14.04.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя, экстрэмізм У Мінскім абласным судзе прызначаная дата суда над 35-гадовым жыхаром Барысава Яўгенам Каваленкам, якога абвінавачаюць па некалькіх пратэсных артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Яго абвінавачваюць у публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт 368 КК), прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў (арт. 369 КК), паклёпе на кіраўніка дзяржавы (ч.1 арт. 367 КК), а таксама ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) і распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК).
Згодна з матэрыяламі справы, Яўген Каваленка з верасня 2020 года па люты 2021 года размясціў у агульнадаступных Telegram-каналах і чатах выказванні і каментары, у якіх шматразова публічна абражаў Аляксандра Лукашэнку і іншых прадстаўнікоў улады.
Пры гэтым ён у студзені 2022 года распаўсюдзіў у адной з публічных Telegram-груп недакладную інфармацыю, у якой утрымліваліся загадзя ілжывыя звесткі, якія зневажаюць Лукашэнку.
Акрамя таго, абвінавачаны размясціў для ўсеагульнага агляду ў сетцы Інтэрнэт паведамленні, у якіх утрымліваліся заклікі, рэкамендацыі, навучальныя інструкцыі па ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, што магло пацягнуць парушэнне працы ўстаноў і арганізацый.
Следчыя мяркуюць, што Каваленка таксама заклікаў да развешвання ўлётак па месцы жыхарства супрацоўнікаў праваахоўных органаў, захопу адміністрацыйных будынкаў і арганізацый, аказанні актыўнага супраціву і непадпарадкаванні праваахоўнікам.
У віну яму ставяцца выказванні, якія былі скіраваныя на стварэнне ілжывага ўяўлення аб нелегітымнасці дзеянняў праваахоўнікаў пры выкананні службовых абавязкаў, ўзбуджэнне нянавісці, сацыяльнай варожасці і варажнечы. У дадзеных выказваннях абвінавачаны заклікаў да гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўнага блока.
Яўгена Каваленку КДБ ўнесла ў Пералік арганізацый і фізічных асоб, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці.
Судовы працэс пачнецца ў Мінскім абласным судзе 26 красавіка, справу будзе разглядаць суддзя Вікторыя Палешчук.