26.04.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед У судзе Кобрынскага раёну 5 красавіка асудзілі Аляксея Гуліна паводле арт. 370 (Здзек з дзяржаўных сімвалаў) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Алла Богнат прызначыла Аляксею адзін год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хіміі”).
Судовае пасяджэнне мела выязны фармат і адбылося ў адміністратыўным будынку аднаго з мясцовых прадпрыемстваў.
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у стане алкагольнага ап’янення зламаў дрэўка з чырвона-зялёным сцягам, які вісеў на ўваходзе ў фельдшарска-акушэрскі пункт вёскі Корчыцы Кобрынскага раёна. Частку дрэўка са сцягам мужчына кінуў на зямлю. Суд палічыў, што Аляксей нанёс установе маёмасную шкоду памерам 2 рублі 53 капейкі. Установа аховы здароўя Кобрына, на балансе якой знаходзіцца ФАП, ацаніла кошт пашкоджанай маёмасці ў 71 рубель 35 капеек. Іх Аляксей таксама пакрыў.
Аляксей паведаміў, што ў той дзень распіваў алкагольныя напоі са знаёмымі, пасля чаго яны ўтраіх паехалі таксоўкаю ў вёску Корчыцы. У далейшым зладзілі мітусню каля ўваходу ў ФАП. Гулін схапіўся рукою за сцяг і ненаўмысна яго сарваў. Са словаў мужчыны, у яго са знаёмымі не было папярэдняй дамоўленасці, каб пашкодзіць сцяг.
Гулін цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў здзейсненым.
Аляксей Гулін працаваў рабочым па комплексным абслугоўванні будынкаў і пабудоваў.