26.04.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя У Мінскім гарадскім судзе 26 красавіка разглядаецца крымінальная справа палітзняволенага Сяргея Франчука, якога абвінавачваюць у абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369), распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч.1 арт 130), а таксама ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК).
Справу разглядае суддзя Яўген Пісарэвіч, дзяржабвінаваўца – Раманенка.
Сяргей Франчук — стрыечны брат намесніка камандзіра палка Кастуся Каліноўскага Вадзіма Кабанчука. Быў затрыманы 9 жніўня 2022 года. Вядома, што яго забралі з кватэры бацькоў у Бабруйску, дзе мужчына жыў апошнім часам. У гэты дзень бацькі Сяргея былі на лецішчы, і 5 чалавек з мінскага АМАПу ўварвалася ў кватэру, ударылі яго пісталетам па галаве, правялі вобшук, забралі мабільны тэлефон, ноўтбук і самога Сяргея Франчука.
Cпачатку ён быў асуджаны на 15 сутак нібыта за непадпарадкаванне. Таксама з'явілася пакаяльнае відэа, дзе Франчук прызнаецца, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году і рабіў каментары ў "экстрэмісцкіх" Telergam-чатах. Пры гэтым лоб мужчыны быў залеплены. Пасля заканчэння арышту Сяргея не выпусцілі на волю, а накіравалі ў мінскі ізалятар на Акрэсціна.
Суд пачаўся 20 красавіка.
Па матэрыялах абвінавачання, Франчук змясціў у адным з тэлеграм-чатаў пакінуў абразлівыя каментары ў адрас Юрыя Караева і Аляксандра Лукашэнкі. Таксама 27 верасня 2020 года прымаў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Мінску на вуліцы Багдановіча, выходзіў на праезную частку вуліцы, парушаў працу грамадскага транспарта. У якасці доказу выкарыстаныя фотаздымкі, знойдзеныя ў ягоным тэлефоне.
Дзяржабвінаваўца канчаткова запрасіў для Сяргея Франчука тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.