28.04.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні, адвакатура У Мінскім гарадскім судзе 10 красавіка агучылі прысуд палітзняволенаму адвакату Аляксандру Данілевічу — 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Такі прысуд вынесла суддзя Таццяна Фалькоўская па запыце пракуроркі Таццяны Цыбулі. Адваката абвінавацілі ў "пасобніцтве ў закліках да санкцый" спартоўцам Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну, якіх завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі (ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса), і "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК). Так кваліфікавалі яго адвакацкія парады, падрыхтоўку стачкамам зваротаў, а таксама інтэрв'ю "экстрэмісцкаму інтэрнэт-рэсурсу". Аляксандр віну не прызнаў і настойваў, што выконваў свае прафесійныя абавязкі. "Вясна" распавядае, што казаў адвакат на працэсе.

Нагадаем, адвакат быў затрыманы 20 траўня 2022 года ў межах крымінальнай справы. Пэўны час сутнасць справы не была вядома, аднак пазней высветлілася, што Данілевіча вінавацяць у "закліках да санкцый" і даванне інтэрв'ю.

Аляксандр Данілевіч — шматдзетны бацька. Незадоўга да затрымання ён падпісаў антываенны зварот адвакатаў і юрыстаў датычна дзеянняў ва Украіне. Адразу пасля падпісання ліста супраць вайны ў Данілевіча пачаліся праблемы ў адвакатуры — завялі дысцыплінарную вытворчасць. Таксама яго звольнілі з БДУ, дзе ён больш за 20 гадоў выкладаў на факультэце міжнародных адносін. Адвакацкай практыкай Аляксандр займаўся з 2012 года, спецыялізаваўся на пытаннях вырашэнне спрэчак у галіне міжнароднага бізнесу, міжнароднага сямейнага права і прававога рэгулявання спорту.

"Як кваліфікацыя яго дзеянняў можа залежыць ад дзеянняў гэтага кліента?"

Пракурорка Цыбуля хадайнічала аб закрыцці судовага працэсу. Адвакаты папрасілі далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, з якіх вынікае, што сайт Tribuna.by не быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, а інфармацыйная прадукцыя на зазначаным сайце была прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Аднак суд не задаволіў гэта хадайніцтва.

Аляксандр Данілевіч не прызнаў віну і на судзе даваў паказанні:

"Я не згодны з тым, што тыя дзеянні, якія мной здзяйсняліся ў межах маёй адвакацкай дзейнасці, яны маюць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Тое, што напісана ў абвінавачанні, я лічу неабгрунтаваным. Там не пазначаны ані канкрэтныя тэрміны ў дзеяннях, тым больш не пазначаны факты накіравання мною якіх-небудзь матэрыялаў шляхам сеціва інтэрнэт, на што паказвае ч. 3 арт. 361 КК. Гэта істотны момант. Канкрэтна не пазначаны, калі казаць пра эпізод з "Yara", якія дакументы я рэдагаваў. Там шэсць дакументаў, і некаторыя нават не маглі быць рэдагаваны".

Таксама палітзняволены адвакат звярнуў увагу суда на памылку ў абвінавачанні ў сувязі з эпізодам з "падрыхтаваннем заклікаў прыняць санкцыйныя меры супраць этапу кубка свету па фрыстайле", запланаванага на 18 студзеня 2021 года.

"Высокі суд, у справе ўвогуле няма ніводнага матэрыялу ў дачыненні да такога віду спорту як фрыстайл. Я думаю, што гэта проста памылка. Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Нават справе гэта не адпавядае, няма нічога ў справе па гэтаму пытанні".

Апроч гэтага, Данілевіч падчас працэсу неаднаразова звяртаў увагу суда на тое, што ў яго дзеяннях адсутнічае склад злачынства па ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэкса:

