28.04.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Аляксей Дужы. У судзе Савецкага раёна Мінска 28 красавіка вынесены прысуд пластычнаму хірургу Аляксею Дужаму, абвінавачанаму ў  арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін.

Аляксея Дужага затрымалі 14 лютага 2023 года наўпрост на працоўным месцы. Пра затрыманне хірурга стала вядома 15 лютага. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала "Белыя халаты. News", пасля затрымання яго арыштавалі на 15 сутак, а потым на яшчэ 12 сутак паводле арт. 19.11 КаАП – «выраб, распаўсюд і (альбо) захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Хірурга затрымлівалі таксама 20 верасня 2020 года  на "Маршы справядлівасці" ў Мінску.

Вядома, што ў канцы мінулага года ў кватэры лекара ў Гомелі прайшоў ператрус.

Суд прысудзіў пластычнага хірурга Аляксея Дужага да двух гадоў абмежавання волі ў ПУАТ адкрытага тыпу.

Крыніца: У Мінску асудзілі пластычнага хірурга Аляксея Дужага за ўдзел у акцыі пратэсту ў 2020 годзе