07.04.2023 Тэгі: суды, палітвязні, умовы ўтрымання, рэпрэсіі У судзе Рэчыцкага раёна 7 красавіка агучылі чарговы прысуд палітзняволенай Вікторыі Кульшы паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі). Суддзя Станіслаў Іванюценка прызначыў жанчыне яшчэ год зняволення ў дадатак да трох з паловай гадоў калоніі. Раней Вікторыю ўжо двойчы судзілі па крымінальных справах, у тым ліку за "непадпарадкаванне адміністрацыі гомльскай калоніі". За паўгода ў рэчыцкай калоніі Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА, а нядаўна яе змясцілі ў ПКТ на шэсць месяцаў.
Палітзняволеную інжынерку па ахове працы затрымалі 4 лістапада 2020 года за тое, што яна адміністравала тэлеграм-канал і чат «Кіроўцы 97%». Яе абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да 2,5 гадоў калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую жаночую калонію.
У чэрвені жанчыну асудзілі паводле арт. 411 КК і дадалі яшчэ адзін год у зняволенні. У новай папраўчай калоніі супраць яе зноў узбудзілі крымінальную справу паводле гэтага артыкула.
Вікторыю судзілі за непадпарадкаванне адміністрацыі гомельскай калоніі № 4. Так, сярод "парушэнняў" у яе былі: "знішчэнне ліста, напісанага да дачкі"; "выйшла ў туалет, не папярэдзіўшы"; "была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы"; "знаходзілася з расшпіленым гузікам на паліто", "пры адкрыцці дзвярэй камеры не ўстала, не прывіталася, не назвалася". У калоніі палітзняволеную прызналі "злоснай парушальніцай рэжыму". У адносінах да Вікторыі агулам было выпісана 34 спагнанні.У гомельскай жаночай калоніі на выязным пасяджэнні 14 чэрвеня Вікторыі прызначылі ў дадатак да 2,5 гадоў калоніі яшчэ адзін год зняволення.
За паўгода ў новай калоніі Вікторыя адбыла 92 дні ў штрафным ізалятары, а нядаўна яе змясцілі ў ПКТ на шэсць месяцаў. 31 студзеня супраць Кульшы зноў узбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК.
"Сканчэнне тэрміну робіцца чымсьці няісным. Не разумею, як людзі ўвогуле могуць з калоніі выйсці", — пракаментавала Вікторыя ў лісце.
Акрамя гэтага, яна піша, што не атрымлівае лісты нават ад сваякоў ад 3 сакавіка мінулага году — "іх знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам".
Вядома, што Вікторыя некалькі разоў трымала галадоўку на знак пратэсту супраць ціску з боку адміністрацыі. Адміністрацыя калоніі ужывае супраць жанчыны фізічны і псіхалагічны ціск. Стан здароўя Вікторыі моцна пагоршыўся.
Трэці суд над жанчынай распачаўся 6 красавіка ў судзе Рэчыцкага раёна. На наступны дзень, 7 красавіка, суддзя Станіслаў Іванюценка прызнаў Вікторыю вінаватай і прысудзіў ёй яшчэ адзін год пазбаўлення волі. Канчатковы тэрмін складае чатыры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Цяпер жанчына знаходзіцца ў ІЧУ Рэчыцы і чакае этап у гомельскі СІЗА.
Храналогія пераследу Вікторыі:
У Мінску трох адміністратараў каналу "Кіроўцы 97%" адправілі ў калонію
Палітзняволеную Вікторыю Кульшу ў калоніі асудзілі да яшчэ аднаго году зняволення
«Падкінулі таблеткі і сказалі, што павесяць на яе артыкул за "абарот наркатычных сродкаў"»: як улады пераследуюць палітзняволеную Вікторыю Кульшу
"Лісты знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам". Як у жаночай калоніі ў Зарэччы здзекуюцца з палітзняволеных
Крыніца: Палітзняволенай Вікторыі Кульшы ў трэці раз дадалі трэмін па крымінальнай справе