07.04.2023 Тэгі: праваабаронцы, салідарнасць, справа Вясны Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк 26 красавіка “Вясна” адзначае дзень свайго заснавання. Але гэтае свята азмрочанае працяглымі тэрмінамі зняволення шасці сябраў арганізацыі: кіраўніка “Вясны” і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча, юрыста Уладзіміра Лабковіча, кіраўніка гомельскага аддзялення Леаніда Судаленкі, каардынатаркі Валанцёрскай службы Марфы Рабковай і валанцёра Андрэя Чапюка. Большасць праваабаронцаў “Вясны” была вымушаная выехаць з краіны і працягваць сваю працу з-за мяжы. У той жа час у Беларусі ні на дзень не спыняюцца рэпрэсіі, затрыманні і катаванні ў дачыненні да мірных грамадзянаў.
“Мы пражылі не дарма жыццё — мы падрыхтавалі сабе замену. Прыйшлі новыя пакаленні беларускіх праваабаронцаў, якія нашую дзейнасць працягваюць, і яна працягваецца. Ну а хаду натуральнага жыцця спыніць немагчыма: пасля зімы наступае Вясна, і Вясна прыйдзе незваротна”, — сказаў у сваім апошнім слове ў судзе Валянцін Стэфановіч.
І гэта напраўду так: кожная і кожны з нас, хто падзяляе каштоўнасці правоў чалавека, прытрымліваецца прынцыпаў роўнасці, годнасці і недыскрымінацыі, паважае вартасць асобы, тым самым працягвае справу нашых зняволеных калегаў. Сама "Вясна" таксама не спыняецца і, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі і ціск з боку рэжыму, ужо на працягу 27 гадоў дапамагае беларусам і беларускам адстойваць свае правы.
Наша моц — у нашай салідарнасці! Заклікаем далучыцца да віншаванняў і падтрымаць праваабаронцаў “Вясны” даступным вам спосабам:
- зрабі аднаразовы данат ці аформі падпіску на Patreon;
- дашлі паштоўку ці ліст салідарнасці зняволеным праваабаронцам, у тым ліку праз анлайн-форму;
- напішы словы падтрымкі або віншаванні на віртуальнай дошцы;
- прысвяці “Вясне” верш, песню, малюнак ці іншы мастацкі твор, дашлі на пошту Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. і выкладзі ў сацсетках з хэштэгам #FreeViasna;
- далучыся да каманды валанцёраў ды змяняй свет да лепшага;
- прыдумай і рэалізуй свой спосаб!
Як падтрымаць палітзняволеных вясноўцаў?
Дасылаць лісты ці паштоўкі салідарнасці можна па наступных адрасах:
- СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу і Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
- ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 Марыі Аляксандраўне Рабковай
- ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20Андрэю Сяргеевічу Чапюку
ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. ВіцьбаЛеаніду Леанідавічу Судаленку
Да 21 красавіка (дзень разгляду апеляцыйнай скаргі) Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу можна таксама дасылаць пасылкі, бандэролі і грашовыя пераводы.
Крыніца: Месяц вясны для “Вясны”