04.04.2023 Тэгі: палітвязні, умовы ўтрымання, катаванні, пенітэнцыярная сістэма Праваабаронцы "Вясны" працягваюць збіраць сведчанні пра рэпрэсіі ў Беларусі і ціск на палітычных зняволеных у калоніях. Былы вязень, які цалкам адбыў тэрмін па палітычнай справе ў шклоўскай калоніі і выйшаў на волю, на ўмовах ананімнасці распавёў "Вясне" пра спосабы ціску на палітвязняў, жудасныя ўмовы ўтрымання ў ШІЗА, а таксама збіццё і катаванні ў ПК-17.
"Атмасфера прасякнута прэсінгам, прыгнечанасцю, гвалтам"
Па інфармацыі праваабаронцаў, лік палітычных зняволеных у шклоўскай калоніі ідзе пад сотню. Былы палітвязень распавядае, што па стане на вясну і лета 2022 года на кожны атрад – іх у калоніі 17, а таксама штрафны ізалятар (ШІЗА) і памяшканне камернага тыпу (ПКТ) – прыходзіцца па 5-10 палітычных зняволеных. Стаўленне да іх з боку супрацоўнікаў і адміністрацыі калоніі — прадузятае.
"Ставяцца да палітвязняў як да ваеннапалонных ці чагосьці максімальна чужароднага, ці як маньякі да сваіх ахвяр — і гэта самае праўдзівае апісанне сітуацыі, на мой погляд. Прычым сапраўдных ваеннапалонных юрыдычна абараняе Жэнеўская Канвенцыя, але ў ПК-17 і ў іншых калоніях палітычныя вязні абсалютна безабаронныя. Атмасфера там прасякнута пастаянным прэсінгам, перманентным стрэсам, недаверам, прыгнечанасцю, замкнёнасцю, гвалтам, рэгулярнымі інтрыгамі і страхам.
Калонія вельмі моцна адрозніваецца ад СІЗА, дзе сілавікам часцей за ўсё на цябе пляваць па прынцыпе «не псуй мне дзень, і я не сапсую яго табе». У СІЗА больш ціснуць сцены, ізаляванасць і агідныя ўмовы ў камерах, але там часцей за ўсё адэкватныя і сяброўскія адносіны ў калектыве камеры, бо ўсе з'яўляюцца «першаходамі» (тымі, хто першы раз трапляе ў засценкі і не разу не быў у калоніі да гэтага). Гэта значыць, што людзі ўсё яшчэ думаюць вольнымі паняццямі і ў іх не атрафавалася ў іх пачуццё салідарнасці. Там дамінуе прынцып «камера — гэта наша ячэйка грамадства, наша лодка, у якой знаходзімся мы ўсе, і мы ведаем выдатна, хто нас сюды пасадзіў». У калоніях жа, асабліва шклоўскай, — усё наадварот. Там могуць быць нармальныя ці нават добрыя бытавыя ўмовы, але абсалютна атрутная атмасфера ў межах чалавечых адносін. Там сілавікі ўжо не будуць цябе ігнараваць, іх задача — «рэгулярнае наўмыснае псаванне твайго жыцця»".
Былы вязень шклоўскай калоніі распавядае, што ціск адміністрацыі на палітычных зняволеных пачынаецца з каранціну.
"Яны могуць адправіць у ШІЗА палітычнага адразу ж па прыездзе замест каранціну, што яны і рабілі да забойства Вітольда Ашурка. Па маёй інфармацыі, гэтая практыка зноў узмацнілася з лета 2022-га года".
"Улятаюць у масках або балаклавах і пачынаюць лупасіць усіх без разбору"
Ціск на вязняў, катаванні і збіццё ў шклоўскай калоніі, як распавядае былы палітвязень, — частка сістэмы гэтай установы. Паводле яго, збіваць могуць пачаць ужо на каранціне адразу пасля этапу вязня ў калонію:
"Гэта могуць рабіць і сілавікі, і каранцінныя актывісты (там іх заўсёды трое: загадчык гаспадаркі, дзённы і начныя дзённыя — "дневальные"). Яны гэта робяць у сляпых зонах, дзе няма камер, напрыклад, у так званай "сушылцы" ці, простай мовай кажучы, у распранальні".