"Атрымліваецца, што, як у маёй сітуацыі, адвакат, які ажыццяўляе сваю прафесійную дзейнасць, бярэ дакумент, які прынёс кліент і які павінен быць адрасаваны ў інстытут або арганізацыі. Гэта можа быць заява ў пракуратуру, заява ў міжнародныя арганізацыі, суды і г.д. Яно можа ўтрымліваць, напрыклад, паклёп, дыскрэдытуючыя факты і г. д. У гэтай сітуацыі адвакат, вядома ж, абавязаны звярнуць увагу на гэтыя факты і папярэдзіць пра адказнасць свайго кліента. У такой сітуацыі, як у мяне. Пасля гэтага кліент дзякуе адваката за аказаную дапамогу і сыходзіць. У яго ёсць тры варыянты дзеянняў: ён можа ўзяць наклеіць, скажам так, гэты зварот на сцяну, паперу – гэта будзе ч.1 арт. 361 КК. Ён можа накіраваць яго ў Міжнародную арганізацыю заказным лістом — гэта будзе ч. 2 арт. 361 КК. Калі там сапраўды ўтрымліваецца паклёп, пра якую адвакат яму казаў, то вы рызыкуеце, гэтыя даныя могуць быць не правераны. Ёсць ч. 3 [ст. 361 КК] яшчэ – гэта адпраўленне па інтэрнэце. У мяне ўзнікае пытанне: якая кваліфікацыя, калі б адвакат дапамагаў складаць гэты дакумент? Як кваліфікацыя яго дзеянняў можа залежаць ад дзеянняў гэтага кліента, які можа альбо наклеіць на сцяну, можа накіраваць у Міжнародную арганізацыю альбо адправіць праз інтэрнэт. Гэта да таго, што мне ставіцца ч. 3 арт. 361 КК. У дакументах няма нічога, што б пацвярджала, што я адпраўляў у гэтыя арганізацыі, раіў адпраўляць даныя, якія нясуць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Я б на гэта хацеў звярнуць увагу высокага суда. Акрамя таго, што я ў прынцыпе не прызнаю, што я рыхтаваў гэтыя дакументы — я іх не рыхтаваў. І матэрыяламі справы гэта таксама пацвярджаецца".

"Інтэрв'ю досыць бяскрыўднае"

Аляксандр Данілевіч неаднаразова выказваўся, што яму не зразумела сутнасць абвінавачванняў паводле ч.3 арт. 361 КК. Таксама абвінавачаны адвакат настойваў на тым, што даванне інтэрв'ю не з'яўляецца садзейнічаннем экстрэмісцкай дзейнасці:

"Далей пра тое, што тычыцца інтэрв'ю. Я хацеў бы падкрэсліць, што, сапраўды, сайт Tribuna.com не прызнаваўся экстрэмісцкай арганізацыяй, прызнаваліся экстрэмісцкімі тыя матэрыялы, якія на ім размяшчаліся. Я ў прынцыпе разумеў, што гэта так, і разумеў гэта, даючы згоду на публікацыю, я разумеў, што гэта будзе ў першую чаргу не на сайт Tribuna.com, а на сайце "Спорт і мір", і разумеў, што маё інтэрв'ю ніяк не можа быць ацэнена як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Таму што павінны быць наступствы нейкія. А якія наступствы пасля апублікавання майго інтэрв'ю? Я не бачу іх. Нейкія наступствы, якія можна лічыць экстрэмісцкімі? Кагосьці я крыўдзіў у гэтым інтэрв'ю? Не. Заклікаў да здзяйснення гвалтоўных дзеянняў? Не. Абражаў? Таксама не. Таму, уласна кажучы, я і пагадзіўся на тое, што трэба апублікаваць інфармацыю, якой я хацеў падзяліцца з гэтым парталам.

Мне хацелася даць інтэрв'ю. Мне было прыемна, што да мяне звяртаюцца з просьбай даць інтэрв'ю. Інтэрв'ю, на мой погляд, даволі бяскрыўднае. Я ў большай ступені казаў пра самога сябе і пра тую сітуацыю, якая склалася ў сувязі з тым, што я падпісаў зварот за мір. А за гэта мяне яшчэ, ну скажам так, спрабавалі пакараць. То бок, я неяк адчуваў крыўду. У інтэрв'ю я казаў, што неабходна прытрымлівацца закона ў Беларусі. "Але закон парушаць вы не павінны", — там ёсць такія словы. Таму я зыходзіў, увогуле, з таго, што ў мяне не было мэты "Трыбуны" канкрэтна. Проста звярнулася журналістка і прапанавала размясціць інтэрв'ю, мне гэта імпанавала, вядома ж".

Размова пра інтэрв'ю Telegram-каналу "О, спорт! Ты – мир!", якое перадрукавала Tribuna.com. Але ў судзе сцвярджалася, што Данілевіч даў інтэрв'ю менавіта Tribuna.com.

