13.04.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Суд Іванаўскага раёна 10 красавіка вынес прысуд 36-гадоваму мантажніку Дзмітрыю Жыдко, якога абвінавацілі паводле ч.1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса ў хуліганстве.
Справу разглядаў суддзя – Мікалай Стасевіч, дзяржабвінаваўца – памочніца пракурора Карына Шымко.
Згодна з матэрыяламі справы, 27 лютага 2022 года абвінавачаны Жыдко падчас правядзення рэспубліканскага рэферэндуму знаходзіўся на выбарчым участку, размешчаным у Іванаўскім раённым цэнтры культуры і народных традыцый, нібыта ў стане алкагольнага ап'янення. Атрымаўшы бюлетэнь для галасавання, мужчына ўчыніў на ім непрыстойны надпіс на адрас кіраўніка дзяржавы. Затым, не апусціўшы бюлетэнь у скрыню для галасавання, абвінавачаны прад'явіў яго ў разгорнутым выглядзе членам камісіі, чым парушыў працу выбарчага ўчастка.
На бюлетэні быў выяўлены надпіс "Лукашэнка і Пуцін, .... жахлівым чынам”.
1 сакавіка суддзя Іванаўскага раённага суда Генадзь Кудласевіч па гэтым эпізодзе ўжо пакараў мужчыну адміністрацыйным арыштам тэрмінам на 15 сутак па артыкуле 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).
Затым была ўзбуджаная крымінальная справа па ч. 1 арт.368 КК (абраза прэзідэнта), аднак пасля экспертызы была вынесена пастанова аб спыненні справы за адсутнасцю складу злачынства, але была ўзбуджаная справа па ч. 1 арт. 339 (хуліганства).
На судовым пасяджэнні 7 красавіка выступілі сведкі: тры прадстаўніцы выбарчай камісіі. Прадстаўнік абвінавачання запрасіў для Жыдка два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, але з улікам амністыі гэты тэрмін скараціць на адзін год.
Такі прысуд і быў вынесены ў панядзелак, 10 красавіка.
Атрымліваецца, што Дзмітрыя Жыдка пакаралі двойчы. Між тым, юрысты “Вясны” кажуць аб правіле non bis in idem.
Згодна з ім, "ніхто не можа быць пакараны двойчы за адно і тое ж парушэнне, з'яўляецца універсальным прынцыпам заканадаўчага рэгулявання юрыдычнай адказнасці і замацавана ў актах міжнароднага права (п.7 арт.14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах) а таксама ў ч. 2 артыкула 115 Канстытуцыі, ч. 1 артыкула 14 Кодэкса аб судаўладкаванні, арт. 14. 1 ПВКаАП. Такім чынам, парушаны прынцып абавязковасці судовай пастановы, паколькі аднаму і таму ж дзеянню з розніцай у год былі дадзены па сутнасці дзве юрыдычныя ацэнкі, спачатку ў парадку адміністрацыйнага працэсу, затым у парадку крымінальнага судаводства".
Крыніца: За надпіс на бюлетэні для галасавання жыхара Іванава асудзілі за хуліганства двойчы