Збіваюць за надуманныя "парушэнні", працягвае былы вязень, напрыклад, за тое, што не павітаўся з супрацоўнікам, дрэнна прыбраў пакой, адмовіўся афіцыйна прызнаваць віну, хоць неяк парушыў рэжым адбывання пакарання і гэтак далей.
"Бывалі выпадкі, калі гэтыя дурні ўляталі ў колькасці некалькіх чалавек у масках або балаклавах з боку спальнага памяшкання (там ёсць дзверы, якая злучае асноўны будынак штаба калоніі з каранцінам) і пачыналі лупасіць абсалютна ўсіх без разбору. Такая ж практыка ёсць і ў СІЗА. Там заўсёды на гатовы дзяжураць так званыя "рэзервы" з сабакамі, якія робяць тое ж самае, забягаючы ў камеры".
Паводле былога вязня шклоўскай калоніі, катаванні і збіццё зняволеных адбываецца таксама ў ШІЗА.
"Для гэтага ім таксама неабходны месцы без камер — да забойства Вітольда яны актыўна вадзілі палітычных з ШІЗА ў сляпыя зоны ў штабе, дзе ставілі на расцяжкі і збівалі. Некаторыя асуджаныя расказвалі, як па начах у першай палове 2021 года са штаба рэгулярна было чуваць крыкі і стогны ад болю. Больш за тое, некаторыя бачылі, як міліцыянты па начах часам пераводзілі збітых і замучаных палітычных у медчастку. Збіццё таксама адбываецца ў памяшканні ператрусу ў самім будынку ШІЗА. Адна з частых прычын такіх паводзінаў — адмова ад выканання гімна ў камеры ШІЗА ці ПКТ. Гэты "абавязак" ніяк не прапісаны ў правілах унутранага распарадку ПК-17, аднак гімн прымушаюць пець двойчы на дзень".
"Лепшае апісанне сітуацыі ў ПК-17 — гэта сталае адчуванне і веданне аб непазбежным арышце"
Прымус да выканання гімна Рэспублікі Беларусь — не адзіны спосаб ціску на палітвязняў, таксама сілавікі могуць "гуляць" з палітвязнямі ў "вітанне":
"Па ўнутраных правілах, пры кожным з'яўленні супрацоўніка калоніі трэба казаць: «Добры дзень, грамадзянін начальнік». Прычым не важна, колькі разоў ён пройдзе міма цябе. Палітычным наогул акрамя гэтага трэба даваць поўны даклад з прозвішчам, імя, пачаткам і канцом тэрміну, нумарам артыкула і прафуліку і іншае. Міліцыянты проста прыходзяць міма палітычнага, чуюць вітанне і праходзяць далей. Затым зноў вяртаюцца і зноў чуюць вітанне, аднак на гэта самі адказваюць: «Хопіць увесь час са мной вітацца, зразумеў, бачыліся ўжо», і зноў сыходзяць. Пасля гэтага яны зноў аказваюцца побач з тым жа чалавекам і ў выпадку адсутнасці вітання адразу выпісваюць парушэнне з-за «няправільнай формы даклада ці яго адсутнасці». І гэтаму міліцыянту не скажаш, што вы самі папрасілі мяне перастаць вітацца".
Як і многія палітвязні з розных калоній, былы вязень ПК-17 распавядае пра ціск з дапамогай праверкі асабістых рэчаў па вопісе.
"Любая маленькая неадпаведнасць, напрыклад, адсутнасць у пачцы цыгарэт хаця б адной штукі ці наяўнасць лішняга пакуначка гарбаты адразу ж цягне парушэнне. Для палітычных гэта можа каштаваць пазбаўлення спаткання, перадачы альбо ўвогуле могуць адправіць у ШІЗА. Яны прыходзяць з такімі праверкамі абсалютна ў любы момант і аглядаюць рэчы пераважна ў палітвязняў. Іншыя катэгорыі асуджаных практычна не падвяргаюцца праверкам і, адпаведна, яны тыднямі, месяцамі і нават гадамі не абнаўляюць свае вопісы маёмасці. А палітычныя сутаргава са страхам вымушаны заўсёды гэта рабіць па абсалютна любой дробязі".