Чытаць інтэрв'ю, за якое асудзілі адваката:

Гэты юрыст быў кіраўніком рэгбі ў Беларусі і абараняў вясляроў, калі іх не пусцілі на АГ. Пасля выбараў дапамагаў атлетам, а цяпер "вінаваты" ў тым, што не хоча вайны ва Украіне

Працаваў з Раманоўскай, публікаваўся ў "Прэсболе".

 Пазней кіраўнік "Трыбуны" Максім Беразінскі пракаментаваў у сябе ў Фэйсбуку прысуд Аляксандру Данілевічу, дзе настойваў на абсурднасці абвінавачанняў, звязаных з інтэрв'ю медыя-рэсурсу:

"Адзін з пунктаў абвінавачання — нібыта садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці шляхам інтэрв'ю Tribuna.com. Рэсурс даўно прызнаны рэжымам Лукашэнкі экстрэмісцкім, на гэтай падставе будуецца ўсё абвінавачванне.

Са свайго боку заўважым, што Tribuna.com не рабіла гэта інтэрв'ю з Аляксандрам Данілевічам. Гаворка ідзе пра цытаванне інтэрв'ю, якое з'явілася ў сетцы інтэрнэт. З такім жа поспехам крымінальную справу можна распачаць супраць міністра спорту рэжыму Лукашэнкі Сяргея Кавальчука або экс-кіраўніка АБФФ Базанава, цытаты якіх таксама неаднаразова з'яўляліся на Tribuna.com. Калі ганьбіцца да канца, то і абсурду няма межаў".

"Я дагэтуль з'яўляюся дзейным адвакатам", — Аляксандр Данілевіч у апошнім слове

Аляксандр Данілевіч

Аляксандр Данілевіч на судзе выступіў з апошнім словам, якое доўжылася 45 хвілін. У ім ён, у асноўным, аналізаваў прад'яўленыя яму абвінавачанні з пункту гледжання даказанасці яго віны. Прыводзім вытрымкі з апошняга слова адваката на судзе.

"Прысутныя ў розных этапах даследавання матэрыялаў па справе, з'яўляемся ўладальнікамі Міжнароднай і Нацыянальнай вышэйшай прэміі "Феміда". На сённяшні дзень гэта вышэйшая юрыдычная прэмія, якая даецца юрыстам за перадавыя заслугі перад грамадствам у сферы права. Гэтую прэмію я атрымаў за сваю дзейнасць у сферы міжнароднага камерцыйнага арбітражу. Пэўна, прысутныя памятаюць, як выглядае Феміда правасуддзя. Феміда — як правіла, гэта прыгожая жанчына, дзяўчына, з завязанымі вачыма, у адной руцэ яна трымае шалі, а ў другой — карны меч правасуддзя. Часам яшчэ ў яе нагах ёсць змяя, якую Феміда топча, паколькі тым самым топча спакусу здзейсніць злачынства і парушыць закон. Гэта такая выява альбо тая статуя Феміды, якую прывыклі бачыць і, у прыватнасці, у беларускім друку на старонках часопісаў. Але ёсць яшчэ і іншыя выявы Феміды. У прыватнасці, на франтоне Вярхоўнага суда Расійскай Федэрацыі — гэта былы Вярхоўны Суд СССР — Феміда адлюстравана без павязкі на вачах. І ў адной руцэ яна трымае меч, а другую руку яна кладзе на кнігу, якая ўвасабляе сабой Закон. Гэта значыць Феміда можа быць і з адкрытымі вачыма. І я ўспомніў гэтыя два віды Феміды, якія ўвогуле існуюць, на мой погляд, абгрунтавана, у залежнасці ад таго, як глядзець на функцыю правасуддзя, і вырашыў, што трэба гэтую метафару выкарыстоўваць у маім выступе. Таму я б прасіў Высокі суд паглядзець на дадзеную справу, на яго матэрыялы, на паказанні і на мяне з пункту гледжання Феміды з зачыненымі вачыма і з пункту гледжання Феміды без павязкі на вачах, якая бачыць, каго яна судзіць і за што яна судзіць. Гэта суадносіцца з тым разуменнем, на мой погляд, складу злачынства.

