19.04.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 19 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

29-гадовага жыхара Мастоў будуць судзіць за жаданне паехаць ваяваць ва Украіну

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, мужчына меў намер пакінуць Беларусь і далучыцца да палка Каліноўскага для прыняцця ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Імя і прозвішча абвінавачанага высвятляюцца.

Падчас допыту жыхар райцэнтра расказаў следчаму аб тым, што ён сапраўды збіраўся ўдзельнічаць у баявых дзеяннях у складзе УСУ, рыхтаваўся да гэтага, рабіў усё абдумана і мэтанакіравана.

Мужчыне прад'явілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 13 і ч.1 арт. 361-3 КК (падрыхтоўка да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні).

У Рэчыцы арыштавалі вядомага мастака-шаржыста Анатоля Шчогалева

Анатоль Шчогалеў у цэнтры
Анатоль Шчогалеў у цэнтры

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі "пакаяльнае" відэа, у якім мужчына распавядае пра тое, што ў сацсетцы Інстаграм ён быў падпісаны на "дэструктыўныя каналы" і шляхам адпраўкі паведамленняў "займаўся распаўсюдам гэтай дэструктыўнай інфармацыі".

Палітвязня Уладзіміра Гароха збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым

Уладзімір Гарох. Фота: TUT.BY

49-гадовы жыхар Навагрудку быў затрыманы 18 жніўня 2020 года па так званай "карэліцкай справе" — аб нібыта плануемых беспарадках у Карэлічах і Навагрудку пасля прэзідэнцкіх выбараў. Згодна з абвінавачваннем, планаваў і праводзіў сустрэчы с людзьмі ў Навагрудку і Карэлічах. Паводле афіцыйнай версіі, Гарох падчас сустрэч казаў, што 10 жніўня плануе падпальваць будынкі, супраціўляцца ўладам і блакаваць дарогі спілаванымі дрэвамі.

У снежні 2020-га яму прысудзілі 7 гадоў калоніі. Тэрмін палітвязень адбывае ў шклоўскай калоніі № 17.

Стала вядома, што 28 красавіка адбудзецца суд па замене Уладзіміру рэжыма і пераводзе яго ў іншую папраўчую ўстанову. Меркавана, яго хочуць перавесці на турэмны рэжым.

Падтрымайце Уладзіміра лістамі і тэлеграмамі: ПК №17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8, Гароху Уладзіміру Уладзіміравічу

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі:

  • Telegram-каналы і чаты «Dzik Pic Chat», «ВАРШАВА БЕЛАРУСЫ ИДЕЙНЫЕ ЛЮДИ», «Алиса рассказывает», «Жлобин Для Жизни Чат», «Partyzanka»;
  • Кніга Сяргея Сюзева «Двадцать лет рабства: Беларусь сегодня»;
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «EX-PRESS.ВY. Добро пожаловать в реальность!», «ЕленаЯнушковская НАСТОЯЩАЯ БЕЛАРУСЬ»;
  • TikTok-акаунты «YouTube_Belarus», «welcometobelarus2020», «Твой сосед», «Гражданская Реакция», «vuvorit.uа», «Неруссо туристо», «MOST Media», «Змагар».

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу 19 красавіка Дапоўнена