13.04.2023 Тэгі: пераслед, ціск, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 13 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Стала вядома пра затрыманне псіхолага і былога супрацоўніка БДПУ Сяргея Іванцова
Як паведамляе праўладны тэлеграм-канал, яго затрымалі за тое, што ён нібыта пісаў каментары ў чат-бот канала «Беларусь галаўнога мозга». Паведамляецца, што ён у СІЗА і супраць яго заведзена крымінальная справа па двух артыкулах (якіх — не ўдакладняецца), піша «Наша Ніва».
КДБ дадаў яшчэ аднаго чалавека ў "тэрарыстычны спіс"
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явілася прозвішча Алега Зубовіча. Паведамляецца, што 27-гадовы мужчына быў асуджаны паводле арт. 130 КК (Распальванне варожасці).
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1039 чалавек, з іх 291 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1046 пазіцый, аднак 7 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
З'явілася "пакаяльнае відэа" з арганізатарам вулічнай гонкі пад Брэстам, якую разагналі сілавікі
Паведамляецца, што 3 затрыманых атрымалі пратаколы за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, 8 машын і 1 матацыкл былі змешчаныя на штрафстаянку, а 11 чалавек атрымалі адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне ПДР.
Крыніца: Затрыманне псіхолага і арганізатара вулічных гонак: хроніка пераследу 13 красавіка