У цэлым, можна сфармуляваць у двух частках — гэта аб'ектыўны бок і суб'ектыўны бок злачынства. Мая справа, безумоўна, не выключэнне. У ім ёсць суб'ектыўны бок, ёсць аб'ектыўны бок. І таксама ў сувязі з гэтым я б прасіў Высокі суд паглядзець на мяне як на чалавека і як на адваката. Таму што мая прафесійная дзейнасць — адвакацкая, яна вызначае мае дзеянні і вызначала, дакладней, мае дзеянні, якія былі прадметам вывучэння дадзенага разбіральніцтва. І шмат у чым вызначае, пра што казалі мае абаронцы, то, чаму я паступаў і як я паступаў у тым ці іншым эпізодзе, які мне ставіцца бокам абвінавачання як эпізод злачынны. Я б хацеў пачаць з аб'ектыўнага боку. Яго, на мой погляд, значна правільней ацэньваць, скажам так, з завязанымі вачыма, не зважаючы на чалавека. Гаворка ў дадзеным выпадку павінна ісці пра факты і пра адсутнасць фактаў, пра якія таксама казалі мае абаронцы, але падрабязней. Я будую свой выступ зыходзячы з храналогіі тых эпізодаў, якія разглядаліся ў гэтай справе".

"Што тычыцца заявы ў Міжнародны алімпійскі камітэт і фактаў, звязаных з гэтым. Я не бачу доказаў таго, што я складаў дакумент. Не даказана таксама, што я правіў гэты дакумент. Я сёння пачуў з вуснаў паважанага дзяржаўнага абвінаваўцы, што дакумент, які быў у мяне, скажам так, пайшоў у якасці заявы ў Міжнародны алімпійскі камітэт. Калі ўважліва паглядзець на тыя версіі дакумента, якія былі першапачаткова, якія прынеслі мне ў офіс, і таго дакумента, які быў пад арыштам, апублікаваны ў сетцы Інтэрнэт – калі не памыляюся, на сайце "Трыбуна" тэксты не ідэнтычныя, яны адрозніваюцца. Таксама звярну ўвагу Высокага суда на тое, што дакумент, першапачаткова які мне быў прадстаўлены, ён быў на англійскай мове. Пытанне: навошта мне было складаць дакумент на англійскай мове? Я ведаю англійскую мову, я гэта пацвярджаю. Але навошта мне было складаць на англійскай мове? Я ўсе дакументы складаю на рускай або беларускай мовах, пры гэтым я магу рабіць пераклад.

Далей, у матэрыялах ёсць унікальная фраза, што я меў дачыненне да адпраўкі заявы ў Міжнародны алімпійскі камітэт, у тым ліку з дапамогай адпраўлення ў сетцы інтэрнэт. Наогул мы не ведаем, хто і якім чынам гэты дакумент адпраўляўся ў Міжнародны алімпійскі камітэт. Ці было гэта заказное апавяшчэнне? Можа, гэта было адпраўлена па інтэрнэце. Так, пасля гэта было апублікавана. Я ведаў гэта, знаёміўся з матэрыяламі справы, гэта было апублікавана на сайце, у рамках інтэрв'ю на сайце "Трыбуна". Але якое я маю дачыненне да адпраўкі гэтага дакумента?"

"Далей, што тычыцца эпізоду "Yara". Няма ў справе доказаў таго, што я складаў гэтыя дакументы. Ніяк не даказваецца, што я гэтыя дакументы рэдагаваў. Няма файлаў з праўкамі, роўна як і няма пацверджання, фіксацыі таго, што гэтыя дакументы ці хаця б мінімум тры, як паказвае бок абвінавачвання, былі накіраваныя. Таму што іх няма, няма выпраўленых дакументаў і гэтых фактаў адпраўкі. <…>"

"Далей па храналогіі ідзе ў спісе Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту. Я цалкам падтрымліваў сваіх абаронцаў і казаў сам у пачатку следства, у судовым следстве, што гэты дакумент наогул не ўтрымлівае ніякіх заклікаў. Там няма ніякай просьбітнай ультыматыўнай часткі, якая ўласцівая нейкім заклікам. Тут нават можна ў прынцыпе не разважаць пра прыроду гэтых дакументаў. Гэта заява зацікаўленай асобы ў юрысдыкцыйны орган спартыўнай арганізацыі з мэтай ўзбуджэння дысцыплінарнай вытворчасці — гэта можа быць этычная камісія, выканкам, які праводзіць, узбуджае вытворчасць, паведамляе бакі, праводзіць слуханне, выклікае сведак — то бок тыя фармальныя, не фармальныя, мінімум судовыя разборы, якія мы бачым у нас, напрыклад, у судзе, яны практычна цалкам існуюць і мяняюцца, выкарыстоўваюцца ў рамках дзейнасці Спартыўна-дысцыплінарных органаў".

