай шкоды грамадскім адносінам; закон накладвае значныя абмежаванні на прымяненне меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад стражу ў дачыненні да абвінавачаных па злачынствах, звязаных з ажыццяўленнем эканамічнай дзейнасці;
Арцём Лябедзька ўзяты пад варту па абвінавачанні ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці паводле арт. 361-2 КК.
Мы прызнаем згаданых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітзняволеных Андрэя Баранава, Антона Огія, Уладзіслава Папова, Вікторыю Гаўрыліну, Арцёма Лябедзьку;
Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзянаў краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі ПЭН;
Human Constanta;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Lawtrend;
Прававая ініцыятыва.
Крыніца: Заява праваабаронцаў аб прызнанні пяці палітычных зняволеных