Акрамя гэтага, у шклоўскай калоніі, паводле былога вязня, вельмі шмат зняволеных, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй і даносяць на палітвязняў:
"У калоніі вялікая колькасць стукачоў, якія дакладваюць аб кожным тваім руху, слове ці нават ледзь бачнай усмешцы пры абмеркаванні палітычных навін краіны. Напрыклад, яны сапраўды назіраюць за рэакцыяй палітвязняў на навіны па дзяржтб, дакладваюць літаральна аб усім, а затым чалавеку ладзяць правакацыю і робяць парушэнне.
Сістэма стукацтва ў ПК-17 выглядае цікава: на ўсю калонію ёсць толькі каля пяці аператыўнікаў, уключаючы начальніка аператыўнай часткі і старэйшага аператыўніка. Адзін аднаго яны недалюбліваюць, і ў кожнага з іх ёсць сваё войска стукачоў, якое дакладае інфармацыю толькі ім адным. Гэтую аперскую міжусобіцу пераймаюць і самі стукачы. Паміж усімі імі, як і паміж іх аператыўнікамі-уладарамі, адбываецца пастаяннае спаборніцтва і «сяброўскае» супрацьстаянне па зборы звестак па ўсім ПК-17. І робяць яны гэта з азартам, спрабуючы перасягнуць адзін аднаго па колькасці сабранай інфармацыі. Пры гэтым, якасць не ў прыярытэце. Таму яны заўсёды дакучаюць палітзняволеным, робяць ім навыперадкі ўсялякія парушэнні, палітвязні перыядычна едуць у ШІЗА. А стукачоў ніяк не папракнеш, «бо ўсе жадаюць сысці дадому», і няма таго, хто паставіць іх на месца, бо ўсе з іх пад заступніцтвам апероў".
Супрацоўнікі шклоўскай калоніі заўсёды імкнуцца выпісаць парушэнні палітвязням і пазбавіць іх чагосьці, кажы былы зняволены:
"Лепшае апісанне сітуацыі ў ПК-17 — гэта сталае адчуванне і веданне аб непазбежным арышце. Гэта адбываецца ў незалежнасці ад таго, як ты сябе паводзіш. Гэта непазбежна, бо супрацоўнікам не патрэбны законапаслухмяныя «экстрэмісты»".
"Самае горшае і страшнае ШІЗА ў рэспубліцы"
Былы палітвязень адзначае, што ў ШІЗА створаны жудасныя ўмовы ўтрымання. Акрамя гэтага, там вязняў прымушаюць два разы на дзень перад дзвярыма камеры спяваць гімн Рэспублікі Беларусь:
"Калі я толькі прыехаў у ПК-17, мясцовыя «актывісты» і сябры адміністрацыі калоніі распавядалі, што гэта самая лепшая папраўчая ўстанова ў Беларусі па якасці рамонтаў, па працяглых спатканнях, па якасці ежы і г.д, але пры гэтым з ухмылкамі адзначалі, «што тут самае горшае і страшнае ШІЗА ў рэспубліцы».
Не ведаю, як ідуць справы з ШІЗА ў іншых калоніях, аднак доля праўды ў іх пугалках была. Там заўсёды вельмі холадна, немагчыма нармальна спаць, няма ніякага дасуга, акрамя хаджэння туды-сюды, фантазіравання ці маленькіх фізічных практыкаванняў, якія там неабходны для таго, каб хоць ненадоўга адагнаць холад".
Паводле былого палітвязня, штодзённа ў ШІЗА палітычных па надуманных прычынах адпраўляюць у ШІЗА:
"Бачыў добры артыкул, дзе падрабязна апісваюцца большасць момантаў у шклоўскім ШІЗА. Дадам толькі тое, што галоўны страх ў многіх палітычных, калі не ва ўсіх, які звязаны з ШІЗА, — гэта вельмі высокія рызыка не вярнуцца ў жылую зону.