У апошнім слове Аляксандр Данілевіч пацвярджае, што сапраўды меў сувязі з Беларускім Фондам спартыўнай салідарнасці.

"Калі паглядзець на тое, што зрабіў Фонд і ў чым абвінавачваюць мяне – ну гэта проста малая крыха таго, што там рабіў Фонд. <…> У мяне сапраўды былі кантакты з Беларускім Фондам спартыўнай салідарнасці. Яны папрасілі заключыць дамову. Я не маю права адмаўляць, я падпісаў дамову. У мяне сапраўды былі дамовы з Герасіменяй і Апейкіным, я аказваў юрыдычную дапамогу, я хацеў ісці абаронцам, па іх просьбе, у крымінальнай справе. Мне было адмоўлена. Я абскардзіў. Але падчас ператрусу папка была канфіскаваная. Гэта рабілі ў Следчым камітэце — адмаўлялі мне ў просьбах.

Але мая роля абмяжоўвалася выключна дапамогай у Беларусі. Тыя рахункі, якія разглядалі, там пазначаны канкрэтныя дзеянні, якія я рабіў для маіх кліентаў – беларускіх спартоўцаў. І вельмі шмат з іх, дакладней усе тыя, якія былі пазначаныя па інфармацыі Беларускага Фонду па іх просьбе, гэта былі, скажам так, ад іх кліенты. У іх ўзнікалі праблемы, яны былі рады, што могуць звярнуцца да спартыўнага адваката, які разумее і для іх будзе рабіць. Таму што не так ужо шмат спецыялістаў спартыўнага права ў краіне. Я нават магу іх пералічыць на пальцах адной рукі. Сярод іх я. Без ілжывай сціпласці магу сказаць, што нешта ведаю. Таму людзі да мяне звярталіся. І я прадстаўляў у судах, гэта былі працоўныя спрэчкі і спрэчкі адміністрацыйнага характару. Тая самая Раманоўская, чэмпіёнка, я прадстаўляў яе інтарэсы. Мне напісалі, ці магу ўзяцца за гэтую дзяўчыну. Я ўжо прадстаўляў інтарэсы на адміністрацыйным судзе. На мой погляд, дастаткова паспяхова, бо не было абмежавання волі, яна атрымала штраф.

Вось такой працай я займаўся. Вось таму са мной звязваліся спартоўцы. То бок удзел у гэтых сур'ёзных праектах, у такім аб'ёме – гэта проста нават не прафесійна. Я б нават не спадзяваўся. <…>"

"Аказаў падтрымку экстрэмістам і прыхільнікам прававога нігілізму"

Што адбывалася на судзе?

"Што тычыцца эпізоду "Трыбуна " — інтэрв'ю "Трыбуне". Я не адмаўляю факту, што, сапраўды, даў гэтае інтэрв'ю. І не стрымаў жадання выгаварыцца, выказацца ў той момант майго жыцця, калі я адчуваў несправядлівасць у адносінах да сябе. Калі я выказаўся супраць вайны ва Украіне, падтрымаў нашых калегаў украінскіх: адвакатаў, юрыстаў. Пасля гэтага я атрымаў такую негатыўную рэакцыю па месцы маёй працы ў адвакатуры і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе я працаваў фактычна да моманту арышту. Было крыўдна. Гэта хрысціянская пазіцыя, чалавечая.

Зноў жа, гэты рэсурс [Tribuna.com] не носіць экстрэмісцкага характару. Калі ўважліва паглядзець на тое, што напісана ў ч. 4 арт. 361 КК – "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці". У мяне толькі рытарычнае пытанне — як гэтае інтэрв'ю можа садзейнічаць экстрэмісцкай дзейнасці? Яно павысіла рэйтынг гэтага партала? Нанесла шкоду інтарэсам грамадзян, краіны? Так, я ведаў, што матэрыялы, якія там знаходзяцца, прызнаныя экстрэмісцкімі. Але пры гэтым арганізацыя "Трыбуна", тыя, хто займаўся гэтым сайтам, група асоб, напэўна – яны не былі прызнаныя экстрэмісцкай арганізацыяй. Яны сказалі, што ўсіх там друкавалі, усіх, нават ты', хто знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь. Я сказаў, добра, раз усіх там друкавалі, давайце так і зробім. Гэта была ацэнка мной аб'ектыўнага боку тых дзеянняў, якія мне ставяць у віну ў якасці складу злачынства".

