У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска 21 лютага ў 11 гадзін адбыўся судовы працэс над Змітром Дашкевічам. Яго вінавацілі па арт. 17.1 КаАП “Дробнае хуліганства” за тое, што ён з Эдуардам Пальчысам і іншымі актывістамі 9 студзеня наведалі барбершоп “Чэкіст” і настойліва патрабавалі ад ўладальнікаў змяніць назву, а таксама мэблю ў цырульні.
Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня. Сам Зміцер Дашкевіч у суд не з’явіўся. Сведкамі на судзе выступілі дырэктар Ілля Мятліцкі і цырульнік Алег Кот, якія распавялі, што з-за інцыдэнта сышоў адзін з кліентаў, не скончыўшы паслугу, што цяпер іх установе спорцілі рэпутацыю, што іх вельмі прасілі зняць зоркі ў інтэр’еры і настойліва рэкамендавалі змяніць назву і мэблю.
Суддзя запытала, чаму была абраная такая назва і ці звязана яна з палітыкай або гісторыя? Сведкі адказалі, што ні з чым не звязана, а просто гучнае слова.
Пасля невялікага перапынку суддзя Вікторыя Шабуня вырашыла аштрафаваць Зміцера Дашкевіча на 30 базавых велічынь.
У 12.00 распачаўся суд над Эдуардам Пальчысам. Справу супраць яго разглядае суддзя Іван Касцян.
Крыніца: За “наведванне” барбершопа Дашкевіча аштрафавалі на 30 базавых велічынь