Справа ў тым, што калі ў звычайнай жылой зоне амаль немагчыма супрацьстаяць правакацыям з парушэннямі, то ў ШІЗА — гэта ўвогуле бессэнсоўна. Праз штрафны ізалятар сілавікі не толькі знішчаюць ваша здароўе, але і падаўжаюць тэрмін знаходжання ў няволі праз артыкул 411 КК разам з адпраўленнем вас на «крытку» — на ўзмоцнены турэмны рэжым. Асабліва, калі палітычнаму застаецца ўсяго толькі пару месяцаў, тыдняў, альбо дзён да вызвалення.
Таму мы ў калоніі, у адрозненні ад звычайных асуджаных, чакаем дня вызвалення з моцным страхам і паранояй, а не толькі з захапленнем і радасцю. А міліцыянты проста смяюцца і атрымліваюць велізарную садысцкую асалоду ад падобных катаванняў над намі".
"У калоніі павінна прайсці сур'ёзнае з прыцягненнем да адказнасці ўсіх вінаватых"
Былы палітвязень не быў асабіста знаёмы з Вітольдам і не застаў яго смерць у калоніі. Але пра гэта распавядалі яму іншыя вязні:
"Я чуў амаль тое ж самае, што было апісана ў раней згаданым артыкуле. Акрамя гэтага, я таксама чуў, што на відэа, дзе Вітольд падае і разбівае сабе галаву, быў зусім не Вітольд, а іншы падобны да яго асуджаны.
Справа ў тым, што ў ПК-17 ёсць свая здымачная група: яны здымаюць ролікі для ўнутраных патрэб калоніі (амаль прафесійна, з рэжысёрскай пастаноўкай і іншым), у якіх галоўнымі асобамі часта выступаюць звычайныя асуджаныя. Напрыклад, яны могуць паказаць, як адбываецца працэс вызвалення, як шчаслівы асуджаны выходзіць на волю з жылой зоны, але толькі для відэа, потым яго вяртаюць назад. Таму, я не здзіўлюся, калі інфармацыя аб несапраўдным Вітольдзе апынецца праўдай.
Вітольд у ШІЗА мог таксама адмаўляцца спяваць гімн, за што звычайна палітычных ставяць на расцяжку і збіваюць у месцах, дзе няма камер. Але пакуль гэтыя тэорыі праверыць складана, бо для гэтага ў калоніі павінна прайсці сур'ёзнае следства з вялікай колькасцю падазраваных і з прыцягненнем да адказнасці ўсіх вінаватых у ланцужку гэтага злачынства. І не толькі гэтага”.
"Адзіная і афіцыйная прычына нявыдачы лістоў – «цынічны характар» іх зместу"
Паводле былога вязня, у шклоўскай калоніі палітвязні могуць атрымліваць толькі ад блізкіх сваякоў, якіх яны ўказваюць ў спецыяльнай форме яшчэ на каранціне. Лісты ад іншых людзей там не выдаюць і ніяк пра гэта не апавяшчаюць. Выключэнне — заказныя лісты.
"Раз на месяц асуджаных, у асноўным палітычных, масава выклікаюць у оперчастку для роспісу за заказныя лісты, якія ім прыйшлі. Але іх выдаюць толькі ад блізкіх сваякоў. Астатнія лісты не выдаюць, але просяць распісацца за іх атрыманне. Адзіная і афіцыйная прычына нявыдачы лістоў – «цынічны характар» іх зместу. Прычым яны нават не заўсёды іх ускрываюць, а завочна называюць іх цынічнымі. Гэты прычына выкарыстоўваецца да ўсіх заказных лістоў не ад блізкіх сваякоў".
"Бацюшка царквы ў ПК-17 з'яўляецца былым аператыўнікам гэтай жа калоніі"
Былы вязень адзначае, што асабіста ў калоніі ні з кім не меў зносінаў. Аднойчы бачыў Паўла Севярынца ў праваслаўнай царкве на тэрыторыі калоніі, але не рызыкнуў уступаць у адкрыты дыялог пры камерах і на вачах супрацоўнікаў ПК-17.