"Што тычыцца суб'ектыўнага боку. Якраз-такі гэта магчымасць паглядзець на мае дзеянні як на дзеянні адваката. Я дагэтуль з'яўляюся дзейным адвакатам, у мяне ёсць ліцэнзія. Не былы — ліцэнзія ў мяне ёсць. Але не магу, натуральна, аказваць дапамогу ў сілу таго, што знаходжуся пад арыштам. Мая пазіцыя ў гэтай справе як адваката выдатна паказвае на тое, чаму гэтыя дакументы прайшлі праз мае рукі і праз мой офіс. Я трошкі закрануў гэтую тэму ў рамках судовага следства. Я казаў, што гэта офіс для працы — гэта не кавярня і не спартовы клуб. Калі б там з'явіліся такія дакументы, магло узнікнуць пытанне: а што нам рабіць, чаму трэнер фітнес-цэнтра або афіцыянт кафэ на стале ў сябе, там у кішэні трымае нейкія заклікі? Не заклікі — у дадзеным выпадку заклікаў не было, падкрэсліваю, былі звароты ў юрысдыкцыйныя органы з просьбай вырашыць сітуацыю спрэчнага канфлікту. Гэта, напэўна, было б вельмі падазрона. Я гэта выдатна разумею. У дадзенай сітуацыі як адвакат я бачыў гэтыя дакументы, я глядзеў іх, я выказваў сваю пазіцыю, пазіцыю адваката па гэтых дакументах. < ... > Я сказаў, што я дапамагчы не змагу, я паглядзеў, дабро, што ангельскай я валодаю, выказаў свой пункт гледжання, што рэзка напісана і вы рызыкуеце. Хоць крымінальна я нічога ў гэтым не бачыў і цяпер не бачу. Там стаялі подпісы спартсменаў як раз міжнароднага ўзроўню. Гэта ўзровень Алімпійскага камітэта. Яны могуць падаваць заявы ў спартыўны арбітражны суд і Алімпійскі камітэт, выканкам мае права разглядаць заявы, узбуджаць працэдуру, выклікаць Бакі, слухаць і гэтак далей.

Калі казаць пра суб'ектыўны бок маіх дзеянняў з пункту гледжання мяне як чалавека, паўтаруся, я даваў інтэрв'ю таму, што ў мяне было гарачае жаданне выгаварыцца. Я адчуваў, што несправядліва са мной абыходзяцца, нельга так да людзей з пазіцыі чалавечай і грамадзянскай. Ну вось на днях глядзеў гэты фрагмент, як Лукашэнка выступіў з пытаннем у дачыненні да міру ва Украіне і ў сувязі з пазіцыяй Беларусі ў Міжнародным алімпійскім руху ў дачыненні да спартоўцаў. Я памятаю, што Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Мы ўсе супраць вайны, мы за мір: усе за мір, наша краіна за мір, Алімпійскі камітэт і ўсе спартсмены хочуць падпісаць, што за мір. Калі ласка. Ну яны трэніраваліся, яны хочуць удзельнічаць. Няхай едуць і ўдзельнічаюць. Няхай едуць і падпісваюць". Гэта пазіцыя ў прынцыпе з'яўляецца лейтматывам беларускай знешняй палітыкі на сённяшні дзень. Але, на жаль, мая пазіцыя не знайшла падтрымкі ў маім прафесійным асяроддзі: ва ўніверсітэце і ў адвакатуры. Таму я хацеў выказацца на гэтую тэму, што ўвогуле і зрабіў і, у прынцыпе, я не шкадую пра тое, што я даў інтэрв'ю. Шкадую толькі, можа быць, што гэта выглядае, з пункту гледжання перапіскі, як быццам я абыход заканадаўства шукаў, шчыліну і іншае. З улікам сукупнасці ўсіх абставінаў, я прыняў рашэнне даць інтэрв'ю. Я разумеў, што садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці тут ніякага няма.

