19.04.2023 Тэгі: суды, палітвязні, ціск, катаванні, пенітэнцыярная сістэма, рэпрэсіі 24-гадовы Вадзім Гурман знаходзіцца ў горацкай калоніі № 9 з траўня 2021 года. Амаль за два гады знаходжання ў калоніі хлопец прайшоў праз цяжкія выпрабаванні: у яго пагаршаецца здароўе праз дрэнныя ўмовы ўтрымання і адмову ў аказанні медыцынскай дапамогі, а таксама праз збіццё супрацоўнікамі калоніі і рэгулярнымі "суткамі" ў ШІЗА. "Вясна" распавядае, што цяпер вядома пра стан Вадзіма, і як адміністрацыя калоніі збівае палітвязня і не аказвае яму медыцынскай дапамогі.
Палітвязень у калоніі прызнаны "злосным парушальнікам рэжыму". Паводле інфармацыі ад былых вязняў, Вадзіма рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА. У студзені мінулага года яго адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) тэрмінам на пяць месяцаў, дзе хлопец увесь час знаходзіўся адзін.
Але па выхадзе ціск не спыніўся. За апошнія некалькі месяцаў ён адбыў як мінімум 35 сутак у ШІЗА, 21 з якіх — бесперапынна. Апошнія 14 сутак яму прызначылі за адмову зняцца ў відэа для камісіі па памілаванню, падчас якога трэба было прызнаць сваю віну. Але Вадзім прынцыпова адмовіўся, бо не лічыць сябе вінаватым.
Ад пераахаладжэння ў штрафным ізалятары ў палітвязня нават здарылася брадзікардзія [стан сэрцавай цягліцы, калі частасць яе скарачэнняў складае меней за 60 удараў у хвіліну].
Паведамляецца, што хлопца перад Пасхай зноў змясцілі ў ПКТ тэрмінам на шэсць месяцаў, дзе будуць утрымліваць аднаго ўвесь час.
Таксама вядома, што адміністрацыя некалькі дзён таму збівала хлопца нагамі цягам шасці гадзінаў, а потым халоднай вадой прыводзіла яго ў пачуцці. Супрацоўнікі нават суправаджаюць Вадзіма ў калоніі, каб той не камунікаваў з іншымі вязнямі.
У знаволенні ў Гурмана вельмі пагоршылася здароўе. Яшчэ ў пачатку 2021 года маці Вадзіма патрабавала аказаць сыну неабходную медыцынсую дапамогу — у яго неаперабельная атрафія зрокавых нерваў абодвух вачэй. Кожныя чатыры месяцы ён мусіць знаходзіцца на абследаванні: інакш да 30 год яму прагназавалі поўную слепату.З такім дыягназам любая фізічная нагрузка хуткімі тэмпамі паграшае ягоны зрок. Таму цяпер Вадзім амаль нічога не бачыць.
Палітвязню Вадзіму Гурману патрэбная медычная дапамога
Акрамя гэтага, у лютым у яго выявілі пупочную кілу [выпінанне органаў унутранай паражніны праз пярэднюю сценку жывата з прычыны слабасці цягліц зоны пупочнага кольца]. Але начальнік калоніі Сяргей Петраковіч адмовіў Вадзіму ў аперацыі па выдаленні кілы.
Таксама ў Вадзіма развіўся псарыяз і злезлі ўсе пазногці на нагах і руках.
Аднак, нягледзячы на сурёзныя праблемы са здароўем, Вадзім працягваў працаваць на леспрамзоне — разгружаў дрэва з вагонаў. Цяпер, падчас адбывання тэрміна ў ПКТ, працаваць ён не будзе. На гэты час яму таксама забаронена атрымоўваць перадачы, мець званкі і спатканні з роднымі.
Нагадаем, у лютым 2021-га ў судзе Маладзечанскага раёна суддзя Вольга Дубовік прысудзіла Гурману тры гады і шэсць месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Згодна з абвінавачваннем, 9 жніўня 2020 года Вадзім актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і не падпарадкоўваўся супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Гурман выкрыкваў лозунгі, правакаваў грамадзян на актыўныя дзеянні, а таксама пагражаў гвалтам міліцыянерам.
На судзе палітвязень прызнаў віну па артыкуле 342 КК, але не па 364 КК. Ён распавёў, што пры затрыманні АМАПам, якое адбылося праз два дні 11 жніўня, яго і іншых білі і залілі газам твар. Затым моцнае збіццё працягнуліся ў двары РУУС. Па словах Гурмана, яму пагражалі згвалтаваннем і спрабавалі зняць штаны, аднак усё ж спыніліся па камандзе кагосьці з кіраўніцтва РАУС.
Жыхара Маладзечна судзяць за ўдзел у акцыі 9 жніўня і заклікі да гвалту
Падтрымайце Вадзіма лістамі салідарнасці, паштоўкамі і тэлеграмамі:
ПК №9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16
Вадзім Сяргеевіч Гурман
Крыніца: Палітвязня Вадзіма Гурмана, які мае сур’ёзныя праблемы са зрокам, катуюць у горацкай калоніі