"Самае смешнае, што бацюшка гэтай царквы ў ПК-17, які прыязджае на службу кожныя выходныя, з'яўляецца былым аператыўнікам гэтай жа калоніі. Стукачы таксама ахвотна ідуць да яго на «спавяданне». Мабыць, па старой звычцы".
"ПК-17 з'яўляецца адлюстраваннем фантазій Лукашэнкі аб «ідэальнай Белоруссіі»"
Былы вязень, які цалкам адбыў тэрмін па палітычнай справе ў шклоўскай калоніі, разважае пра яе сістэму і рэпрэсіі ў краіне:
"Усё тое, што я апісваў вышэй і прыводзіў ў якасці прыклада. Мне жудасна ўявіць, што мы яшчэ вельмі многае дагэтуль не ведаем. І СІЗА, і калоніі, і ўвогуле ўсё ў сукупнасці аб'ектыўна з'яўляюцца сапраўдным шматбаковым татальным катаваннем, якое ва ўсіх сэнсах таксама закранае і нашых родных, напрыклад, шантаж сваякамі. Гэта ўсё адно велізарнае злачынства супраць чалавечнасці, якое нельга і проста немагчыма забыць ці прабачыць. Ад гэтага ў многіх расце знутры страшэнная злоба і нянавісць, якія непазбежна выбухнуць у бок катаў. Лукашысты пра гэта ведаюць, як ніхто іншыя, і вельмі гэтага баяцца. Яны могуць толькі спрабаваць адтэрмінаваць гэты сцэнар яшчэ большым працягам рэпрэсій і гвалта. Як толькі ўсё гэта спыніцца — ім канец, яны гэта добра разумеюць.
Падсумоўваючы, хачу сказаць, што ПК-17, на маю думку, з'яўляецца выдатным адлюстраваннем фантазій Лукашэнкі аб «ідэальнай Белоруссіі». Тым больш, што ён сам у сваю бытнасць быў супрацоўнікам дадзенай папраўчай установы, таму яна мае для яго сімвалічнае значэнне. Шклоўская калонія — гэта сапраўдная дзяржава ўнутры дзяржавы са сваімі законамі і каштоўнасцямі. І як ва ўсякай дзяржавы, у яе ёсць свае самыя адданыя грамадзяне, прозвішчы якіх я хачу пакінуць тут. Я і многія іншыя бачылі, як усе яны рознымі спосабамі рэпрэсавалі і прычынялі пакуты палітвязням".
Хто датычны да рэпрэсій у калоніі № 17?
Былі зняволены назваў праваабаронцам імёны 19 супрацоўнікаў шклоўскай калоніі, якія датычны да рэпрэсій палітзняволеных. Гэта начальнік калоніі Аляксандр Карніенка, старшы рэжымны аператыўны працаўнік маёрСяргей Карчэўскі, якога называюць датычным да смерці палітзняволенага Вітольда Ашурка.
"Гэта асноўны выканаўца фізічнага гвалту ў дачыненні да звычайных асуджаных і палітвязняў", — кажа пра яго былы вязень.
Намеснік начальніка калоніі па рэжымнай і аператыўнай працы Маскалёў — начальнік Карчэўскага.
“Гэта галоўны прыказчык па фізічным уздзеянні на асуджаных”.
Гэта дзяжурныя памочнікі начальніка калоніі: маёр Сямёнаў, капітанПавал Прохараў (старшы), Прохараў (малодшы), Удадоў, Агееў, Сазонаў. Гэта інспектар-рэжымнік капітан Іван Галанаў, старшы інспектар-рэжымнік капітан Віталь Краўчэнка, аператыўныя супрацоўнікі Ліпскі, Прудкоўскі, Рашчыкаў, Новікаў, Мельнікаў, а таксама зампаліт Шлычкоў і псіхолагі Грушэцкі і Міхееў.
"Мораць голадам і холадам". Новыя сведчанні пра катаванні і акалічнасці смерці Вітольда Ашурка ў ПК-17
Крыніца: "Гэта ўсё адно велізарнае злачынства супраць чалавечнасці", — былы палітвязень шклоўскай калоніі