Вяртаючыся да самага пачатку абвінавачвання. Пра гэта сёння ўжо казалі — матыў. У абвінавачанні гаворыцца, што я нібыта быў незадаволены вынікамі выбараў. Наогул як адвакат я дыстанцыяваўся ад палітыкі. Таму што ў мяне бываюць кліенты, скажам так, розных палітычных поглядаў. Мяне ўвогуле гэта не цікавіць, дзе яны працуюць. Яны гатовыя плаціць мне ганарар. Калі гэта не супярэчыць інтарэсам кліентаў, адвакацкай этыцы, я не маю права адмовіць ім у аказанні юрыдычнай дапамогі. Гэтаксама звяртаюцца некаторыя супрацоўнікі міліцыі, працоўны страйкама, спартсмен, які не згодны з пазіцыяй Нацыянальнага Алімпійскага камітэта. Мне гэта не важна і не павінна быць важна. Я працую з кожным з іх, калі гэта адпавядае маёй спецыялізацыі. У дадзеным выпадку адпавядала маёй спецыялізацыі. Да мяне сапраўды звярнулася шмат спартсменаў. Мы бачылі агляд працоўнай папкі, там было шмат спартсменаў, таму што мяне ведаюць, таму што мяне рэкамендуюць. Яны звяртаюцца да мяне заключыць дамову. Але сёння гаварылася, што я меў дамову з такімі спартоўцамі, як Леўчанка, Казека. Я ганаруся, што ў мяне былі такія кліенты. Гэта, з пункту гледжання спорту, я сам спартсмен, юрыст, гэта выдатныя знакамітыя спартсмены. Казека — гэта ўнікальны трэнер. Між іншым, ён з'яўляецца поўным кавалерам Ордэна Славы Рэспублікі Беларусь. Ну не ў гэтым памяшканні канкрэтна, у іншай зале суда. А што ў гэтым такога? Леўчанка да мяне звярталася. Я, праўда, не ўдзельнічаў у адміністрацыйнай справе па яе сітуацыі, прадстаўляў іншы адвакат. Ну і што? Што тычыцца іншых спартоўцаў — таксама, то, якая іх палітычная дзейнасць, — гэта для мяне не важна. Я дапамагаю людзям, не маю права ім адмаўляць".

"Таму ў мяне просьба да высокага суду зірнуць на справу маю з пазіцыі гэтых двух Фемід, скажам так. Прашу Высокі суд паглядзець на гэтую справу на суб'ектыўны і аб'ектыўны бок. На факты — з заплюшчанымі вачыма, характар маёй асобы, маёй дзейнасці, тыя факты, якія гучалі ў вытворчасці — з адкрытымі вачыма.

Высокі суд, я ўжо амаль год знаходжуся ў ізалятары. Так атрымалася, што затрымалі мяне за дзень да дня нараджэння маёй дачкі. Мне складана казаць, прабівае слязу, і гэта, вядома, вельмі цяжка. Таму прашу ўлічыць усе абставіны маёй справы і не пазбаўляць мяне волі. У мяне малалетнія дзеці, мая жонка ў дэкрэтным адпачынку цяпер, атрымлівае дапамогу, выхоўвае малышоў, не працуе. Ну, можа быць, будзе працаваць, прыйдзецца. Хто будзе іх выхоўваць?"

Асацыяцыя адвакатаў: "Аляксандр Данілевіч асуджаны незаконна, несправядліва"

Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека выступіла з заявай з нагоды жорсткага прысуду адвакату Аляксандру Данілевічу. Асацыяцыя патрабуе неадкладнага вызвалення Аляксандра Данілевіча і спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу:

"Мы, Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека, лічым, што наш калега Аляксандр Данілевіч асуджаны незаконна, несправядліва. Яго прысуд супярэчыць як нацыянальнаму заканадаўству, так і міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь.

Патрабуем неадкладнага вызвалення Аляксандра Данілевіча і спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу.

Мы заклікаем міжнародныя асацыяцыі адвакатаў, іншыя няўрадавыя арганізацыі розных краін свету, міжнародныя інстытуцыі працягваць праяўляць салідарнасць з беларускімі адвакатамі, якія падвяргаюцца пераследу за добрасумленнае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў, рэагаваць на сітуацыю з бесперапыннымі парушэннямі правоў чалавека ў краіне".

Падтрымайце палітзняволенага: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандр Станіслававіч Данілевіч

Крыніца: "Я дапамагаю людзям, не маю права ім адмаўляць". Што казаў на працэсе асуджаны да 10 гадоў калоніі адвакат Данілевіч